Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПІКА... (ад ісп. pico малая велічыня), дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10​−12 зыходнай адзінкі фіз. велічыні. Пазначаецца п. Напр., 1 пм = 10​−12 м, 1 пФ = 10​−12 Ф.

т. 12, с. 352

ПІ́КА (польск. pika ад франц. pique),

дзіда, колючая халодная зброя, якая з часоў старажытнасці была на ўзбраенні пяхоты і кавалерыі; разнавіднасць доўгага кап’я. Складалася з трох- або чатырохграннага стальнога ляза (наканечніка) і дрэўка; даўж. 3,3 м (даўж. наканечніка 12 см) і маса 3—4 кг. У пяхоце выкарыстоўваліся да 2-й пал. 18 ст., у некат. кав. часцях большасці краін — да 1-й сусв. вайны, у шэрагу краін — да 1930-х г. У кавалерыі Чырв. Арміі П. была на ўзбраенні да 1931.

Да арт. Піка: 1 — еўрапейская, каля 1700; 2 — шылападобная чатырохгранная, Швейцарыя або Германія, 15 ст.; 3 — абардажная, Іспанія, 19 ст.

т. 12, с. 352

ПІ́КАВАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

электрычная станцыя, усе агрэгаты якой або частка іх кароткі час працуюць толькі ў перыяд найб. (пікавай) нагрузкі ў энергасістэме. Пікавымі могуць служыць гідраэлектрычныя станцыі з вадасховішчамі, кандэнсацыйныя і газатурбінныя электрастанцыі, гідраакумулюючыя электрастанцыі і прыліўныя электрастанцыі. П.э. выраўноўваюць рэжым работы асн. электрастанцый, паляпшаюць энергазабеспячэнне спажыўцоў.

т. 12, с. 352

«ПІ́КАЛА-ТЭА́ТРА»

(Piccolo teatro),

італьянскі драм. тэатр; першы ў Італіі стацыянарны тэатр. Засн. ў 1947 у Мілане. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Дж.Стрэлер. Дзейнасць вызначаецца праграмным дэмакратызмам у спалучэнні з псіхалагічнай вытанчанасцю, высокай рэжысёрскай і акцёрскай культурай, працягам сцэнічных традыцый Б.​Брэхта. У рэпертуары п’есы М.​Горкага, А.​Чэхава, Брэхта, Мальера, У.​Шэкспіра, К.​Гальдоні, Л.​Пірандэла, Э.​Дэ Філіпа, П.​Марыво.

т. 12, с. 352

ПІКАЛІ́НЫ, монаметылпірыдзіны,

арганічныя гетэрацыклічныя злучэнні; гамолагі пірыдзіну, CH3C5H4N. Вядомыя 2-метыл- (α-П.), 3-метыл (β-П.) і 4-метылпірыдзін (γ-П.).

Бясколерныя вадкасці, tпл 128,8, 144 і 145,4 °C для α-, β-, γ-П. адпаведна. Добра раствараюцца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Хім. ўласцівасцямі падобныя да пірыдзіну. Пры акісленні α-, β- і γ-П. утвараюцца к-ты: пікалінавая, нікацінавая і ізанікацінавая адпаведна. У прам-сці П. вылучаюць з каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць для атрымання лек. прэпаратаў (нікацінавай кіслаты, процітуберкулёзных сродкаў на аснове ізанікацінавай к-ты, напр., ізаніязіду, фтывазіду), пестыцыдаў, як растваральнікі, для дэнатуравання этанолу. Таксічныя: ГДК у паветры 5 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 352

ПІКА́П (ад англ. pick up падымаць),

грузапасажырскі легкавы аўтамабіль з кузавам. Кузаў устаноўлены на шасі стандартнага легкавога аўтамабіля і бывае адкрытым або закрытым, з адкіднымі сядзеннямі і ўваходам ззаду. Грузападымальнасць да 0,5 т.

Пікап ФІАТ-Фіярына-Панарама.

т. 12, с. 353

ПІКА́Р ((Piccard) Агюст) (28.1.1884, г. Базель, Швейцарыя — 25.3.1962),

швейцарскі фізік і канструктар. Скончыў Федэральную політэхн. школу ў Цюрыху, дзе і працаваў (з 1917 праф.). У 1922—39 і 1946—47 праф. Політэхн. ін-та ў Бруселі. На стратастаце ўласнай канструкцыі дасягнуў выш. 16370 м (1932) з мэтай даследавання касм. прамянёў. Сканструяваў і выпрабаваў батыскаф (1948), апусціўся ў ім на глыб. 3160 м (1953).

Тв.:

Рус. пер. — На глубину морей в батискафе. Л., 1961.

Літ.:

Лятиль П. де, Ривуар Ж. С небес в пучины моря: Пер. с фр. Л., 1967.

т. 12, с. 353

ПІКА́Р ((Picard) Жан) (21.7.1620, г. Ла-Флеш, Францыя — 12 ліп., паводле інш. звестак 12.10.1682),

французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1666). З 1655 праф. Калеж дэ Франс. Упершыню выканаў дакладнае градуснае вымярэнне дугі мерыдыяна паміж Парыжам і Ам’енам метадам трыянгуляцыі, выкарыстаўшы вугламерныя прылады з падзорнымі трубамі (1669—70). Даныя П. аб памерах Зямлі выкарыстаў І.​Ньютан для пацвярджэння закону сусветнага прыцягнення і ўдакладнення формы Зямлі. Разам з Дж.Д.Касіні даў першае дакладнае вызначэнне паралакса Сонца. Заснаваў выданне першага астр. штогодніка (1679).

т. 12, с. 353

ПІКА́РДА ((Picarda) Гай дэ) (псеўд. Піхура Г.; Pichura H.; н. 20.7.1931, Лондан),

англа-французскі даследчык бел. культуры. Скончыў Оксфардскі ун-т (1955), ун-т у Сарбоне (1959). Вывучае творчасць бел. кампазітараў М.​Равенскага, М.​Куліковіча (М.​Шчаглова), жыццё і дзейнасць Ф.​Скарыны, распрацоўвае гісторыю перакладаў Бібліі на бел. мову, праблематыку гісторыі ВКЛ. Займаецца пошукам стараж. бел. царк. спеваў і іх выданнем. У 1959 адшукаў у Кіеве Супрасльскі і Жыровіцкі ірмалоі — рукапісныя муз. зб-кі 16 ст. рэліг. зместу. Выдаў «Беларускі царкоўны спеўнік. Св. Літургія» (кн. 1—2, 1979—91), «Беларускі духоўны спеўнік» (Вільня, Лондан, 1989), склаў даведнік пра Бел. б-ку імя Ф.​Скарыны ў Лондане (1971), анталогію бел. шматгалосых песнапенняў «Залатая Беларусь» (1998). Чл. Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (Мінск), кіруючай рады Бел. б-кі і музея імя Ф.​Скарыны, Англа-бел. навук. т-ва (Лондан).

Тв.:

Бел. пер. — Старонкі гісторыі беларускай царкоўнай музыкі // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1992. Кн. 2.

Літ.:

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

Л.​У.​Языковіч.

т. 12, с. 353

ПІКАРДЫ́Я (Picardie),

гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст. н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.

т. 12, с. 353