Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛЯРО́ (Ігнат Вікенцьевіч) (11.1.1897, г. Віцебск — 13.7.1944),

генерал-маёр (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце. З 1932 выкладчык у ваен. акадэміях, на курсах «Выстрал». У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім, Бранскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах: нач. штаба дывізіі, аператыўнага аддзела арміі, нам. камандзіра і камандзір дывізіі, нам. камандзіра 13-га гвардз. стралк. корпуса. Загінуў у баі ў г. Паставы Віцебскай вобл.

т. 8, с. 354

КЛЯ́СЦІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля в. Клясціцы. Створана на р. Нішча ў 1959. Пл. 1,2 км², даўж. 12 км, найб. шыр. 200 м, найб. глыб. 7 м, аб’ём вады 2,52 млн. м³. Берагавая лінія моцна парэзаная, берагі параслі лесам, вышыня берагоў у вярхоўі да 5 м, каля плаціны 10—15 м. Дно выслана пяском, слаба заілена. Ёсць дробныя астравы. Сярэдні шматгадовы сцёк у створы плаціны 226,8 млн. м³. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Клясціцкая ГЭС).

т. 8, с. 354

КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.

Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.​Х.​Вітгенштэйна (каля 23 тыс. чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.​Удзіно (37—40 тыс. чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.​П.​Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.​Ж.​Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.​А.​Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус. войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц. войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс. чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус. войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.

Літ.:

Гл. да арт. Вайна 1812.

В.​В.​Антонаў.

т. 8, с. 355

КЛЯ́СЦІЦЫ,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля Клясціцкага вадасховішча, на скрыжаванні аўтадарог г. Полацк—в. Юхавічы і г.п. Расоны — в. Каханавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на З ад г.п. Расоны, 150 км ад Віцебска, 37 км ад чыг. ст. Боркавічы 987 ж., 400 двароў (1998). Аб’яднанне «Райсельгасхімія», ГЭС, дрэваапр. ўчастак, лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік у гонар перамогі рас. войск у Клясціцкіх баях 1812.

т. 8, с. 355

КЛЯТЧА́ТКА,

1) поліцукрыд, тое, што цэлюлоза. 2) Рыхлая валакністая неаформленая злучальная тканка, іншы раз з уключэннем тлушчавай тканкі паміж унутр. органамі, вакол сасудаў, нерваў, касцей, суставаў і інш.

т. 8, с. 356

КЛЯЎЗУ́НІК (Іван Зіноўевіч) (н. 29.3.1925, в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Д-р мед. н., праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1954). З 1968 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па пытаннях абязбольвання і ажыўлення арганізма.

Тв.:

Преимущества использования в наркозе у детей искусственной вентиляции легких с положительно-отрицательным давлением // Здравоохранение Белоруссии. 1969. № 1.

т. 8, с. 356

КЛЯЎКО́ (Генадзь Якаўлевіч) (1.5.1932, в. Варонічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 21.8.1979),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Калгасная праўда», час. «Вожык», «Беларусь», з 1973 нам. гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1950. У зб-ках вершаў і паэм «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), «Прыстань» (1974) і інш. апяванне красы жыцця, маладосці, шчырая захопленасць роднымі краявідамі. Творы адметныя філасафічнасцю, канкрэтнасцю сюжэтнай пабудовы, маст. праўдзівасцю вобразаў. Аўтар гумарыстычных вершаў і мініяцюр (зб-кі «Лайдак і кнопкі», 1964; «Каб не сурочыць», «Што праўда, то не грэх...», абодва 1971), твораў для дзяцей.

Тв.:

Плуг: Вершы і паэмы. Мн., 1978;

Падкова над парогам: Выбр. паэзія. Мн., 1979;

Вязьмо: Вершы, паэмы. Мн., 1984.

У.​В.​Гніламёдаў.

т. 8, с. 356

КЛЯЎЧЭ́НЯ (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 18.9.1924, в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1971), праф. (1972). Скончыў БДУ (1954), у 1957—95 працаваў у ім (у 1974—88 заг. кафедры гісторыі філасофіі і логікі). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы логікі і філасофіі, гісторыю філас. і грамадска-паліт. думкі Беларусі і Польшчы, асветніцкую дзейнасць і навук. спадчыну Кірылы Тураўскага і А.​Міцкевіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па логіцы.

Тв.:

Грамадска-палітычныя і сацыялагічныя погляды Адама Міцкевіча. Мн., 1959;

Очерки по истории марксистско-ленинской философской мысли в Польше. Мн., 1978;

У истоков белорусской культуры: Кирилл Туровский // Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы. Мн., 1987.

т. 8, с. 356

КЛЯЦІ́ШЫНСКАЕ БАЛО́ТА,

на ПдЗ Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., у вадазборы рэк Талька і Цітаўка. Нізіннага (78%), пераходнага (14%) і вярховага тыпу. Пл. 5,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4 тыс. га. Глыб. торфу да 7,5 м, сярэдняя 2,3 м. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На пл. 2 тыс. га лес з хвоі і бярозы, асушаны рэдкай сеткай каналаў.

т. 8, с. 356

КЛЯЦКО́ (Апанас Васілевіч) (н. 31.1.1911, в. Куляшоўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943, сапёр. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы. Вызначыўся ў жн. 1944 — крас. 1945 у баях на тэр. Германіі.

т. 8, с. 356