ВЫ́ДРАНКАЎСКАЯ ЦАРКВА́ ДЗМІ́ТРЫЯ РАСТО́ЎСКАГА,
помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю «мадэрн». Пабудавана ў пач. 20 ст. ў в. Выдранка (Краснапольскі р-н Магілёўскай вобл.). Храм падоўжна-восевай часткавай кампазіцыі: званіца, бабінец, крыжападобны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда з квадратнай бакавой рызніцай. У сілуэце будынка дамінуюць гранёныя шатровыя пакрыцці з цыбулепадобнымі купалкамі 8-граннага барабана асн. аб’ёму і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцы, надбудаванай над прамавугольным прытворам. Агульную кампазіцыю ўзбагачаюць двухгранныя шчыты зрубаў з разнымі падзорамі.
А.М.Кулагін.
т. 4, с. 306
ВЫ́ДРЫН Максім Львовіч
(14.8.1870, Масква — 31.5.1951),
бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н., праф. (1923). Засл. дзеяч нав. Беларусі (1938) Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Працаваў у Маскве. У 1923—41 і 1943—51 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па даследаванні і лячэнні пазаматачнай цяжарнасці, матачнага крывацёку, фібраміём, раку маткі. Аўтар падручнікаў па акушэрстве і гінекалогіі.
т. 4, с. 306
ВЫ́ДРЫЦА,
рака ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. Зах. Дзвіны. Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 120 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПнЗ ад в. Вацлавова і цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага узв. Упадае ў воз. Чарсцвяцкае з Пд. Рэчышча на працягу 12,4 км ад вусця каналізаванае.
т. 4, с. 307
ВЫ́ДРЫЦА,
вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдЗ ад г. Крупкі, 122 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Крупкі. 245 ж., 120 двароў (1996). Лясніцтва, сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі.
т. 4, с. 307
ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,
бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.Я.Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.К.Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в. Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.
т. 4, с. 307
ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.
т. 4, с. 307
ВЫ́ЖЛЫ,
група парод паляўнічых сабак. Паходзяць ад стараж. сабак Зах. і Паўд. Еўропы. Пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваюцца для палявання на балотную, стэпавую і палявую дзічыну, радзей на звера. Выжлаў падзяляюць на астраўных англ. (пойнтэр і сетэры — англ., ірландскі і шатландскі, або гардон) і кантынентальных (ням. каратка-, даўга- і цвердашэрсная выжла, чэшскі фаўсек, венгерская і вял. мюнстэрлендэрская выжла і інш.).
Мускулістыя і зграбныя сабакі, выш. ў карку 53—67 см, характэрны алюр — галоп.
Для кантынентальных парод найб. уласціва гнаць дзічыну па крывавым следзе ўголас. Масць разнастайная, у залежнасці ад пароды. Астраўных выжлаў трымаюць як дэкар.-пакаёвых.
т. 4, с. 307
ВЫЖЫВА́ЛЬНАСЦЬ у біялогіі, 1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.
2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10-7—10-8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам да ўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.
т. 4, с. 307