КАТЛАВІ́НА,

адмоўная форма рэльефу акруглай ці слаба выцягнутай формы. Можа быць замкнёнай або адкрытай у адным ці двух процілеглых кірунках. Наземныя К. маюць памеры ад некалькіх метраў да дзесяткаў і соцень кіламетраў. Паводле паходжання і геал. будовы бываюць тэктанічныя, вулканічныя, эразійныя, ледавіковыя, карставыя, дэфляцыйныя і інш.; паводле марфалогіі — пласкадонныя, чашападобныя і інш.; па рэжыме сцёку — праточныя, сцёкавыя і бяссцёкавыя. Падводныя К. ўтвараюць найб. буйныя адмоўныя формы рэльефу — ложа акіяна.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)