Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКО́ТНІКАЎ (Валерый Аляксандравіч) (14.2.1929, г. Цвер, Расія — 27.5.1988),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1985). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1952). З 1966 у Бел. ін-це механізацыі сельскай гаспадаркі (з 1977 рэктар). Навук. працы па тэорыі і праектаванні дарожных, меліярацыйных і с.-г. машын і трактароў. Распрацаваў асновы тэорыі колавых і гусенічных машын.

Тв.:

Проходимость машин. Мн., 1982 (разам з А.​В.​Панамаровым, А.​У.​Кліманавым);

Основы теории и расчета трактора и автомобиля. М., 1986 (разам з А.​А.​Машчэнскім, А.​С.​Салонскім);

Мелиоративные, строительные и лесные тракторы. Мн., 1989 (у сааўт.).

Л.​В.​Бароўка.

т. 14, с. 469

СКОТЧ (англ. scotch надрэз),

клейкая стужка для ўпакоўкі ў выглядзе невял. рулона, ад якога адразаецца неабходная частка.

т. 14, с. 469

СКО́ТЫ (позналац. Scotti, Scoti),

група кельцкіх плямён. Упершыню згадваюцца ў познарым. пісьменнікаў у сувязі з нападамі С. і піктаў на рым. правінцыю Брытанія. Першапачаткова жылі ў Ірландыі (адсюль адна з назваў Ірландыі ў рым. крыніцах — Скотыя). Пазней, магчыма ў сярэдзіне 1-га тыс. н.э., частка С. перасялілася на Пн Брытаніі, дзе падпарадкавала піктаў і ў сярэдзіне 9 ст. заснавала каралеўства, якое атрымала назву Шатландыя (Scotland, літар. краіна С.).

т. 14, с. 469

СКО́У ((Skou) Енс Крысціян) (н. 8.10.1918, г. Лемвіг, Данія),

дацкі біяхімік і фізіёлаг. Чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і літаратуры (1965), Ням. акадэміі прыродазнаўцаў «Леапальдзіна» (1977). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1988). Д-р медыцыны (1954). Скончыў Капенгагенскі ун-т (1944). З 1947 у Орхускім ун-це (з 1963 праф. і кіраўнік Ін-та фізіялогіі, у 1978—88 кіраўнік Ін-та біяфізікі). Навук. працы па вывучэнні мясц. анестэтыкаў, біяэнергетыцы жывой клеткі, мембраннай біяхіміі і фізіялогіі. Адкрыў (1957) іоннатранспартны фермент натрыйкаліевую адэназінтрыфасфатазу, які ажыццяўляе адзін з фундаментальных працэсаў у жывой клетцы — перанос іонаў Na​+ і К+ праз клетачную мембрану. Заклаў асновы мембраннай біяхіміі трансп. пратэінаў. Нобелеўская прэмія 1997 (разам з П.​Д.​Боерам, Дж.​Э.​Уокерам).

М.​М.​Касцюковіч.

Е.К.Скоу.

т. 14, с. 469

СКО́ФІЛД ((Scofield) Пол) (н. 21.1.1922, г. Херстпірпойнт, Вялікабрытанія),

англійскі акцёр. Вучыўся ў школах пры Рэпертуарным т-ры (1939, г. Кройдан) і пры т-ры «Маск» (1940—41, Лондан). З 1942 выступаў у Вандроўны.м, з 1944 у Бірмінгемскім, з 1946 у Шэкспіраўскім мемарыяльным (г. Стратфард-он-Эйван), з 1949 у інш. т-рах. Лепшая яго роля — Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Лір, Макбет (аднайм. трагедыі Шэкспіра), Томас Мор («Чалавек на ўсе часы» Р.​Болта; прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў Маскве за лепшую мужчынскую ролю ў аднайм. фільме, 1966), Траплёў, Вайніцкі («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля). З 1954 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Скарпіён», «Ганна Карэніна», «Гамлет» і інш. Гастраліраваў у СССР у 1955, 1964, 1968.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Пол Скофилд. Л., 1970.

т. 14, с. 469

СКО́ЧКІ (Sempervivum),

род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі 1 від — С. атожылкавыя (S. sobolifera), які часта выдзяляюць у род Jovibarba. Трапляюцца па сухіх пясчаных месцах у хваёвых лясах. Як дэкар. расліны вырошчваюць С. дахавыя (S. tectorum) і каўказскія (S. caucasicum).

Шматгадовыя травы выш. да 40 см. Лісце мясістае, чаргаванае, ніжняе — у шчыльнай разетцы. Неквітучыя атожылкі ў выглядзе шарападобных разетак. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, ружовыя, чырв ці пурпурныя ў шчыткападобна-мяцёлчатых суквеццях. Плод — лістоўка. Пасля плоданашэння расліна адмірае. Лісце і маладыя парасткі спажываюць як салату. Дэкар., лек., харч., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скочкі: 1 — закаўказскія; 2 — каўказскія.

т. 14, с. 469

СКРАБЕ́ЦКІ Леан, піяніст, педагог, дырыжор, кампазітар 19 ст. Творчае жыццё звязана з Беларуссю і Расіяй. З сярэдзіны 1850-х г. у Магілёве, выступаў у канцэртах як выканаўца на фп. і фісгармоніі, дырыжыраваў аркестрам мясц. аматараў, навучаў ігры на розных інструментах. З канца 1868 у Віцебску, з 1869 у Мінску, дзе дырыжыраваў Мінскім гарадскім аркестрам. У 1876—80 адзін з дырыжораў муз. т-ва ў г. Растоўна-Доне. Аўтар шэрагу фп. і вак. твораў, якія друкаваліся ў Вільні і Варшаве; артыкулаў пра муз. жыццё Магілёва ў польскім муз. часопісе «Ruch Muzyczny» («Музычны рух»). Супрацоўнічаў з рэдакцыямі газет «Могилевские губернские ведомости» і «Донская пчела».

А.​Л.​Капілаў.

т. 14, с. 469

СКРА́БІН (Аляксандр Мікалаевіч) (6.1.1872, Масква — 27.4.1915),

рускі кампазітар і піяніст, педагог. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1892, кл. С.​Танеева, В.​Сафонава). З 1895 вёў канцэртную дзейнасць. У 1898—1903 праф. Маскоўскай кансерваторыі. У 1904—10 жыў і працаваў за мяжой (з перапынкамі). У яго творчасці ўвасоблены ідэі экстатычнага памкнення да невядомых «касмічных» сфер, стваральнай сілы мастацтва. Музыцы ўласцівы напружанасць, дыяпазон вобразаў ад натхнёна-ідэальных, вытанчаных да экспрэсіўна-гераічных. Наватар муз.-выразных сродкаў; развіваў ідэю спалучэння каляровага святла і музыкі, упершыню ў муз. практыцы ўвёў партыю каляровага святла (сімф. паэма «Праметэй»). Станаўленне стылю С. выявілася ў сімфанізме. Аўтар твораў: для арк. — 3 сімфоній (1900—04, 3-я — «Боская паэма»), сімф. паэм «Мары» (1898), «Паэма экстазу» (1907), «Праметэй» («Паэма агню», з фп. і хорам, 1910); канцэрта для фп. з арк. (1897); для фп. — 10 санат (1892—1913), 29 паэм, 26 эцюдаў, 90 прэлюдый, 21 мазуркі, 11 экспромтаў, вальсаў, фантазій і інш. Творчасць С. паўплывала на фп. і сімф. музыку 20 ст.

Літ. тв.: Письма. М., 1965.

Літ.: Дельсон В.Ю. Скрябин. М., 1971; Бэлза И. А.​Н.​Скрябин. М., 1987; Рубцова В. А.​Н.​Скрябин. М., 1989.

Т.​А.​Дубкова.

А.М.Скрабін.

т. 14, с. 470

СКРА́БІН (Георгій Канстанцінавіч) (17.9.1917, С.-Пецярбург — 26.3.1998),

расійскі мікрабіёлаг і біяхімік. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1968). Сын К.​А.​Скрабіна. Скончыў Казанскі вет. ін-т (1942). З 1949 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР. З 1967 дырэктар Ін-та біяхіміі і фізіялогіі мікраарганізмаў АН СССР. У 1967—74 дырэктар Навук. цэнтра біял. даследаванняў АН СССР у г. Пушчына. У 1971—88 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН СССР. Навук. працы ў галіне агульнай і тэхн. мікрабіялогіі і біяхіміі мікраарганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1971. Залаты медаль імя І.​І.​Мечнікава 1984.

т. 14, с. 470

СКРА́БІН (Канстанцін Іванавіч) (7.12.1878, С.-Пецярбург — 17.10.1972),

расійскі вучоны ў галіне гельмінталогіі; заснавальнік сав. школы гельмінтолагаў. Акад. АН СССР (1939), УАСГНІЛ (1935), АМН СССР (1944). Правадз і ганаровы чл. іншаземных акадэмій (Францыі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы і інш.), навук т-ваў ЗША, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Індыі і інш. Д-р вет., мед., біял. н. (1934, 1938, 1943). Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Юр’еўскі вет. ін-т (1905). У 1917—43 праф. Данскога, Маскоўскага, Ленінградскага, Казанскага вет. ін-таў; адначасова з 1920 ва Усесаюзным ін-це гельмінталогіі (у 1931—61 дырэктар). З 1956 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. Навук. працы па марфалогіі, сістэматыцы, экалогіі паразітычных чарвей с.-г. жывёл і чалавека, эпідэміялогіі і мерапрыемствах па барацьбе з гельмінтозамі (распрацаваў прынцыпы дэгельмінтызацыі і дэвастацыі). Апісаў каля 200 новых відаў і даў абгрунтаванне 120 новым родам гельмінтаў. Увёў паняцце аб дадатковых і рэзервуарных гаспадарах, транзітным паразітызме і сімбіяпаразітызме, бія- і геагельмінтозах. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950.

Тв.:

Гельминтозы человека. Ч. 1—2. М.; Л., 1929—31 (разам з Р.​С.​Шульцам);

Основы общей гельминтологии. М., 1940;

Трематоды животных и человека: Основы трематодологии. Ч. 1—23. М.; Л., 1947—70;

Моя жизнь в науке. М., 1969.

Літ.:

Гильденблат А.А., Заянчковский И.Ф. Академик К.И. Скрябин и советская гельминтология. М., 1963.

К.І.Скрабін.

т. 14, с. 470