Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВЕ́РДЗЕЛ,

рэзальны інструмент для свідравання адтулін у метале, дрэве, пластмас і інш. матэрыялах. С. замацоўваюць у свідравальных станках, дрылях, калаўротах і інш.

Адрозніваюць С.: вінтавыя (спіральныя), з накіравальным цэнтрам (цэнтровачныя) і бясцэнтравыя, адно- і двухбаковага рэзання, для атрымання глыбокіх і малых адтулін. У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць таксама лыжкавыя, смоўжападобныя (для расшырэння адтулін), вітыя і шнэкавыя (для свідравання глыбокіх і чыстых адтулін), коркавыя (для высвідроўвання шыпавых гнёздаў), зянковачныя (для выбаркі канічных упадзін; гл. Зянкоўка), універсальныя. Рэзальную частку С. робяць з легіраванай сталі, аснашчаюць пласцінкамі і каронкамі з цвёрдых сплаваў або кампазіцыйных матэрыялаў.

Свердзел: а — будова спіральнага свердла; б — найбольш пашыраныя віды свердлаў (1 — вінтавы з канічнай заточкай, 2 — лыжачны, 3 — цэнтравы, 4 — завіткападобны, 5 — вінтападобны віты, 6 — вінтападобны шнэкавы, 7 — коркавы, 8 — універсальны рассоўны).

т. 14, с. 250

СВЕ́РДРУПА АСТРАВЫ́ (Sverdrup lslands),

група астравоў на Пн Канадскага Арктычнага архіпелага, у групе а-воў Каралевы Елізаветы. Найб. а-вы: Аксель-Хейберг (пл. 40,7 тыс. км²), Элеф-Рынгнес (10,8 тыс. км²), Амунд-Рынгнес (6,1 тыс. км²). Агульная пл. каля 75 тыс. км². В-аў Аксель-Хейберг гарысты (выш. да 2140 м), укрыты ледавікамі; астатнія — раўнінныя або ўзгорыстыя. На в-ве Элеф-Рынгнес — метэастанцыя Ісаксен, аэрапорт. Названы ў гонар нарв. палярнага даследчыка О.​Свердрупа, які адкрыў шэраг астравоў у 1898—1902.

т. 14, с. 250

СВЕ́РДЭЛЬ (Леанід Ісакавіч) (н. 14.8.1933, г. Крывы Рог Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. кампазітар. Скончыў Крыварожскі горна-рудны ін-т (1956), Бел. кансерваторыю (1968, кл. А.​Багатырова). Працаваў у Крыварожскім НДІ мех. апрацоўкі чорных металаў. З 1963 канцэртмайстар Мінскага пед. ін-та і дзіцячага хору Бел. тэлебачання і радыё. З 1968 выкладчык Маладзечанскага муз. вучылішча, з 1974 — Рэсп. школы-інтэрната па музыцы і выяўл. мастацтве. Аўтар музыкі для дзяцей і юнацтва, якая вызначаецца меладызмам і прастатой апрацовак бел. нар. песень для дзіцячага, мяшанага і жаночага хароў. Сярод твораў: сімфонія, кантаты «Размова з сынам» (абедзве 1968), «Рознакаляровая зямля» (1975), араторыя «Дзень добры, родны край» (1983), сюіта для дзіцячага хору і нар. арк. «Беларускія карцінкі» (1981), харавы цыкл «У заапарку» (1979—87), вак.-харэагр. кампазіцыя «Нам хораша жыць» (1983); балады для хору і сімф. арк. «Лаўскі бой» (1982) і «Песня лясных волатаў» (1987) і інш.; музыка для спектакляў. З 1990 жыве за МЯЖОЙ.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 251

СВЕ́РЖАНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да кастр. 1942 у в. Свержань Журавіцкага (цяпер Рагачоўскага) р-на Гомельскай вобл. (кіраўнік Т.​Ф.​Карніенка). Падпольшчыкі збіралі зброю, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, зрывалі ням. фашыстам вываз насельніцтва, хлеба, жывёлы ў Германію, праводзілі дыверсіі, дапамагалі стварэнню падп. груп у суседніх вёсках. Падполле падрыхтавала базу для разгортвання партыз. руху ў раёне і ў кастр. 1942 улілося ў 10-ю Журавіцкую партыз. брыгаду.

т. 14, с. 251

СВЕ́РЖАНСКАЯ ФАЯ́НСАВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1742—60 у мяст. Новы Свержань Навагрудскага пав. (цяпер вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.). Заснаваў уладальнік мястэчка кн. М.​Радзівіл. Працавала больш за 50 чал. Выраблялі пераважна сталовы і аптэчны посуд, а таксама дэкар. куфэркі, шкатулкі, літургічны посуд, фігуры святых да алтароў, бюсты стараж. філосафаў для інтэр’ера б-кі Радзівілаў у Нясвіжскім замку, фаянсавыя белыя і зялёныя пячныя пліткі і інш. Традыцыі зах.-еўрап. (саксонскага) фаянсу набылі тут характэрную мясц. інтэрпрэтацыю; у вырабах адчуваецца ўплыў позняга барока. Узораў С.ф.м. захавалася мала.

Я.​М.​Сахута.

Талерка, зробленая на Свержанскай фаянсавай мануфактуры.

т. 14, с. 251

СВЕ́РЖАНЬ,

назва в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. ў 16—18 ст.

т. 14, с. 251

СВЕ́РЗНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 23 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,38 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 10,1 м, даўж. берагавой лініі 4,5 км. Пл. вадазбору 10 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—9 м, спадзістыя, на Пд і ПдУ выш. 10—12 м, стромкія, пясчаныя, параслі лесам. На Пн і ПнЗ пойма тарфяністая, укрыта хмызняком і лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на ПдУ зліваюцца са схіламі. 4 залівы. Дно да глыб. 2—3,5 м пясчанае, ніжэй — сапрапелістае. Зарастае. Пратока ў р. Ушача.

т. 14, с. 251

СВЕ́РЦЫЯ (Swertia),

род кветкавых раслін сям. гарычкавых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ў гарах Еўропы, Азіі, Усх. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. Растуць на вільготных або замшэлых альпійскіх лугавінах, па берагах ручаёў. На Беларусі 1 від — С. шматгадовая (S. perennis), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў забалочаных драбналістых лясах, хмызняках, на тарфяных балотах.

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з прамастойнымі, простымі або слабагалінастымі сцёбламі. Лісце ў прыкаранёвай разетцы суцэльнае, эліптычнае, сцябловае — супраціўнае або чаргаванае. Кветкі правільныя, сінія, брудна-фіялетавыя, часам жаўтаватыя, з цёмнымі плямамі, сабраныя ў гронкападобнае або мяцёлчатае суквецце. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сверцыя: 1 — грузінская; 2 — шматгадовая.

т. 14, с. 251

«СВЕТ», «Сьвет»,

газета Беларускага рабоча-сял. пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася з 22.6 да 29.7.1929 у Вільні на бел. мове штотыднёва. Асвятляла розныя бакі жыцця насельніцтва Зах. Беларусі. Друкавала матэрыялы пра эканам. і паліт. ўціск, звязаны з пачаткам сусв. эканам. крызісу і пашырэннем у Еўропе, у т. л. і ў Польшчы, нацыянал-сацыялізму. Паведамляла пра беспрацоўе, масавыя паліт. кампаніі да Дня барацьбы за мір (1 жніўня), дзейнасць гурткоў ТБШ, кааператываў, прафсаюзаў, разгромленую ўладамі Грамаду, фашызацыю грамадства, пагрозу вайны. Выйшла 8 нумароў, 6, 7, 8-ы нумары канфіскаваны. Закрыта ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 14, с. 251

СВЕТАПО́ГЛЯД,

сістэма абагульненых поглядаў на прыродны і сацыяльны свет, на месца ў ім чалавека і яго адносіны да асяроддзя, да самога сябе і інш. людзей, а таксама асн. жыццёвыя пазіцыі, каштоўнасныя арыентацыі, перакананні і ідэалы, абумоўленыя гэтымі поглядамі. Носьбітамі С. з’яўляюцца асобы і сац. супольнасці. Інфармацыйны бок С. складаюць веды пра свет і чалавека. Перакананні з’яўляюцца стрыжнем С. і сведчаць пра сталасць С. асобы ці сац. супольнасці. У структуру С. ўваходзяць таксама ідэалы, якія выяўляюць вызначальныя мэты, накіраваныя ў будучыню. Ад характару С. залежыць арыентацыя чалавека ў розных сферах жыццядзейнасці: сац.-паліт., прававой, маральнай, рэліг., філас., навукова-тэарэтычнай. Змест С. залежыць ад таго, якой сферы дзейнасці чалавек аддае перавагу. Паводле зместу і грамадскай значнасці адрозніваюць паслядоўна-навук. і ненавук., атэістычны і рэліг., прагрэсіўны і рэакцыйны С., якія па-рознаму ўздзейнічаюць на нормы паводзін, адносіны чалавека да працы, да інш. людзей, побыт, густы, інтарэсы. Сярод тыпаў С. вылучаюць данавуковы (звычайны), які фарміруецца з дзяцінства ў працэсе набыцця жыццёвага вопыту пад уздзеяннем непасрэдных умоў жыцця і функцыянуе ў форме стыхійных, тэарэтычна -не аформленых традыц. уяўленняў пра свет, і агульнакультурны, які ўключае міфалагічны, рэліг., філас., навукова-тэарэт. С., што дамінуюць на пэўных гіст. этапах. Міфалагічны С. характарызуецца антрапамарфізмам, ачалавечваннем навакольнага асяроддзя, адушаўленнем сіл прыроды і выяўляецца ў паданнях пра багоў і герояў, злых духаў і інш., а таксама ў міфічных абрадах (гл. Міфалогія). Рэлігійны С. звязаны з верай у звышнатуральны сусв. пачатак (гл. Рэлігія). С. новага і навейшага часоў характарызуецца спалучэннем рэліг., філас. і навукова-тэарэт. тыпаў. Філасофскі С. тэарэтычна абагульняе духоўны і практычны вопыт у форме агульных паняццяў — катэгорый і стварае катэгарыяльныя мадэлі свету. Тэарэт. аснова С. — філасофія. Яна абагульняе дасягненні навук аб прыродзе і грамадстве, садзейнічае пераадоленню фрагментарнасці ведаў і дасягненню цэласных уяўленняў аб свеце. Цэнтр. праблема С. — суадносіны свету і чалавека — разглядаюцца як пытанне суадносін матэрыі і свядомасці. Навукова-тэарэтычны С. узаемадзейнічае з філас. С., абагульняе прыродазнаўчыя, тэхн., сац.-эканам. і культ.-гіст. веды і стварае адзіную навук. карціну свету.

Літ.:

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Философия и мировоззрение. М., 1988;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Спиркин А.Г. Философия. М., 1998;

Степин В.С. Теоретическое знание. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 252