КРАКАВЯ́К (польск. krakowiak),
польскі нар. танец. Узнік у Кракаўскім ваяв. (адсюль назва). Адметны дакладным рытмам, засн. на хуткім руху восьмых з частымі сінкопамі (звычайна ў цотных тактах); памер 2/4, тэмп хуткі. Як і паланэз, наз. «вялікім танцам», меў урачысты характар вайск. шэсця. У канцы 18 — пач. 19 ст. спрыяў працэсу ўсталявання самабытнасці польск. прафес. муз. культуры. З пач. 19 ст. папулярны ў Еўропе як бальны танец. У 19—1-й пал. 20 ст. адзін з найб. пашыраных на Беларусі нар. танцаў. Выконваўся парамі, часам і тройкамі (хлопец і 2 дзяўчыны) у суправаджэнні прыпевак. У яго аснове хуткі бег па крузе з моцнымі прытупамі папераменна правай і левай нагой на сінкопах (8 тактаў) і вярчэнне на месцы (8 тактаў). Вядомы лакальныя варыянты ў Лунінецкім, Пінскім і інш. р-нах. На вёсцы нярэдка аб’ядноўваецца з полькай. Бытуе і цяпер. Рытмы К. выкарыстоўвалі кампазітары Ф.Шапэн, К.Шыманоўскі, К.Пендарэцкі (Польшча), М.Глінка, Б.Асаф’еў (Расія), Г.Вагнер (Беларусь).
Л.К.Алексютовіч, І.Дз.Назіна.
т. 8, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)