ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ,

гідралагічны заказнік у Івацэвіцкім, Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. Засн. ў 1968 з мэтай захавання ў натуральным стане асн. ч. Выганашчанскага балота, якое рэгулюе жыўленне Шчары, Грыўды, Цны і інш. рэк, азёр Выганаўскае і Бабровіцкае. Пл. 43 тыс. га (1996). Уключае тэр. Івацэвіцкага і Целяханскага лясгасаў. Знаходзіцца на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў. Большая ч. тэр. — нізінныя і пераходныя палескія балоты. На ўчастках лесу пераважаюць хвоя, бяроза, астраўкамі растуць вольха, асіна, таполя, вярба, дуб, клён і вяз. У флоры каля 250 відаў раслін, у т. л. рэдкія віды: бяроза нізкая, маруна веснавая, цэфалазіела чырванаватая і інш., занесеныя ў Чырв. Кнігу Беларусі каўлінія малая і мякатніца адналістая.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)