СВЕ́РДЗЕЛ,

рэзальны інструмент для свідравання адтулін у метале, дрэве, пластмас і інш. матэрыялах. С. замацоўваюць у свідравальных станках, дрылях, калаўротах і інш.

Адрозніваюць С.: вінтавыя (спіральныя), з накіравальным цэнтрам (цэнтровачныя) і бясцэнтравыя, адно- і двухбаковага рэзання, для атрымання глыбокіх і малых адтулін. У дрэваапрацоўцы выкарыстоўваюць таксама лыжкавыя, смоўжападобныя (для расшырэння адтулін), вітыя і шнэкавыя (для свідравання глыбокіх і чыстых адтулін), коркавыя (для высвідроўвання шыпавых гнёздаў), зянковачныя (для выбаркі канічных упадзін; гл. Зянкоўка), універсальныя. Рэзальную частку С. робяць з легіраванай сталі, аснашчаюць пласцінкамі і каронкамі з цвёрдых сплаваў або кампазіцыйных матэрыялаў.

Свердзел: а — будова спіральнага свердла; б — найбольш пашыраныя віды свердлаў (1 — вінтавы з канічнай заточкай, 2 — лыжачны, 3 — цэнтравы, 4 — завіткападобны, 5 — вінтападобны віты, 6 — вінтападобны шнэкавы, 7 — коркавы, 8 — універсальны рассоўны).

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)