Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),

становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 8, с. 443

КРА́ЙНЯЯ ПО́ЎНАЧ,

частка тэр. ў Рас. Федэрацыі, размешчаная пераважна на Пн ад Палярнага круга (66°33 паўн. ш.). Уключае арктычную ледзяную зону, тундру, лесатундру і частку тайгі. Характарызуецца вельмі суровымі кліматычнымі ўмовамі і адносна слабай заселенасцю. Карэннае насельніцтва складаюць т.зв. малыя народы Поўначы. У адм. адносінах да раёнаў К.П. адносяць: Якуцію, Магаданскую, Камчацкую, Мурманскую (за выключэннем г. Кандалакша з прылеглай тэрыторыяй) вобласці, асобныя раёны і гарады Рэсп. Комі, Архангельскай, Цюменскай, Іркуцкай і Сахалінскай абласцей, Краснаярскага і Хабараўскага краёў, а таксама астравы Паўн. Ледавітага ак. і яго мораў; астравы Берынгава і Ахоцкага м. Шэраг мясцовасцей у Бураціі, Томскай, Чыцінскай і Амурскай абласцях, Прыморскім краі, якія знаходзяцца ў суровых кліматычных умовах, прыраўнаваны да раёнаў К.П.

т. 8, с. 443

КРАЙСК,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Даўгінава—Мал. Нястанавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 40 км ад чыг. ст. Вілейка. 412 ж., 132 двары (1998).

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1523, уласнасць дзяцей Ю.Зяновіча, з 1590 — Я.Насілоўскай, Я.Осціка, пазней Пташынскіх, Каменскіх, Тышкевічаў. У 1593 у К. 1 вуліца, сядзіба, млын, царква. З 27.9.1630 мястэчка. З пач. 18 ст. тут існаваў манастыр. Да 1793 К. у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1866 цэнтр воласці, 180 ж., 33 двары, мураваная царква, сінагога, вадзяны млын. Да 1921 у складзе Вілейскага пав., потым вёска ў Барысаўскім пав., з 1924 цэнтр сельсавета Плешчаніцкага, з 1962 — Лагойскага р-наў. У Вял. Айч. вайну ў 1944 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску, загубілі 112 ж. У 1972—250 ж., 83 двары.

Лясніцтва, смаляны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Царква.

Ю.М.Бохан.

т. 8, с. 443

КРА́ЙСКІ ((Kreisky) Бруна) (22.1.1911, Вена — 29.7.1990),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Д-р права. Скончыў Венскі ун-т. Член, з 1959 нам. старшыні, з 1967 старшыня, у 1983—87 ганаровы старшыня Сацыяліст. партыі Аўстрыі. За ўдзел у с.-д. руху ў 1935—37 і сак.жн. 1938 зняволены. У час аншлюсу Аўстрыі (1938—45) у эміграцыі ў Швецыі. З 1945 на дыпламат. службе, у т. л. сакратар аўстр. пасольства ў Стакгольме (1946—51), дзярж. сакратар (1953—59) і міністр замежных спраў Аўстрыі (1959—66). У 19.56—83 дэп. Нац. савета (парламента). У 1970—83 федэральны канцлер Аўстрыі. Праводзіў курс на захаванне нейтралітэту краіны, выступаў за вырашэнне Блізкаўсходняга канфлікту (урад К. ў 1980 першым на Захадзе прызнаў Арганізацыю вызвалення Палесціны) і інш. Аўтар прац «Аспекты дэмакратычнага сацыялізму» (1974), «Час, у які мы жывём» (1978), «Блізкаўсходняя праблема. Прамовы, інтэрв’ю, каментарыі» (1985), «У струмені палітыкі. Вопыт еўрапейца» (1988) і інш.

Б.Крайскі.

т. 8, с. 444

«КРА́ЙСЛЕР («Chrysler»),

аўтамабільная кампанія ЗША. Засн. ў 1925. Займае 3-е месца (пасля «Джэнерал Мотарс» і «Форд мотар») па выпуску аўтамабіляў і запчастак. Аб’ём продажу 61,4 млрд. дол. (1996).

т. 8, с. 444

«КРА́ЙСЛЕР»

(«Chrysler»),

сям’я легкавых аўтамабіляў, пікапаў малой грузападымальнасці і грузапасажырскіх фургонаў аднайменнага канцэрна (ЗША). Выпускаюцца з 1925. Магутнасць рухавіка да 160 кВт, найб. скорасць да 268 км/гадз.

Да арт. «Крайслер». «Крайслер-Себрынг».

т. 8, с. 444

КРА́ЙСТЧЭРЧ (Christchurch),

горад у Новай Зеландыі, на Паўднёвым в-ве, паблізу ад узбярэжжа Ціхага ак. Засн. ў 1850. 314 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт К. — Літэлтан. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: трансп. машынабудаванне, хім., шарсцяная, харч., у т. л. мясахоладабойная, плодакансервавая. Цэнтр буйнога с.-г. раёна. Ун-т. Геафіз. і астр. абсерваторыі. Штогод у К. адбываецца с.-г. кірмаш.

т. 8, с. 444

КРА́ЙЧЫ,

пасада ў ВКЛ і Польшчы. Да 13 ст. прыдворны, які пасля падрыхтоўкі стала стольнікам наразаў стравы для свайго пана. У ВКЛ вядомы з 15 ст. У Рэчы Паспалітай ВКЛ і Польшча мелі асобных вялікіх К. У паветах былі пасады К. земскіх. У 16 ст. К. — ганаровае званне (тытул) без пэўных абавязкаў.

т. 8, с. 444

КРАЙШЧА́НКА,

рака ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 58 км². Пачынаецца на ПдЗ ад в. Ціхонавічы. Цячэ па паўн. схілах Мінскага ўзв. Каналізавана на працягу каля 2 км. На рацэ створана сажалка.

т. 8, с. 444

КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),

польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер ​2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес. муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.Шапэн, К.Шыманоўскі, К.Пендарэцкі (Польшча), М.Глінка, Б.Асаф’еў (Расія), Г.Вагнер (Беларусь).

Л.К.Алексютовіч, І.Дз.Назіна.

т. 8, с. 444