Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДОМ ЛІТАРА́ТАРА ў Мінску,

творчы клуб пісьменнікаў Беларусі. Пабудаваны ў 1976 (арх. Ю.Грыгор’еў, В.Шубіна).

Асіметрычны складанай канфігурацыі плана будынак. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце глухіх паверхняў сцен (крывалінейныя ў плане), абліцаваных светлым туфам, з вузкімі верт. праёмамі, упрыгожанымі вітражамі (маст. У.Стальмашонак) Унутр. планіроўка дакладна размежавана на 2 функцыян. зоны: парадная ўключае на 1-м паверсе вестыбюльную групу памяшканняў, бар, холы, на 2-м — прасторнае фае, глядзельную залу на 336 месцаў, канферэнц-залу, кафэ, кулуары; дзелавая — рабочыя пакоі, кабінеты, б-ку, групу дапаможных памяшканняў. Шэраг асн. і службовых памяшканняў выходзіць ва ўнутр. дворык. У аздабленні інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, дрэва, чаканка (мастак Ю.Любімаў).

А.А.Воінаў.

Дом літаратара ў Мінску.

т. 6, с. 180

ДОМ МАДЭ́ЛЕЙ у Мінску,

установа для распрацоўкі мадэлей адзення, абутку, галаўных убораў. Адкрыты ў 1948. Ажыццяўляе мадэліраванне і канструяванне швейных вырабаў для швейных прадпрыемстваў лёгкай прам-сці Беларусі, забяспечвае іх тэхн. дакументацыяй, прапагандуе новыя мадэлі і фасоны. Апрача стварэння прамысл. калекцыі адзення праводзіць метадычную работу, распрацоўвае перспектыўныя, выставачныя мадэлі. Неаднаразова дэманстраваў дасягненні бел. моды на міжнар. выстаўках, кірмашах і кангрэсах, у т. л. ў Балгарыі, Індыі, Канадзе, Францыі, Японіі і інш.

т. 6, с. 180

ДОМ ПРАЕ́КТНЫХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ Пабудаваны ў 1978 (арх. В.Малышаў) у Мінску для ін-та Белдзяржпраект і інш. праектных арг-цый. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка заснавана на перакрыжаванні пад прамым вуглом асн. 7-павярховага (часткова пастаўлены на жалезабетонныя рамы) і 2-павярховага прамавугольнага ў плане аб’ёмаў. Строгі рытм фасадаў, утвораны панэлямі ў выглядзе кесонаў, узмацняе буйнамаштабную кампазіцыю збудавання.

А.А.Воінаў.

т. 6, с. 180

ДОМ ПРАФЕСІЯНА́ЛЬНЫХ САЮ́ЗАЎ у Мінску.

Пабудаваны ў 1982 (арх. Г.Бенядзіктаў, А.Фрыдман). Складаецца з 12- і 16-павярховых зблакіраваных аб’ёмаў і прамавугольнага ў плане аб’ёму канферэнц-залы, размешчаных на 2-павярховым стылабаце складанай канфігурацыі. Кампазіцыя вы шыннага корпуса заснавана на спалучэнні злучаных аб’ёмаў, вырашаных у выглядзе пласцін. Лаканічны аб’ём канферэнц-залы падкрэслівае гал. ўваход у будынак. Фасады аздоблены верт. алюмініевымі цягамі, ружовай шклокерамічнай і шэрай пліткай з натуральнага каменю, інтэр’ер — гранітнымі і мармуровымі плітамі.

т. 6, с. 180

ДОМ РАБО́ТНІКАЎ МАСТА́ЦТВАЎ рэспубліканскі,

творчы клуб дзеячаў мастацтва Беларусі. Адкрыты ў Мінску ў 1963. Мае на мэце прапагандаваць тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаць павышэнню прафес. ўзроўню працаўнікоў мастацтва. Арганізоўвае лекцыі і даклады, творчыя вечары, сустрэчы з майстрамі сцэны. Працуюць ун-т тэатр. мастацтва, клубы творчай і навук. моладзі, «У свеце цудоўнага» (для школьнікаў). Размешчаны ў будынку б. Мінскага царкоўна-археалагічнага музея. Мае глядзельную (169 месцаў) і выставачную залы, бібліятэку.

Дом работнікаў мастацтва.

т. 6, с. 180

ДОМ РАМЕ́СНІКА,

тып жылога дома.

Буд-ва Д.р. пашырылася з 2-й пал. 12 ст. ў Еўропе з ростам рамяства і гандлю. У Беларусі вядомы з сярэдневякоўя да пач. 20 ст. Складаўся з жылой (звычайна размяшчалася з боку двара) і службовай (арыентавана на вуліцу) частак, падзеленых капітальнай сцяной. меў ад 3 да 6 пакояў, будаваўся пераважна з дрэва. З 2-й пал. 18 ст. пашырыліся Д.р. мяшанай канструкцыі: зруб спалучаўся з мураванай сцяной фасада (гл. Нясвіжскі *дом на рынку»). Арх.-маст. афармленне канцэнтравалася на гал. фасадзе (драўляныя будынкі аздаблялі дэкар. разьбой, мураваныя мелі элементы стыляў барока і класіцызму). Д.р. групаваліся вакол гандлёвых плошчаў ці на прылеглых да іх вуліцах.

т. 6, с. 180

ДОМ САНІТА́РНАЙ АСВЕ́ТЫ,

гл. ў арт. Цэнтр здароўя.

т. 6, с. 180

ДОМ УРА́ДА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Пабудаваны ў 1930—34 (арх. І.Лангбард) у Мінску. Самае буйное ў Беларусі збудаванне грамадзянскай архітэктуры даваен. часу (аб’ём будынка 240 тыс. м³). Яго стварэнне было пачаткам рэканструкцыі сталіцы.

Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя пабудавана на сіметрычных рознавышынных аб’ёмах, што надае сілуэту будынка дынамічнасць. 9-павярховая цэнтр. ч. адсунута ў глыбіню і фланкіравана бакавымі крыламі, якія ўтвараюць плошчу 100 × 50 м. Увесь складаны комплекс атрымаў зручную функцыян. арганізацыю ўнутр. прасторы, падпарадкаваную строгай канструкцыйнай сістэме. Інтэр’ер аформлены размалёўкамі і шматфігурнымі рэльефамі. Дом урада — адзін з першых і найб. значных прыкладаў сінтэзу архітэктуры і манум. мастацтва.

Літ.:

Воинов А.А., Самбук С.Ф. Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975.

А.А.Воінаў.

Дом урада Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 180