Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫБ-ПАРАСО́НІК

(Macrolepiota),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. агарыкавых. Вядома 11 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 віды, найб. вядомы грыб-парасонік стракаты, варона, або капялюх (М. procera), і грыб-парасонік белы (М. excoriata), грыб-парасонік дзявочы (М. puellaris) — рэдкі від, адзінае месцазнаходжанне якога ў Валожынскім р-не, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сапратрофы. Растуць у лясах, на палях, лугах. Пладаносяць у чэрв. — верасні. Ядомыя.

Пладовыя целы буйныя. Шапка дыям. да 25 см, яйца- або шарападобная, у старых грыбоў распасцёртая, з бугарком, сухая, ад буравата-шараватай да белай з лусачкамі. Мякаць белая. Пласцінкі свабодныя, белыя, на ножцы звычайна зрастаюцца ў кальцо (каларыум). Ножка высокая, булавападобная, полая ці шчыльная, з рухомым кальцом. Споры падоўжаныя, белыя, гладкія.

т. 5, с. 471

ГРЫ́ВА

(Grīva) Жан (сапр. Фолманіс Жан Карлавіч; 7.12.1910, хутар Кірп’і Тукумскага р-на, Латвія — 14.6.1982),

латышскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Латвіі (1962). У 1936—37 у складзе Інтэрнац. брыгады ваяваў у Іспаніі, удзельнік Вял. Айч. вайны. У творах адлюстраваў драм. і трагічную барацьбу ісп. народа супраць фашызму (зб-кі «Па той бок Пірэнеяў», 1948; «Апавяданні пра Іспанію», 1950; навела «Накцюрн», 1962, аднайм. фільм 1966). Аўтар раманаў «Дарога жыцця» (1952), «Каханне і нянавісць» (1963), «Чалавек чакае світання» (1967), драм. твораў «Мяце мяцеліца...» (1957), «Плыт Медузы» (1959), кніг маст. нарысаў «Пад крыламі альбатроса» (1956, Дзярж. прэмія Латвіі 1957), кн. ўспамінаў «Дні далёкія, дні блізкія» (1972). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Грывы перакладалі А.Бяржынскі, У.Жыжэнка, С.Міхальчук, У.Пігулеўскі.

Тв.:

Kopoti raksti. Sēj. 1—8. Rīga, 1970—77;

Бел. пер. — Пад небам Іспаніі. Мн., 1959.

т. 5, с. 472

ГРЫВА́СТЫ БАРА́Н

(Ammotragus lervia),

жвачнае парнакапытнае млекакормячае сям. пустарогіх. Адзіны від роду, 6 падвідаў. Займае прамежкавае становішча паміж казламі і баранамі. Жыве адзін або невял. групамі ў цяжкадаступных камяністых горных пустынях Паўн. Афрыкі.

Даўж. цела да 190 см, выш. ў карку да 100 см, маса да 140 кг. Самкі значна меншыя. Афарбоўка цела рыжавата-жоўтая, бруха светлае або белае. У самцоў рогі даўж. да 80 см, у самак да 40 см. На ніжняй частцы шыі, грудзях і на пярэдніх нагах валасы падоўжаныя і ўтвараюць густую грыву (адсюль назва). Нараджаюць 1—3 дзіцянят. Кормяцца травяністымі раслінамі і парасткамі кустоў. Акліматызаваны ў гарах ЗША (1950). Ахоўваецца.

т. 5, с. 472

ГРЫВА́СТЫ ВОЎК

(Chrysocyon brachyurus),

млекакормячае сям. воўчых атр. драпежных. Адзіны від роду. Жыве ў Бразіліі, усх. частцы Балівіі, Парагваі, Уругваі і Паўн.-Усх. Аргенціне ў пампасах, па ўскрайках балот, зрэдку ў лясах.

Даўж. цела каля 125 см, хваста каля 30 см, выш. ў карку каля 75 см, маса 20—23 кг. Поўсць доўгая, мяккая, жаўтавата-рыжая. Ногі доўгія, амаль чорныя. Хвост пушысты, на канцы белы. На шыі і карку грыва (адсюль назва). Нараджае 2—3 дзіцянят. Актыўны ўначы. Корміцца дробнымі пазваночнымі, птушкамі, насякомымі, пладамі і інш. Групай зрэдку нападае на свойскіх авечак. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 5, с. 472

ГРЫВАЧЭ́ЎСКІ Аляксандр Георгіевіч

(н. 8.4.1940, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1968). Скончыў БПІ (1961). З 1966 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па аўтаматызацыі тэхнал. праектавання ў машынабудаванні. Распрацаваў метад аўтаматызаванага праектавання штампаў халоднай ліставой штампоўкі. Прэмія прафсаюзаў Беларусі 1990.

Тв.:

Технология листовой штамповки. Киев, 1983 (у сааўт.);

Моделирование и автоматизация конструирования штампов. Мн., 1986 (разам з М.В.Прахваткіным).

М.П.Савік.

т. 5, с. 473

ГРЫ́ВЕНКА,

адзінка вагі ў 204,756 г, пакладзеная ў аснову грашовай вытв-сці ў 15 — пач. 18 ст. ў Рас. дзяржаве. Называлася таксама скалвавая грывенка (ад «скалвы» — вагі). Складалася з 48 златнікаў (па 4,266 г) або 1200 почак (па 0,171 г). У пач. 18 ст. заменена фунтам (409,512 г).

т. 5, с. 473

ГРЫ́ВЕННІК,

1) манета Рас. дзяржавы, парытэтная 10 капейкам. Уведзены грашовай рэформай 1700—04 Пятра І, выраблялі рас. манетныя двары ў 1701—96 (з перапынкамі) з серабра, у 1725—27 медныя кліпы.

2) Папулярная назва манеты наміналам у 10 капеек.

т. 5, с. 473

«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,

помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс. г. назад з раёна г. Выбарг.

В.Ф.Вінакураў.

т. 5, с. 473

«ГРЫ́ВЫ» ў геамарфалогіі, формы рэльефу ў выглядзе вузкіх, пакатых, лінейна выцягнутых узвышэнняў рознага паходжання (эолавага, алювіяльнага, ледавіковага, водна-эразійнага, дэфляцыйнага і інш.). Часам утвараюць грывасты рэльеф. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да дзесяткаў і соцень кіламетраў, выш. ад некалькіх да 100—160 м. У поймах рэк узнікаюць у выніку міграцыі рэчышча. «Грывамі» таксама называюць граду, парослую лесам.

т. 5, с. 473

ГРЫГ

(Grieg) Эдвард Хагеруп (15.6.1843, г. Берген, Нарвегія — 4.10.1907),

нарвежскі кампазітар, дырыжор, піяніст, муз. дзеяч; буйнейшы прадстаўнік нарв. кампазітарскай школы. Чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1872), Франц. акадэміі прыгожых мастацтваў (1889), ганаровы д-р музыкі Кембрыджскага (1893) і Оксфардскага (1906) ун-таў. Вучыўся ў Лейпцыгскай кансерваторыі (1858—62, клас К.Райнеке), а таксама ў Н.Гадэ і інш. Разам з кампазітарам Р.Нурдракам, які паўплываў на станаўленне яго творчай індывідуальнасці, і інш. арганізаваў міжскандынаўскае муз. т-ва «Эўтэрпа» (1864, Капенгаген). З 1866 жыў у Крысціяніі (Осла), сябраваў з паэтам і драматургам Б.Б’ёрнсанам, паводле п’ес якога напісаў шэраг муз.-сцэн. твораў, у т. л. незакончаную оперу «Улаф Тругвасан», музыку да п’есы «Сігурд Крыжаносец», 1872; эскізы да оперы «Арнльут Геліне», да меладрамы для чытальніка і арк. «Бергліёт», шмат рамансаў і песень. У 1871 засн. канцэртнае Муз. т-ва (цяпер Філарманічнае т-ва). У 1880—90-я г. набыў сусв. славу як кампазітар, дырыжор, піяніст. У 1898 у Бергене арганізаваў 1-ы фестываль нарв. музыкі (праводзяцца і цяпер, з 1953 — штогоднія фестывалі яго музыкі). Яго творчасць глыбока нацыянальная, з рысамі ням. рамантызму. Майстар фп. («Лірычныя п’есы» і інш. цыклы) і камерна-вак. музыкі (каля 150 рамансаў і песень). Яркі індывід. стыль Грыга, тонкага каларыста, у многім блізкі да муз. імпрэсіянізму. Ён па-новаму трактаваў санатную форму (струнны квартэт, 3 санаты для скрыпкі і фп.; санаты для віяланчэлі і фп., для фп.), драматызаваў і сімфанізаваў форму варыяцый («Старанарвежскі раманс з варыяцыямі» для арк., «Балада» для фп. і інш.) і канцэрта (канцэрт для фп. з арк., 1868). У шэрагу твораў увасобіў вобразы нар. легенд і паданняў (2 арк. сюіты з муз. да драмы «Пер Гюнт» Г.Ібсена, 1888, 1896; фп. п’есы «Шэсце гномаў», «Кобальд»). Апрацоўваў нарв. нар. мелодыі. Пад уздзеяннем фальклору склаліся характэрныя для Грыга стылістычныя прыёмы і асаблівасці гармоніі і рытмікі. Выступаў як муз. крытык (аўтабіягр. нарыс «Мой першы поспех», 1905; арт. «Моцарт і яго значэнне для сучаснасці», 1906, і інш.). Творчасць Грыга стала эпохай у развіцці нарв. мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. статьи и письма. М., 1966.

Літ.:

Кремлев Ю. Э.Григ. М., 1958;

Левашева О. Э.Григ. 2 изд. М., 1975;

Асафьев Б.В. Григ. 4 изд. Л., 1984;

Бенестад Ф., Шельдеруп-Эббе Д. Э.Григ — человек и художник: Пер. с норв. М., 1986.

т. 5, с. 473