Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЕ́ТРЫКА ў матэматыцы, правіла вылічэння адлегласці паміж любымі пунктамі (элементамі) зададзенага мноства. Мноства з зададзенай на ім М. наз. метрычнай прасторай. М. з’яўляецца сапраўднай лікавай функцыяй p(a,b) якая задавальняе ўмовы: p(a,b) ≥ 0, пры гэтым p(a,b) = 0 толькі, калі a = b, p(a,b) = p(b,a); p(a,b) + p(b,c) ≥ p(a,c). На адным і тым жа мностве М. можна задаць рознымі спосабамі. Напр., на плоскасці за адлегласць паміж пунктамі a(x1,y1) і b(x2,y2) можна прыняць звычайную эўклідаву адлегласць p1 ( a,b ) = ( x1 x2 ) 2 + ( y1 y2 ) 2 , p2 ( a,b ) = | x1 x2 | + | y1 y2 | ці інш. У вектарных прасторах (функцыянальных і каардынатных) М. задаецца нормай, а таксама з дапамогай скалярнага здабытку вектараў; у дыферэнцыяльнай геаметрыі — заданнем элемента даўжыні дугі з дапамогай дыферэнцыяльнай квадратычнай формы.

т. 10, с. 315

МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),

збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш. Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал. дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.

Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлер ВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац. гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас. Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.

Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.

Літ.·. Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887; Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946; Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989; Лиговская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992; Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.

Г.Я.Галенчанка.

Да арт. Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.

т. 10, с. 315

МЕТРЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,

сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.

т. 10, с. 316

МЕТРЫ́ЧНАЯ СІСТЭМА МЕР, дзесятковая сістэма мер,

сукупнасць адзінак фізічных велічынь, у аснову якой пакладзена адзінка даўжыні — метр. Распрацавана ў канцы 18 ст. ў Францыі з мэтай уніфікацыі вымярэнняў і сістэматызацыі адзінак розных фіз. велічынь. Памеры, найменні і вызначэнні адзінак, якія ўваходзілі ў М.с.м., выбраны так, каб яны мелі інтэрнац. характар і маглі быць прыняты ўсімі краінамі.

Першапачаткова ў М.с.м., акрамя метра, уваходзілі адзінкі: плошчы — квадратны метр, аб’ёму — кубічны метр, масы — кілаграм (маса 1 дм вады пры 4 °C), а таксама ўмяшчальнасці — літр, плошчы зямельных дзялянак — ар, масы — тона. Важнай адметнай асаблівасцю М.с.м. з’яўляецца спосаб утварэння дзесятковых кратных адзінак і дольных адзінак. Міжнар. характар М.с.м. пацверджаны Метрычнай канвенцыяй 1875, якую падпісалі 17 дзяржаў (у т.л. Расія); у 1925 М.с.м. прызнана ў СССР, у т.л. ў Беларусі. На аснове М.с.м. распрацавана Міжнародная сістэма адзінак.

У.Л.Саламаха.

т. 10, с. 316

МЕТРЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, у аснове якога ляжаць метрычныя прынцыпы арганізацыі вершаванага радка (гл. Метр у вершаскладанні). Да яго адносяцца ўсе віды вершаў ант. (метрычнай) і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання. Як яго процілегласць існуе дысметрычны верш, што ўключае формы верша (сілабічны, танічны, свабодны), у якіх не вылучаюцца стопы.

В.П.Рагойша.

...МЕТРЫЯ (ад грэч. metreō вымяраю), другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні слову «вымярэнне» (напр., геаметрыя, стэрэаметрыя).

т. 10, с. 316

МЕ́ТСАНУРК ((Metsanurk) Майт) (сапр. Хубель Эдуард; 19.11.1879; в. Метсанука Тартускага пав., Эстонія — 21.8.1957),

эстонскі пісьменнік. Скончыў гар. вучылішча ў Таліне (1900). Друкаваўся з 1904. Аўтар твораў сац.дыдактычнага характару, прасякнутых ідэяй маральнага самаўдасканалення чалавека (зб-кі навел «Боскія дзеці», 1910; «Апошні дзень», 1927; «Жыццё ўрываецца», 1931; «Зямное ярмо», 1933). У раманах — сац.-псіхал. «Вілем з Вахесаарэ» (1909), «Рабы» (1912), «Вось чалавек!» (1918), «Жыццё і смерць Таавета Сааверэ» (1922), дылогіі «Белае воблака» (1925) і «Чырвоны вецер» (1928), антыклерыкальнай накіраванасці «Званыя і выбраныя» (1937), гіст. «На рацэ Юмерэ» (1934), «Агонь, які тлее» (1939), «Летні сонцаварот» (1957) і інш. шырыня ахопу гіст. падзей, своеасаблівая трактоўка ідэйных канфліктаў эпохі, надзённыя праблемы жыцця эст. вёскі і інтэлігенцыі, рэаліст. паказ сац. з’яў, тонкі псіхалагізм. Выступаў як драматург.

Тв.:

Рус. пер. — На реке Юмере. Таллин, 1964;

Красный ветер. 3 изд. Таллин, 1979.

т. 10, с. 316

МЕТУЭ́НСКІ ДАГАВО́Р.

Падпісаны ў снеж. 1703 паслом Вялікабрытаніі ў Партугаліі лордам Метуэнам (адсюль назва) і партуг. ўрадам. Паводле М.д., у абмен на значнае памяншэнне мытных падаткаў на сваё віно партуг. ўлады дазволілі свабодны ўвоз у Партугалію англ. шарсцяных вырабаў. У выніку Вялікабрытанія заняла пануючае месца ў знешнім гандлі з Партугаліяй, што зрабіла вінаробства вядучай галіной партуг. эканомікі і прывяло да заняпаду інш. галін прам-сці. Дагавор узмацніў залежнасць Партугаліі ад Вялікабрытаніі. Фармальна скасаваны ў 1836.

т. 10, с. 316

МЕТЧЫ́К,

металарэзны інструмент для наразання ўнутранай разьбы ў папярэдне прасвідраваных адтулінах. Бываюць станочныя і ручныя, гаечныя і інструментныя (матачныя і плашкавыя). Разьбу ў гайках і падобных дэталях наразаюць на гайканаразных аўтаматах з выкарыстаннем аўтаматных М. з адагнутым хваставіком.

Метчык.

т. 10, с. 316

МЕТЫ́Л, метыльная група,

вуглевадародны радыкал, аднавалентная група атамаў, CH3−.

т. 10, с. 316