Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАТО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (24.6.1881, г. Ганчэшты, Малдова — 6.8.1925),

савецкі военачальнік. Скончыў с.-г. вучылішча (1900). У 1905 дэзерціраваў з рас. арміі і ўзначальваў узбр. сял. атрады ў Бесарабіі ў 1905—07 і 1915—16, прытрымліваўся тактыкі гайдукоў. Неаднаразова быў арыштаваны рас. ўладамі, у 1916 прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на пажыццёвую катаргу). У маі 1917 вызвалены і накіраваны на Рум. фронт. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Бесарабіі. У студз.сак. 1918 на чале партыз. атрада ваяваў з рум., аўстр. і герм. акупац. войскамі ў Бесарабіі. У крас. 1918—сак. 1919 кіраваў ваен.-дыверсійнай дзейнасцю сав. падполля ў Адэсе, у крас. 1919 на чале сфарміраванага ім партыз. атрада ўдзельнічаў у заняцці горада Чырв. Арміяй. З ліп. 1919 камандзір стралк. і кав. брыгад, кав. дывізіі, удзельнік баёў за Петраград і на Пд Украіны, сав.-польск. вайны 1920, ліквідацыі Антонава паўстання і руху Н.І.Махно. З 1922 камандзір 2-га кав. корпуса ў Малдове. Чл. ЦВК СССР, Украіны і Малд. АССР. Узнаг. 3 ордэнамі Чырв. Сцяга. Забіты каля Адэсы. У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі імя К. насілі 161-я партыз. брыгада і больш за 20 партыз. атрадаў.

т. 8, с. 178

КАТРА́Н (Crambe) крамбе, род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Трапляюцца ў стэпах, паўпустынях, на сухіх горных схілах. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 6 відаў: кактэбельскі (C. koktebelica), Коча (C. kotschyana), прутападобны (C. juncea), прыморскі, або марская капуста (C. maritima), татарскі (C. tatarica), сэрцалісты (C. cordifolia).

Адна- ці шматгадовыя травы з развітым сцяблом, апушаным або голым. Лісце буйное, цэльнае, перыста-раздзельнае або выемчата-лопасцевае. Кветкі белыя. Плод — двухчленны струк. Некат. віды К. выкарыстоўваюцца як харч., маслічныя, крухмаланосныя, меданосныя і кармавыя расліны.

У.П.Пярэднеў.

Катран.

т. 8, с. 178

КАТРА́НАВЫЯ (Squalidae),

сям. храстковых рыб атр. катранападобных. 9 родаў, 20 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Трапляюцца да глыбіні каля 3000 м. Найб. шматлікі з К. — катран (Squalus acanthias), пашыраны ў Баранцавым, Белым і Чорным м. і ў морах Д. Усходу.

Даўж. да 2 м, маса да 14 кг. Маюць вострыя калючыя шыпы перад 1-м і 2-м спіннымі плаўнікамі. Кормяцца рыбай, ракападобнымі, галаваногімі малюскамі, доннымі беспазваночнымі. Яйцажывародныя, выношваюць да 20 яец (катран — 13—15 яец, на працягу 22 мес; даўж. нованароджаных акулят да 26 см). Аб’екты промыслу. Гл. таксама Акулы.

Да арт. Катранавыя. Катран.

т. 8, с. 178

КАТРЫ́НКА, шарманка,

механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст. ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.

Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.

Катрынка.

т. 8, с. 178

КАТРЭ́ (Cauterets),

бальнеалагічны курорт у Францыі, на ПдЗ ад г. Лурд, у Цэнтр. Пірэнеях, каля граніцы з Іспаніяй. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. Папулярнасць пачаў набываць пасля наведвання яго ў 1540-я г. дваром каралевы і пісьменніцы Маргарыты Наварскай. У наш час найб. значны бальнеалагічны курорт Францыі. Асн. лек. фактары — горны клімат і крыніцы тэрмальных (52 °C) мінер. вод (найбуйнейшых у свеце па дэбіту серных вод). Самы вялікі цэнтр зімовага спорту і турызму ў Пірэнеях.

т. 8, с. 178

КАТРЭ́Н (франц. quatrain ад quatre чатыры) у вершаскладанні тое, што чатырохрадкоўе.

т. 8, с. 178

КАТУ́Й,

рака ў Краснаярскім краі Расіі, правая складаючая р. Хатанга. Даўж. 1409 км, пл. бас. 176 тыс. км². Бярэ пачатак на плато Путарана, цячэ на ПдУ па Сярэднесібірскім пласкагор’і, праходзіць цераз азёры Харпіча і Дзюпкун. Пасля ўпадзення справа р. Ваяволіхан паварочвае на ПнУ; нізоўі на Паўн.-Сібірскай нізіне. Парожыстая. Гал. прытокі: Маера, Катуйкан, Эрыечка (справа), Чангада, Тукалан (злева). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца вер. — 1-й пал. кастр. да канца мая—чэрвеня.

т. 8, с. 178

КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),

рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.Караткевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Галасы маіх сяброў. Мн., 1993;

Рус. пер. — Книга стихотворений. М., 1986;

У кн.: Валерий Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Шталь И.В. Поэзия Гая Валерия Катулла. М., 1977;

Пронин В. Катулл. М., 1993.

С.Дз.Малюковіч.

т. 8, с. 179

КАТУ́ЛЬСКАЯ (Алена Кліменцьеўна) (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),

расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял. т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 179

КАТУ́НІН (Ілья Барысавіч) (17.11.1908, г. Гомель — 23.4.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У 1926—32 слесар станка-буд. з-да «Пралетарый» у Гомелі. Скончыў Ейскую школу марскіх лётчыкаў (1934). У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўн. флоце. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан К. вызначыўся 23.4.1944; на падыходзе да цэлі яго самалёт быў падбіты агнём зенітнай артылерыі праціўніка, палаючай машынай К. тараніў транспарт ворага водазмяшчэннем 5 тыс. т і патапіў яго. Імем К. названы пасёлак у Архангельскай вобл. Бюсты К. ўстаноўлены на тэр. музея авіяцыі Паўн. флоту і ў пас. Катуніна, у Гомелі мемар. дошка.

І.Б.Катунін.

т. 8, с. 179