Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«МЁРТВЫ ЛЁД»,

маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».

т. 10, с. 329

МЁРФІ ((Murphy) Уільям Пары) (6.2.1892, г. Стоўтан, штат Вісконсін, ЗША — 9.10.1987),

амерыканскі тэрапеўт-гематолаг. Скончыў вышэйшую школу ў Арэгоне (1914). З 1922 у шпіталі г. Бостан, адначасова з 1923 у Гарвардскай мед. школе (з 1935 праф.). Навук. працы па лячэнні цукр. дыябету і захворванняў крыві. Распрацаваў дыету з сырой печані для лячэння перніцыёзнай анеміі, методыку лячэння анемій унутрымышачным увядзеннем пячоначнага экстракту. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з Дж.Р.Майнатам і Дж.Х.Уіплам).

У.Мёрфі.

т. 10, с. 329

МЁРЫ,

горад у Віцебскай вобл., гл. Міёры.

т. 10, с. 329

МЁРЫЦА,

рака ў Міёрскім р-не, левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 224 км2. Выцякае з Мёрскага возера каля г. Міёры, цячэ ў межах Браслаўскай грады. Даліна выразная, скрынкападобная, на вял. працягу слабазвілістая, шыр. 200—400 м. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, шыр. 50—100 м. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 5—7 м.

т. 10, с. 329

МЁСБА́ЎЭР ((Mōssbauer) Рудольф Людвіг) (н. 31.1.1929, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Баварскай АН (1967), замежны чл. Нац. АН ЗША (1978), Рас. АН (1982) і інш.

Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1955), у 1964—72 і з 1977 праф. гэтага ун-та. У 1960—64 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1961 праф.). У 1972—77 дырэктар Ін-та Лаўэ—Ланжэвэна ў г. Грэнобль (Францыя). Навук. працы па гама-спектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. і нейтрыннай фізіцы. У 1958 адкрыў з’яву ядз. гама-рэзанансу (гл. Мёсбаўэра эфект). Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1985). Нобелеўская прэмія 1961 (разам з Р.Хофстэдтэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Эффект RK и его значение для точных измерений // Наука и человечество. М., 1962;

Резонансная спектроскопия гамма-излучения: Лекция. М., 1970.

М.М.Касцюковіч.

Р.Мёсбаўэр.

т. 10, с. 329

МЁСБА́ЎЭРА ЭФЕ́КТ,

рэзананснае выпрамяненне і паглынанне гама-квантаў атамнымі ядрамі. Адкрыты ў 1958 Р.Л.Мёсбаўэрам. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўнутраных эл. і магн. палёў у крышталях, ваганняў атамаў крышт. рашоткі, пры правядзенні хім. аналізу і інш. З’яўляецца самым дакладным метадам вымярэння энергіі эл.-магн. выпрамянення, напр., з дапамогай М.э. вызначана гравітацыйнае чырвонае зрушэнне частаты фатонаў, прадказанае адноснасці тэорыяй.

Назіраецца для ядраў з малымі (да 150 кэВ) энергіямі ўзбуджэння, напр., для жалеза-57, волава-119, цынку-67, ірыдыю-191; адпаведныя лініі выпрамянення маюць амаль натуральную шырыню. Пры выпрамяненні (ці паглынанні) гама-кванта свабоднае ядро набывае пэўны імпульс і адпаведную энергію аддачы. Значэнне гэтай энергіі істотна перавышае шырыню лініі выпрамянення, а імавернасць рэзананснага паглынання малая. М.э. узнікае, калі імпульс аддачы перадаецца ўсяму крышталю як цэламу, у выніку чаго энергія на аддачу не выдаткоўваецца і энергетычны спектр выпрамянення (паглынання) мае вузкую лінію, энергія якой роўная энергіі адпаведнага пераходу.

А.Л.Халмецкі.

т. 10, с. 329

МІГА́Й (Сяргей Іванавіч) (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),

расійскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял. т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.

Літ.:

Гусев П.С. И.Мигай. Л., 1975.

т. 10, с. 329

МІ́ГАЛІК ((Mihálik) Войцех) (н. 30.3.1926, Дольна-Стрэда, Славакія),

славацкі паэт, перакладчык. Нар. пісьменнік Славакіі (1978). Скончыў Браціслаўскі ун-т (1949). У зб-ках «Анёлы» (1947), «Узброенае каханне» (1953), «Архімедавы кругі» (1960), паэме «Сэрца, якое спявае» (1952) этычныя і філас.-эстэт. праблемы. Лірызмам вызначаюцца зб-кі «Санеты пра тваю адзіноту» (1966), «Апошняе першае каханне» (1978), паэма «Апасіяната» (1964) і інш. Вядомы як перакладчык з рус., польск., ант. і інш. л-р. На бел. мову яго вершы пераклалі Х.Жычка, П.Макаль, Я.Семяжон.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Татры пяюць. Мн., 1976;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету. Мн., 1977;

У кн.: Славацкая паэзія. Мн., 1990;

Рус. пер. — Круги Архимеда: Избр. М., 1964.

А.У.Вострыкава.

т. 10, с. 329

МІГА́ЛЬНЫ ЭПІТЭ́ЛІЙ, раснічасты эпітэлій,

эпітэліяльная тканка ў жывёл і чалавека, клеткі якой маюць рухомыя раснічкі (дыферэнцыраваныя вырасты пратаплазмы). Высцілае паветраносныя шляхі, канал спіннога і жалудачкі галаўнога мозга, матачныя трубы, ч. мочапалавога тракту і інш. ў большасці шматклетачных жывёл і чалавека. Адна мігальная клетка мае да 500 раснічак, на іх знаходзяцца рэцэптары для гістаміну, глюкакартыкоідаў, цытакінаў і інш., частата калыханняў рэгулюецца адрэнарэцэптарамі і халінарэцэптарамі. Сінхронны рух раснічак утварае на паверхні эпітэліяльнага пласта хвалі і спрыяе перамяшчэнню вадкага асяроддзя са шчыльнымі часцінкамі ў ім (напр., вывядзенне пылавых часцінак з паветраносных шляхоў, перамяшчэнне яйцаклеткі ў некат. аддзелах палавой сістэмы).

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 329

МІГА́ННЕ,

ахоўны рэфлекс, які выклікаецца раздражненнем рагавой або кан’юнктывальнай абалонкі вока. Змыканне вочнай шчыліны да пападання ў вока шкоднага агента — важнае біял. прыстасаванне. Разам з М. вочны яблык абмываецца слёзнай вадкасцю, што спрыяе выдаленню іншародных цел. Адбываецца М. ў выніку скарачэння кругавой мышцы вока, што інервуецца валокнамі нерва твару. Адсутнасць М. бывае пры паралічы нерва твару або пашкоджанні трайчастага нерва, узмацненне, пачашчэнне — пры кан’юнктывітах (часта са слёзацячэннем і светлабояззю).

т. 10, с. 329