Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГНІЛАМЁДАЎ Уладзімір Васілевіч

(н. 26.12.1937, в. Кругель Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Чл.-кар. АН Беларусі (1994), д-р філал. н. (1987). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў. З 1965 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1976 нам. дырэктара, адначасова з 1977 заг. сектара тэорыі л-ры), у 1969—76 у апараце ЦК КПБ. Гал. тэма яго навук. прац — сучасная бел. паэзія. Аўтар творчых партрэтаў І.Мележа («Іван Мележ», 1984), В.Зуёнка («Праўда зерня: Творчы партрэт Васіля Зуёнка», 1992), П.Броўкі, К.Кірэенкі, А.Куляшова, Е.Лось і інш. За дапаможнік для настаўнікаў «Янка Купала: Новы погляд» (1995) Літ. прэмія імя У.Калесніка 1996.

Тв.:

Лірычны летапіс часу. Мн., 1967;

Традыцыі і наватарства. Мн., 1972;

Упоравень з векам. Мн., 1976;

Як само жыццё. Мн., 1980;

Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1983;

Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984;

Пафас жыццесцвярджэння. Мн., 1985;

Класікі і сучаснікі. Мн., 1987.

Літ.:

Юревич В. Исследуется современная поэзия // Нёман. 1974. №1;

Мішчанчук М. Гаворку трэба прадоўжыць //Полымя. 1977. №4;

Семашкевіч Р. Паэзія ў полі зроку навукі // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 315

ГНІЛАРЫ́БАЎ Цімафей Ерамеевіч

(14.5.1901, с. Гусава Растоўскай вобл., Расія — 13.11.1970),

вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1941), праф. (1943). Скончыў мед. ф-т Растоўскага ун-та (1925). З 1930 у хірург. клініцы мед. ін-та ў Растове, з 1941 гал. хірург эвакуацыйных шпіталяў у Кіславодску. З 1945 у Днепрапятроўскім, з 1960 у Мінскім мед. ін-тах. Навук. працы па лячэнні трафічных язваў, ваенна-палявой хірургіі, пластыцы сасудаў, перасадцы залоз унутр. сакрэцыі на сасудах, па аднаўленчай хірургіі.

Тв.:

Пластика свободным кожным лоскутом. Мн., 1968 (разам з А.І.Катом).

т. 5, с. 315

ГНІ́ЛІЦА,

рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Скрыпіца (бас. Прыпяці). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 285 км². Пачынаецца ад водаразмеркавальніка каля зліцця каналаў Страявы і Жыткавіцкі. Цячэ па цэнтр. ч. Прыпяцкага Палесся. Рэчышча ад вытоку на працягу 11,6 км каналізаванае.

т. 5, с. 315

ГНІЛО́Е ВО́ЗЕРА,

адна з назваў воз. Сасыкколь.

т. 5, с. 315

ГНІЛО́Е МО́РА,

адна з назваў заліва Сіваш.

т. 5, с. 315

ГНІЛЯКЕ́ВІЧ Міхаіл Паўлавіч

(6.2.1887, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 11.8.1945),

дзяржаўны дзеяч БССР. У 1907—14 працаваў на з-дах Пецярбурга. За ўдзел у рэв. руху быў зняволены. З 1914 у арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917, адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Петраградзе. Удзельнічаў у баях супраць Каледзіна. З 1919 на парт. і прафс. рабоце ў БССР. З мая 1929 нарком працы БССР, у сак. 1931 — вер. 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1933 на парт. і прафс. рабоце ў РСФСР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—27, 1930—32, чл. ЦКК КП(б)Б у 1927—30, 1932—33 і яе Прэзідыума ў 1929—30, 1932—33. Чл. ЦВК БССР у 1922—33 і яго Прэзідыума ў 1933—33.

т. 5, с. 315

...ГНОЗІЯ (ад грэч. веды, навучанне), другая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «веды», напр., фармакагнозія, астрагнозія.

т. 5, с. 316

ГНОЙ,

1) у сельскай гаспадарцы арганічнае ўгнаенне з цвёрдых і вадкіх выдзяленняў жывёл з подсцілам або без яго. Мае азот, фосфар, калій, мікраэлементы, якія павышаюць біял. актыўнасць глебы. Выкарыстоўваюць гной цвёрды (на саламяным і тарфяным подсціле), паўвадкі і вадкі. Асабліва эфектыўны на дзярнова-падзолістых пясчаных і супясчаных глебах, дзе з’яўляецца крыніцай пажыўных рэчываў і меліяравальным сродкам, паляпшае аграхім. і фіз. ўласцівасці глеб на некалькі гадоў.

Хім. састаў і ўласцівасці гною залежаць ад віду жывёл, якасці кармоў і подсцілу, спосабаў яго прыгатавання і захоўвання. У сярэднім ад спажываных кармоў у гной пераходзяць каля 40% арган. рэчыва, 50—70% азоту, 80% фосфару, да 90% калію. Конскі і авечы гной мае больш пажыўных рэчываў, чым свіны і буйн. раг. жывёлы. Гной зберагаюць у гнаясховішчах. Выкарыстоўваюць ў чыстым выглядзе, як тарфагнойныя кампосты разам з мінер. ўгнаеннямі.

2) У медыцыне адзін з відаў запаленчага выпату (эксудату), непрыемная на пах густая вадкасць жоўтага або шэрага колеру, якая ўтвараецца ў тканках арганізма пры іх запаленні.

т. 5, с. 316

ГНО́ЙНІЦА,

рака, гл. Плясна.

т. 5, с. 316

ГНО́МАН

(грэч. gnōmon),

старажытны астранамічны інструмент, які складаецца з верт. стрыжня, пастаўленага на гарыз. пляцоўку. Па даўжыні і напрамку ценю стрыжня можна вызначыць вышыню і азімут Сонца, напрамак паўдзённай лініі і інш. астранамічныя даныя. Выкарыстоўваецца ў выглядзе сонечных гадзіннікаў.

т. 5, с. 316