Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАТКО́ВІЧ (Лізавета Іванаўна) (н. 18.3.1947, в. Сімакава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. актрыса. Скончыла Магілёўскае культ.-асв. вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1976). З 1967 актрыса Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1978 — Т-ра юнага гледача Беларусі. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць і псіхалагізм. Сярод лепшых роляў: у Магілёўскім т-ры — Вольга («Апошнія суніцы ў жніўні» А.Дзялендзіка), Глашка («Трывога» А.Петрашкевіча), Таня («Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава), Лэйдзі Торэнс («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Ганначка («На бойкім месцы» А.Астроўскага); у Т-ры юнага гледача — маці Бэмбі («Бэмбі» Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каралева («У краіне ліліпутаў» паводле Дж.Свіфта), маці Я.Купалы («Калыска чатырох чараўніц» У.Караткевіча), Турусіна, Аграфена Кандратаўна («На кожнага мудраца хапае прастаты», «Свае людзі — паладзім» Астроўскага), Нянька («Антыгона» паводле Ж.Ануя і Сафокла).

Р.І.Баравік.

т. 8, с. 174

КАТКО́Ў (Міхаіл Нічыпаравіч) (13.11.1818, Масква — 1.8.1887),

рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1838), слухаў курс філасофіі у Берлінскім ун-це (1840—41). З 1845 ад’юнкт-праф. Маскоўскага ун-та, супрацоўнік час. «Московский наблюдатель» і «Отечественные записки», рэдактар-выдавец час. «Русский вестник» (1856—87). У сваіх артыкулах выступаў за адмену прыгоннага права, увядзенне ін-та міравых суддзяў, абмяркоўваў «закрытыя» раней пытанні знешняй палітыкі, свабоды слова, цэнзуры, мясц. самакіравання і інш. У час і пасля паўстання 1863—64 патрабаваў прыняцця да Польшчы жорсткіх мер, адмаўляў неабходнасць правядзення ліберальна-дэмакр. рэформ у Расіі.

Тв.:

1863 г.: Собр. статей по польскому вопросу. Вып. 1—2. М., 1887;

О самодержавии и конституции М., 1905;

О церкви. М., 1905.

Літ.:

Твардовская В.А Идеология пореформенного самодержавия: (М.Н.Катков и его издания). М., 1978.

т. 8, с. 174

КАТКО́Ў (Сяргей Пятровіч) (1.10.1911, в. Скрыпіцына Калышлейскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 17.2.1976),

бел. жывапісец і педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1966). Скончыў Пензенскі маст.-пед. тэхнікум (1931). У 1937—71 мастак-педагог і кіраўнік маст. студыі пры Мінскім палацы піянераў і школьнікаў. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1956—68), Рэсп. маст. школы-інтэрната (1963—65). Працаваў у жанрах пейзажа і нацюрморта. Творы вызначаюцца эмацыянальнасцю, дэкаратыўнасцю колеру: «Восеньскі пейзаж» (1947), «На рацэ» (1959), «Лепельскія азёры» (1961), «Гарадскі пейзаж» (1967), «Сказ аб Бярэзіне» (1970), «Лета. Нацюрморт» (1971), «Хутар Альбуць» (1972), «На Прыпяці» (1973), «Палескія волаты» і «На Бярэзіне» (абодва 1975). Асобнае месца займаюць графічныя малюнкі з франтавога жыцця (1943—44).

С.Каткоў. На Бярэзіне. 1975.

т. 8, с. 175

КАТКО́Ў (Уладзіслаў Леанідавіч) (н. 11.5.1936, г. Крывы Рог, Украіна),

бел. вучоны у галіне інфарматыкі і прыкладной матэматыкі. Д-р тэхн. н. (1979), праф. (1983). Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). З 1979 у НДІ ЭВМ (Мінск). З 1985 у Ін-це матэматыкі. З 1991 дырэктар Выліч. цэнтра, з 1995 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па выліч. матэматыцы, аўтаматызацыі праграмавання і матэм. мадэлявання экалагічных задач.

Тв.:

Программное обеспечение ЭВМ. Мн., 1992 (разам з Э.З.Любімскім);

РИТМ—технология автоматизации программирования. Мн., 1993.

М.П.Савік.

т. 8, с. 175

КАТЛАВЕ́Ц (Міхаіл Паўлавіч) (25.10.1914, в. Скрыгалаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 6.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў БДУ (1937), курсы мал. лейтэнантаў пры Харкаўскім танк. вучылішчы (1941). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Сталінградскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір танк. батальёна капітан К. вызначыўся ў студз. 1944 у баі за ст. Лялекаўка каля Кіраваграда, калі батальён пад яго камандаваннем за дзень адбіў 6 контратак, і ў час прарыву абароны праціўніка на румына-венг. граніцы 5.10.1944, калі батальён знішчыў 5 гармат, больш за 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. Загінуў у баі. Яго імем названы вуліцы ў Мазыры, Ціраспалі, в. Лешня, 8-гадовая школа ў в. Лешня, дзе ён вучыўся.

М.П.Катлавец.

т. 8, с. 175

КАТЛАВІ́НА,

адмоўная форма рэльефу акруглай ці слаба выцягнутай формы. Можа быць замкнёнай або адкрытай у адным ці двух процілеглых кірунках. Наземныя К. маюць памеры ад некалькіх метраў да дзесяткаў і соцень кіламетраў. Паводле паходжання і геал. будовы бываюць тэктанічныя, вулканічныя, эразійныя, ледавіковыя, карставыя, дэфляцыйныя і інш.; паводле марфалогіі — пласкадонныя, чашападобныя і інш.; па рэжыме сцёку — праточныя, сцёкавыя і бяссцёкавыя. Падводныя К. ўтвараюць найб. буйныя адмоўныя формы рэльефу — ложа акіяна.

т. 8, с. 175

КА́ТЛАПС ((Katlaps) Жаніс) (14.10.1907—13.11.1968),

латвійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1959). Вучыўся на драм. курсах. З 1928 акцёр, з 1948 рэжысёр Нац. т-ра (цяпер Т-р драмы Латвіі). Акцёр лірыка-драм. плана. Сцэн. вобразам уласцівы ўнутр. насычанасць, вытанчанасць знешняга малюнка, рамантычнасць. Сярод роляў: Крустынь, Эдгар («Блудны сын», «У агні» Р.Блаўмана), Таўрынь, Оскар Клява («Да новага берага», «Сын рыбака» В.Лаціса), Іосіф («Іосіф і яго браты» Я.Райніса), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра). Паставіў «Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага (1957), «Гамлет» Шэкспіра (1959). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 175

КАТЛЫ́, Коцелы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Пелікан». Паходзілі з баяр. Першы вядомы прадстаўнік роду — Кацёл, які ў 1440—43 атрымаў ад вял. кн. Казіміра пацвярджэнне на маёнткі ў Крамянецкім пав. На Беларусі К. валодалі Беніцай, Маладзечнам, Хажовам, Палонкай і інш. Найб. вядомыя К.:

Самуэль Геранім (?—1686), пісар скарбовы (1646—68), войскі старадубскі (1652—66), маршалак ашмянскі (каля 1678), староста скірстымонскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Міхал Казімір (? — вер. 1722), сын Самуэля Гераніма, староста скірстымонскі з 1674, маркаўскі з 1683, падкаморы ашмянскі у 1683, кашталян віцебскі з 1685, трокскі з 1700, ваявода трокскі з 1703, падскарбі ВКЛ з 1710. Быў прыхільнікам аўтаноміі ВКЛ у рамках Рэчы Паспалітай. Тадэвуш (1736—99), сын Казіміра, староста маркаўскі (1764), ашмянскі (1772), ген.-маёр войск ВКЛ. Юзаф (20.9.1764—18.7.1810), сын Тадэвуша, гл. Коцел Ю. Міхал Казімір (15.8.1767—22.3.1813), сын Тадэвуша, ваен. дзеяч. Шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1786). У час паўстання 1794 зямянскі ген.-маёр Ашмянскага пав.

В.С.Пазднякоў.

т. 8, с. 175

КАТЛЯ́Р (Іван Іванавіч) (н. 15.6.1941, в. Балотца Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1984), праф. (1997). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1964), Мінскую вышэйшую парт. школу (1973). Настаўнічаў, быў на камсамольскай і парт. рабоце. З 1978 нам. упаўнаважанага Савета па справах рэлігій пры СМ БССР па Брэсцкай вобл. З 1985 у Брэсцкім ун-це. Даследуе праблемы фарміравання грамадскай думкі, развіцця паліт. працэсу, станаўлення прававой дзяржавы, рэалізацыі і абароны правоў чалавека. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ па паліталогіі і правах чалавека.

Тв.:

Взгляд изнутри: Обществ.-полит. процесс на Беларуси. Лунинец, 1993;

Права человека: Современные представления и механизмы защиты. 3 изд. Брест, 1997.

т. 8, с. 175

КАТЛЯРО́Ў (Ігар Васілевіч) (н. 15.7.1948, г. п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. сацыёлаг і палітолаг. Д-р сацыялагічных н. (1990), канд. філас. н. (1983), праф. (1994). Прэзідэнт Бел. акадэміі сац. навук (з 1997). Скончыў Віцебскі тэхнал. ін-т лёгкай прам-сці (1971), Мінскую вышэйшую парт. школу (1982). Працаваў у праектна-канструктарскіх установах. З 1984 лектар, нам. заг. ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. З 1991 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. З 1993 у Бел. ін-це інфармацыі і прагнозу пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (з 1995 нам. дырэктара, дырэктар). Дэп., старшыня Камісіі па правах чалавека і нац. пытаннях Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1995—96). Дэп., нам. старшыні Камісіі па правах чалавека і нац. пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь з 1996. Даследуе праблемы паліт. сацыялогіі, метадалогіі і методыкі сац. праектавання і прагназавання, міжнац. і канфесіянальных адносін у Беларусі.

Тв.:

Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;

Политические партии Беларуси: анализ, проблемы, прогнозы. Мн., 1997;

Молодежь Беларуси на пороге XXI в.: социол. анализ. Мн., 1997;

Беларусь на этапе социального перелома: социол. анализ. Мн., 1998.

т. 8, с. 175