КАТО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (24.6.1881, г. Ганчэшты, Малдова — 6.8.1925),
савецкі военачальнік. Скончыў с.-г. вучылішча (1900). У 1905 дэзерціраваў з рас. арміі і ўзначальваў узбр. сял. атрады ў Бесарабіі ў 1905—07 і 1915—16, прытрымліваўся тактыкі гайдукоў. Неаднаразова быў арыштаваны рас. ўладамі, у 1916 прыгавораны да пакарання смерцю (заменена на пажыццёвую катаргу). У маі 1917 вызвалены і накіраваны на Рум. фронт. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Бесарабіі. У студз.—сак. 1918 на чале партыз. атрада ваяваў з рум., аўстр. і герм. акупац. войскамі ў Бесарабіі. У крас. 1918—сак. 1919 кіраваў ваен.-дыверсійнай дзейнасцю сав. падполля ў Адэсе, у крас. 1919 на чале сфарміраванага ім партыз. атрада ўдзельнічаў у заняцці горада Чырв. Арміяй. З ліп. 1919 камандзір стралк. і кав. брыгад, кав. дывізіі, удзельнік баёў за Петраград і на Пд Украіны, сав.-польск. вайны 1920, ліквідацыі Антонава паўстання i руху Н.І.Махно. З 1922 камандзір 2-га кав. корпуса ў Малдове. Чл. ЦВК СССР, Украіны і Малд. АССР. Узнаг. 3 ордэнамі Чырв. Сцяга. Забіты каля Адэсы. У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі імя К. насілі 161-я партыз. брыгада і больш за 20 партыз. атрадаў.
т. 8, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)