ВЫ́ГАН,
участак зямлі, дзе пасвяць жывёлу; адзін з відаў с.-г. угоддзяў. Гл. Паша.
т. 4, с. 302
ВЫ́ГАНАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
гл. Выганашчанскае возера.
т. 4, с. 302
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ,
гідралагічны заказнік у Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане асн. ч. Выганашчанскага балота, якое рэгулюе жыўленне Шчары, Грыўды, Цны і інш. рэк, азёр Выганаўскае і Бабровіцкае. Пл. 43 тыс. га (1996). Уключае тэр. Івацэвіцкага і Целяханскага лясгасаў. Знаходзіцца на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў. Большая ч. тэр. — нізінныя і пераходныя палескія балоты. На ўчастках лесу пераважаюць хвоя, бяроза, астраўкамі растуць вольха, асіна, таполя, вярба, дуб, клён і вяз. У флоры каля 250 відаў раслін, у т. л. рэдкія віды: бяроза нізкая, маруна веснавая, цэфалазіела чырванаватая і інш., занесеныя ў Чырв. Кнігу Беларусі каўлінія малая і мякатніца адналістая.
т. 4, с. 302
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ БАЛО́ТА,
у Ляхавіцкім, Івацэвіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., сцёк па Агінскім і інш. каналах у Выганаўскае возера. Нізіннага (94%) і мяшанага тыпу. Пл. 34,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 27,6 тыс. га. Глыб. торфу да 4,7 м, сярэдняя 2,1 м. Пад торфам трапляюцца мергель і сапрапель. Каля 5 тыс. га асушана, на іх вырошчваюць шматгадовыя травы, збожжавыя і прапашныя культуры. Неасвоеная частка балота ўваходзіць у гідралагічны заказнік Выганашчанскае.
т. 4, с. 303
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Выганаўскае возера,
у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на водападзеле р. Шчара і Ясельда, за 37 км на У ад г. Івацэвічы, на тэр. гідралагічнага заказніка Выганашчанскае. Пл. 26 км², даўж. 7 км, найб. шыр. 4,8 км, найб. глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 87,1 км². Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, у зах. ч. шматлікія мелі. З Пн на Пд возера перасякае Агінскі канал. Вылучаецца відавым багаццем вышэйшых водных раслін і наяўнасцю прыбярэжнай разнатраўна-асакова-злакавай сплавіны шыр. да 150 м. Мноства вадаплаўных птушак. Зарастае.
т. 4, с. 303
ВЫ́ГАНАШЧЫ,
вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на беразе Агінскага канала. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 57 км ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 192 км ад Брэста. 994 ж., 380 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.
т. 4, с. 303
ВЫГАРА́ННЕ РАСЛІ́Н,
заўчаснае засыханне раслін у выніку працяглай глебавай і атм. засухі. Асабліва адчувальныя да засухі збожжавыя культуры, у якіх выгаранне (найбольш плямамі, вельмі рэдка вял. масівамі) ва ўмовах Беларусі часцей у 1-й пал. лета, да пачатку фарміравання зерня, у першую чаргу на пясчаных узгорках.
т. 4, с. 303
ВЫГВО́ЗЕРА, Выгвозерскае вадасховішча,
у Рэспубліцы Карэлія Расійскай Федэрацыі. Пл. 1159 км². Глыб. да 18 м. Ваганні ўзроўню каля 1 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства (уваходзіць у сістэму Беламорска-Балтыйскага канала), а таксама ў энергет. мэтах. На Выгвозеры — г. Сегежа.
т. 4, с. 303
ВЫ́ГІН у супраціўленні матэрыялаў, від дэфармацыі, які праяўляецца ў скрыўленні восі або пасярэдняй паверхні цела (бэлькі, бруса, пліты, абалонкі і інш.) пад дзеяннем знешняй сілы ці т-ры. У адносінах да прасцейшых цел (напр., бруса) велічыня скрыўлення ў межах пругкасці залежыць ад велічыні выгінальнага моманту і жорсткасці цела.
Адрозніваюць выгіны: просты, або плоскі (знешнія сілы ляжаць у адной плоскасці); складаны (выклікаецца сіламі, што дзейнічаюць у розных плоскасцях); касы (прыватны выпадак складанага выгіну); чысты (дзеянне толькі выгінальных момантаў); папярочны (дзейнічаюць таксама і папярочныя сілы). У інж. практыцы разглядаюцца таксама падоўжныя і падоўжна-папярочныя выгіны. Разлікі на выгіны (у т. л. трываласці матэрыялаў на выгіны) робяць пры праектаванні машын, механізмаў, інж. збудаванняў, даследаванні сістэм будаўнічай механікі.
М.К.Балыкін.
т. 4, с. 303