ГРУЗААБАРО́Т,
паказчык аб’ёму работы, выкананай грузавым транспартам. Вымяраецца ў тона-кіламетрах (ткм). Паказчыкі грузаабароту выкарыстоўваюць у планаванні і статыстыцы для вымярэння прадукцыйнасці працы на транспарце. Для вызначэння грузаабароту масу перавезенага грузу ў тонах памнажаюць на далёкасць перавозкі і падсумоўваюць атрыманыя здабыткі. Сабекошт перавозак таксама вызначаюць у разліку на 1 ткм, таму што выдаткі на перавозку залежаць ад далёкасці і масы грузу. Паказчыкі грузаабароту не выкарыстоўваюць для ацэнкі дзейнасці трансп. прадпрыемстваў, бо грамадства зацікаўлена ў найлепшым задавальненні патрэб у перавозках пры мінімальных трансп. выдатках.
т. 5, с. 454
ГРУЗАВА́Я МА́РКА,
знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.
Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.
т. 5, с. 454
ГРУЗАВЫ́Я ПАТО́КІ,
колькасць грузаў, перавезеных адным відам транспарту ў пэўным напрамку ад пункта адпраўлення да пункта прызначэння (звычайна за год). Грузавыя патокі складаюцца з грузаў, адпраўленых са станцый, прыстаней, партоў, і вымяраецца ў тонах у цэлым або па кожнаму грузу паасобку. Велічыня грузавых патокаў асобнага перагону (участка, геагр. напрамку) выражаецца сярэдняй шчыльнасцю перавозак грузу. Напрамак пераважнага грузавога патоку называецца грузавым, а зваротны — парожнім. Няроўнасць грузавога патоку па напрамках «туды» і «назад» выклікае парожнія прабегі рухомага саставу і непрадукцыйныя прабегі лакаматываў, суднаў, аўтамабіляў, павелічэнне сабекошту перавозак і капіталаўкладанняў.
т. 5, с. 454
ГРУЗАВЫ́Я ПЕРАВО́ЗКІ,
перамяшчэнне грузаў рознымі сродкамі транспарту. Адрозніваюць унутрывытв. грузавыя перавозкі, якія тэхналагічна звязаны з вытв-сцю прадукцыі ў межах асобнага прадпрыемства, і нар.-гасп. — перавозкі прадукцыі ў сферы абарачэння ад вытворцаў да спажыўцоў або непасрэдна (транзітныя пастаўкі), або праз склады доўгатэрміновага захоўвання і гандл. сетку (паўторныя перавозкі). Аб’ём грузавых перавозак (вымяраецца ў тонах) абумоўлены аб’ёмам вытворчасці прадукцыі і імпарту і каэфіцыентам паўторнасці перавозак, г.зн. колькі разоў адна і тая ж тона прадукцыі перавозіцца ад прадпрыемства-вытворца да пунктаў спажывання.
т. 5, с. 454
ГРУЗАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аўтамабіль для перавозкі грузаў. Характарызуецца грузападымальнасцю, тыпам кузава, колавай формулай і кампаноўкай — размяшчэннем кабіны адносна пярэдняй восі (гл. Аўтамабіль). Для буксіроўкі прычэпаў забяспечваюцца счэпнымі прыладамі, хуткадзейнымі злучальнымі прыстасаваннямі і інш. Адрозніваюць адзіночныя грузавыя аўтамабілі і аўтапаязды (у т. л. цягачы, седлавыя цягачы), звычайнай і павышанай праходнасці.
Бываюць агульнага прызначэння (кузаў неперакульны) і спецыялізаваныя (самазвалы, бензавозы, бетанавозы, кантэйнеравозы, панэлявозы, рэфрыжэратары, фургоны і інш.); паводле кампановачнай схемы — капотныя (кабіна за рухавіком) і бескапотныя (кабіна над рухавіком); паводле грузападымальнасці — асабліва малой (да 0,5 т; гл. Пікап), малой (да 2 т; напр., УАЗ), сярэдняй (да 5 т; ГАЗ), вялікай (да 15 т; ЗІЛ, КамАЗ, КрАЗ, МАЗ, «Урал») і пазадарожныя грузавыя аўтамабілі асабліва вял. грузападымальнасці (больш за 15 т; БелАЗ, «Волат»), Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць.
А.С.Рукцяшэль.
т. 5, с. 454
ГРУЗАВЫ́ ДВОР,
частка тэр. чыг. станцыі, якая мае комплекс збудаванняў і прыстасаванняў для прыёму, пагрузкі, выгрузкі, сартавання грузаў і іх кароткатэрміновага захавання. Грузавы двор мае таксама рамонтныя майстэрні, гаражы, пад’ёмныя краны і інш. сродкі механізацыі пагруза-разгрузачных работ.
т. 5, с. 454
ГРУЗАЁМІСТАСЦЬ транспартнага сродку, сумарны аб’ём памяшканняў (судна, вагона, самалёта, аўтамабіля і інш.) для размяшчэння грузаў. Вымяраецца ў кубічных метрах. Тэарэтычна вызначаецца па абводах грузавых памяшканняў. У суднаў адрозніваюць таксама зерневую (для сыпкіх грузаў), стосавую (для штучных грузаў) і грузаёмістасць для вадкіх грузаў. Удз. грузаёмістасць — аб’ём (або плошча) грузавых памяшканняў на адзінку грузападымальнасці.
т. 5, с. 454
ГРУЗАЗАХО́ПНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ,
механізмы і прыстасаванні да грузападымальных машын, прызначаныя захопліваць, перамяшчаць і разгружаць розныя грузы. Грузазахопныя прыстасаванні для штучных грузаў — чалачныя стропы, скобы, грузавыя траверсы, клешчавыя і эксцэнтрыкавыя захопы, крукі, клямары, гакі, сеткі; для насыпных — грэйферы, каўшы, кюбелі; для наліўных — бодні, спец. ёмістасці.
Бываюць аўтаматычныя (кіруюцца прыводам грузападымальнай машыны, напр. аўтастропы, грузавыя электрамагніты), паўаўтаматычныя (выпускаюць зашчэмлены груз пры апусканні яго на апорную паверхню, напр. абцуговыя захопы) і ручныя (замацоўваюцца і знімаюцца з грузаў уручную). Для падымання грузаў з плоскімі паверхнямі (лісты, буд. блокі, каробкі) выкарыстоўваюць вакуумныя грузазахопныя прыстасаванні, аснашчаныя захопамі, галоўкамі і гнуткімі прысосамі. Пашыраны спецыялізаваныя грузазахопныя прыстасаванні для пэўных грузаў — рулонаў і пакетаў ліставых матэрыялаў, кантэйнераў, бярвён і да т.п.
У.М.Сацута.
т. 5, с. 454
ГРУЗАПАДЫМА́ЛЬНАСЦЬ транспартнага сродку, максімальная карысная нагрузка, на перавозку якой разлічаны чыг. вагон, грузавы аўтамабіль, судна, самалёт і інш. трансп. сродкі; асн. іх эксплуатац. характарыстыка. Вымяраецца ў тонах. У суднаў адрозніваюць грузападымальнасць поўную (дэдвейт) і карысную (чыстую), якая вызначаецца масай карыснага грузу. Грузападымальнасць 4-восевых чыг. вагонаў 62—65 т, марскіх танкераў да 300 тыс. т, самалётаў да 80 т (Ан-22), аўтамабіляў да 220 т (БелАЗ-753).
т. 5, с. 454