КАТРА́Н (Crambe) крамбе, род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Трапляюцца ў стэпах, паўпустынях, на сухіх горных схілах. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 6 відаў: кактэбельскі (C. koktebelica), Коча (C. kotschyana), прутападобны (C. juncea), прыморскі, або марская капуста (C. maritima), татарскі (C. tatarica), сэрцалісты (C. cordifolia).

Адна- ці шматгадовыя травы з развітым сцяблом, апушаным або голым. Лісце буйное, цэльнае, перыста-раздзельнае або выемчата-лопасцевае. Кветкі белыя. Плод — двухчленны струк. Некат. віды К. выкарыстоўваюцца як харч., маслічныя, крухмаланосныя, меданосныя і кармавыя расліны.

У.П.Пярэднеў.

Катран.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)