Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАВА́ЛЬНАЕ ЗАПАЛЕ́ННЕ ЛЁГКІХ буйной рагатай жывёлы, перыпнеўманія ці плеўрапнеўманія буйной рагатай жывёлы,

высоказаразная інфекц. хвароба, якая выклікаецца грыбападобнай мікаплазмай. Пашкоджвае пераважна лёгкія (крупознае запаленне з захопам міждолькавай злучальнай тканкі і сасудаў, некрозам асобных участкаў) і плеўру (серозна-фіброзны плеўрыт). Найб. пашырана ў Афрыцы, адзначаецца ў Еўропе, Азіі, Аўстраліі. Каранцінная хвароба.

Узбуджальнік выдзяляецца з макротай, выцяканнямі з носа, малаком, мачой хворых жывёл. Заражэнне адбываецца праз бронхі паветрана-кропельным шляхам. Цячэнне звышвострае, вострае, падвострае ці хранічнае, часам абартыўнае (кароткачасовае, з няпоўным развіццём хваробы). Назіраюцца ліхаманка з высокай т-рай, прыгнечанасць, парушэнні дыхання, кашаль, балючасць у вобласці міжрэберных прамежкаў і пазваночніка, выцяканні з носа, расстройствы стрававальнага тракту, бледнасць слізістых абалонак, ацёкі канечнасцей і ніжняга боку цела і інш. Звычайна жывёлы гінуць.

т. 11, с. 463

ПАВАРО́ЦІ ((Pavarotti) Лучана) (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),

італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.Полы і Э.Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т.л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).

Л.Павароці.

т. 11, с. 463

ПАВЕ́ЗЕ ((Pavese) Чэзарэ) (9.9.1908, Санта-Стэфана-Бельба, Італія —27.8.1950),

італьянскі пісьменнік. Скончыў Турынскі ун-т (1930). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. У ранніх творах (зб. вершаў «Рабочая стомленасць», 1936; аповесць «Твой родны край», 1941) матывы непрыняцця тагачаснай рэчаіснасці і трагічнага адчужэння. Спавядальны і драм. раман «Месяц і кастры» (1950) пра вяртанне ў свет дзяцінства, паэт. зб. «У смерці твае вочы» (апубл. 1951) — сведчанне душэўнага крызісу, які прывёў да самазабойства. Аўтар антыфаш. рамана «Таварыш» (1947), зб-каў аповесцей «Перш, чым заспявае певень» і «Цудоўнае лета» (абодва 1949), дзённіка «Рамяство жыць» (апубл. 1952), «Пісьмаў» (т. 1—2, выд. 1966), лірычна-філас. эсэ, навел. Творчасць П. блізкая да неарэалізму. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў А.Шаўня.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.;

Золата Фарчэлы: Сучасныя італ. апавяданні. Мн., 1968;

Рус. пер. — Прекрасное лето. Дьявол на холмах. Луна и костры. Товарищ. М., 1982.

Літ.:

Чезаре Павезе: Биобиблиогр. указ. М. 1975.

С.В.Логіш.

т. 11, с. 463

ПАВЕЛІЧЭ́ННЕ АПТЫ́ЧНАЕ,

адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.

Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл. Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).

Да арт. Павелічэнне аптычнае: суадносіны Г1 = l/l — лінейнае павелічэнне; Г2 =tgα′/tgα — вуглавое; Г3 = x/x — падоўжнае.

т. 11, с. 464

ПА́ВЕЛ ДЫЯ́КАН (Paulus Diaconus; каля 720—13.4.799),

гісторык лангабардаў. У маладосці — на службе ў каралёў Лангабардскага каралеўства (існавала з 2-й пал. 6 ст. на тэр. Італіі), пасля яго заваявання Карлам Вялікім (774) манах манастыра Монтэ-Касіна (Італія), дзе пісаў свае гіст. працы. У 782—786 пры двары Карла Вялікага, чл. яго «Акадэміі». Гал. яго твор — «Гісторыя лангабардаў» (у 6 кнігах) — асн. крыніца па іх гісторыі з найстараж. часоў да 744. Аўтар «Гісторыі епіскапства Меца», «Рымскай гісторыі» і інш. твораў, у т.л. вершаваных і эпісталярных.

т. 11, с. 463

ПА́ВЕЛ З ВІ́ЗНЫ,

дзеяч Рэфармацыі ў ВКЛ 2-й пал. 16 ст. Быў віленскім суперінтэндантам, «міністрам». Як ідэолаг антыпрыгонніцкай партыі бел. і літоўскіх антытрынітарыяў выступіў на сінодзе ў Іўі (1568) супраць феад. эксплуатацыі, прыгоннай залежнасці сялян, іх цяжкай працы на паноў. Асуджаў існуючую сац. несправядлівасць. Як сведчыць пратакол сінода, П. з В. сцвярджаў: «Я так разумею і так веру, што сапраўднаму хрысціяніну нельга мець падданых, а тым больш нявольнікаў і нявольніц, бо гэта паганства панаваць над сваім братам, карыстацца з яго поту і крыві. Святое пісанне ясна сведчыць, што Бог стварыў род чалавечы з адной крыві, таму ўсе мы родныя, усе браты».

Літ.:

Из истории философской и обшественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — нач. XX в. Мн., 1962;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в). Мн., 1970.

т. 11, с. 464

ПА́ВЕЛ РУСІ́Н З КРО́СНА (1470 ?, г. Кросна, Польшча — 1517),

паэт-лацініст. Гуманіст. Вучыўся ў Кракаўскім і Грэйфсвальдскім (Памеранія) ун-тах. У 1499 атрымаў ступень бакалаўра, у 1506 магістра вольных мастацтваў. У 1506—16 праф. Кракаўскага ун-та. Аўтар зборніка паэт. твораў (1509). Выдаў творы стараж.-рым. пісьменнікаў Персія Флака (1508), Сенекі (1513) са сваімі вершаванымі і празаічнымі прадмовамі. Сярод яго вучняў паэт Я.Вісліцкі, якому ён прысвяціў хвалебную элегію.

Літ.:

Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.

т. 11, с. 464

ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),

расійскі імператар [1796—1801], 3 дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл. Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл. Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.

Літ.:

Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;

Песков А.М. Павел I. М., 1999;

Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.

Павел I.

т. 11, с. 463

ПА́ВЕЛ I (Paulos; 14.12.1901, Афіны — 6.3.1964),

кароль Грэцыі [1947—64], З дынастыі Глюксбургаў. Сын караля Канстанціна I [1913—17, 1920—22) Служыў у ВМФ, удзельнік грэка-турэцкай вайны 1919—22. У сувязі з перамогай рэспубліканцаў у снеж. 1923 эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Пасля рэстаўрацыі манархіі вярнуўся (ліст. 1935) у Грэцыю ў якасці наследніка прастола. У 1941 у сувязі з уварваннем у Грэцыю ням.-фаш. войск эмігрыраваў у Егіпет, потым у Вялікабрытанію. Вярнуўся ў Грэцыю ў 1946. Пасля смерці брата — караля Георга II [1935—41, 1946—47] — абвешчаны каралём.

т. 11, с. 463

ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],

папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам. дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б. інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.

т. 11, с. 463