КАТКО́ВІЧ (Лізавета Іванаўна) (н. 18.3.1947, в. Сімакава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. актрыса. Скончыла Магілёўскае культ.-асв. вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1976). З 1967 актрыса Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1978 — Т-ра юнага гледача Беларусі. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць і псіхалагізм. Сярод лепшых роляў: у Магілёўскім т-ры — Вольга («Апошнія суніцы ў жніўні» А.​Дзялендзіка), Глашка («Трывога» А.​Петрашкевіча), Таня («Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава), Лэйдзі Торэнс («Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса), Ганначка («На бойкім месцы» А.​Астроўскага); у Т-ры юнага гледача — маці Бэмбі («Бэмбі» Ф.​Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каралева («У краіне ліліпутаў» паводле Дж.​Свіфта), маці Я.​Купалы («Калыска чатырох чараўніц» У.​Караткевіча), Турусіна, Аграфена Кандратаўна («На кожнага мудраца хапае прастаты», «Свае людзі — паладзім» Астроўскага), Нянька («Антыгона» паводле Ж.​Ануя і Сафокла).

Р.​І.​Баравік.

т. 8, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)