Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕН-АНЖУ́,

парода буйной рагатай жывёлы мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі скрыжаваннем парод мансель (мясц.) і дурхен (англ.). Гадуюць у Францыі. На Беларусі — у доследна-племянной гаспадарцы «Куранец» Вілейскага р-на.

Касцяк і галава цяжкія, лоб шырокі, шыя тоўстая, кароткая, тулава шырокае, доўгае, спіна прамая, грудзі глыбокія, паясніца кароткая, крыж доўгі, мясныя формы добра выяўленыя. Масць чырв., чырв.-пярэстая. Маса кароў 750—900, бугаёў 1200—1350 кг Скараспелыя. Мяса высокай якасці. Сярэдні гадавы надой 2,9 т (рэкордны 3,8 т). Непатрабавальныя да кармоў.

П.​П.​Ракецкі.

т. 10, с. 283

МЕР ((Meer) Сімон ван дэр) (н. 24.11.1925, г. Гаага, Нідэрланды),

галандскі фізік і інжынер. Чл.-кар. Каралеўскай Нідэрл. АН (1984). Замежны чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1984). Скончыў Тэхнал. ун-т у Дэлфце (1952). З 1952 у н.-д. лабараторыі фірмы «Філіпс», у 1956—90 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе. Навук. працы па фізіцы паскаральнікаў і электронных мікраскопах. Прапанаваў метад стахастычнага ахаладжэння антыпратонаў, з дапамогай якога былі адкрытыя прамежкавыя вектарныя базоны, якія з’яўляюцца пераносчыкамі слабых узаемадзеянняў (1983). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з К.Рубія).

М.​М.​Касцюковіч.

С. ван дэр Мер.

т. 10, с. 291

МЕ́РА,

мера масы ў сістэме мер ВКЛ. Раўнялася 1 пуду.

т. 10, с. 291

МЕ́РА,

філасофская катэгорыя, якая абазначае арган. адзінства якаснай і колькаснай акрэсленасці прадмета або з’явы. У гісторыі філасофіі распрацавана Г.​Гегелем. Кожнаму якасна своеасабліваму аб’екту ўласцівы пэўныя колькасныя (зменлівыя і рухомыя) характарыстыкі. М. паказвае межы, за якімі колькасныя змены ўласцівасцей, складу, структуры прадметаў або працэсаў прыводзяць да змены іх якасці (закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя). У сваю чаргу змена якасці дадзенага аб’екта вядзе да змены яго колькасных характарыстык і М. Сувязь і адзінства колькасці і якасці абумоўлены прыродай данага аб’екта. Калі разглядаць развіццё аб’екта, то пункты пераходу ад адной ступені да другой выступаюць як вузлавыя пункты змены М.; пра сістэму такіх вузлоў прынята гаварыць як аб вузлавой лініі М.

т. 10, с. 291

МЕ́РА,

фіна-угорскае племя, якое ў 1-м тыс. н.э. жыло ў Волга-Окскім міжрэччы. Упершыню ўпамінаюцца ў 6 ст. гісторыкам Іарданам. Летапіс «Аповесць мінулых гадоў» размяшчае М. ў раёне азёр Нера і Клешчына. Асн. заняткі: жывёлагадоўля, паляванне, рыбалоўства, хатнія рамёствы. На мяжы 1—2-га тыс. н.э. асіміляваны ўсх. славянамі.

т. 10, с. 291

МЕРАБІШВІ́ЛІ (Канстанцін Міхайлавіч) (23.7.1906, Тбілісі — 1993),

грузінскі скульптар. Нар. маст. Грузіі (1958). Чл.кар. АМ СССР (1970). Скончыў Тбіліскую АМ (1930), з 1934 выкладаў у ёй (з 1944 праф.). Аўтар помнікаў Ш.​Руставелі (1942) і М.​Ахундаву (1958) у Тбілісі, Г.​Эрыставі ў Горы (1950), Г.​Дзімітрову ў Маскве (1972, з М.​Мерабішвілі) і інш., партрэтаў. Дзярж. прэмія СССР 1943.

К.Мерабішвілі. Помнік Ш.​Руставелі ў Тбілісі. 1942.

т. 10, с. 291

МЕРАВІ́НГІ (позналац. Merovingi),

першая каралеўская дынастыя ў Франкскай дзяржаве ў 457—751. Назва ад легендарнага родапачынальніка Меравея (Merovaeus). У перыяд праўлення М. у франкаў зарадзіліся феад. адносіны. Гал. прадстаўнікі: Хільдэрык I [457—81] — фактычны заснавальнік дынастыі; Хлодвіг I [481—511], пры якім франкі заваявалі рым. Галію; Хлотар II [584—629], Дагаберт I [629—39]. Пераемнікі Дагаберта I, т.зв. «лянівыя каралі», былі фактычна адхілены ад улады сваімі маярдомамі (вышэйшымі саноўнікамі), адзін з якіх — Піпін Кароткі — скінуў апошняга караля з дынастыі М. Хільдэрыка III [743—51] і паклаў пачатак дынастыі Каралінгаў.

т. 10, с. 291

МЕРАЖКО́ЎСКІ (Дзмітрый Сяргеевіч) (14.8.1866, С.-Пецярбург — 9.12.1941),

рускі пісьменнік, літаратуразнавец, рэлігійны філосаф. Муж З.Гіпіус. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1920 эмігрыраваў, жыў у Парыжы. У Вял. Айч. вайну калабарацыяніст. Друкаваўся з 1881. Ранняя лірыка (зб. «Вершы, 1883—1887», 1888) блізкая да паэзіі С.​Надсана. У эстэт. маніфесце рус. сімвалізму «Пра прычыны ўпадку і пра новыя плыні сучаснай рускай літаратуры» (1893) развіваў канцэпцыю «новага мастацтва», асн. элементамі якой лічыў «містычны змест» і «сімвалы». Паэт. дэкларацыя — зб. «Сімвалы» (1892). У трылогіі «Хрыстос і Антыхрыст» (1895—1905), рамане «Аляксандр I» (кн. 1—2, 1911—12), п’есе «Павел I» (1908) і інш. асэнсаванне сусв. гісторыі як вечнай барацьбы двух пачаткаў — Хрыста і Антыхрыста, двух сістэм маральных каштоўнасцей. На аналагічнай апазіцыі будуюцца і яго літ.-крытычныя даследаванні: «Л.​Талстой і Дастаеўскі» (т. 1—2, 1901—02), «Дзве тайны рускай паэзіі» (1915, пра М.​Някрасава і Ф.​Цютчава) і інш. Аўтар прац «Наступны Хам» (1906), «Не мір, але меч. Да будучай крытыкі хрысціянства» (1908), гіст.-рэліг. эсэ і інш. П’еса «Хрыстос і Антыхрыст (Царэвіч Аляксей)» Б.​Луцэнкі і У.​Рудава паводле рамана М. «Пётр і Аляксей» паст. Дзярж. рус. драм. т-р (1991).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Петр и Алексей. М., 1994.

Дз.С.Меражкоўскі.

т. 10, с. 291

МЕРАЖЫ́НСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (10.7.1906, г. Бахчысарай, Украіна — 31.7.1970),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н., праф. (1942). Скончыў Адэскі мед. ін-т (1930). З 1950 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па акісляльна-аднаўленчых працэсах пры авітамінозах, абмене рэчываў пры інсулінатэрапіі, метабалічных парушэннях пры траўмах, парушэннях абмену рэчываў пры ненармальным харчаванні, ролі гармонаў і вітамінаў у забеспячэнні біял. аховы арганізма, біяхім. стане клетачных і субклетачных мембран пры захворваннях.

Тв.:

Основы клинической биохимии. М., 1965 (разам з Л.​С.​Чаркасавай);

Нарушения углеводного обмена при заболеваниях человека. Мн., 1967.

т. 10, с. 292

МЕРА́НА (Merano),

кліматабальнеалагічны курорт у Італіі, на ПнЗ ад г. Бальцана. Вядомы з 19 ст. Клімат вельмі мяккі зімой, сухі субтрапічны летам. Шмат крыніц мінер. вод, у т. л. радонавых. Лечаць хваробы органаў дыхання, апорна-рухальнай і перыферычнай нерв. сістэм, скуры, мочапалавой сістэмы. Бальнеа-фізіялячэбніцы, пансіянаты, атэлі. Буйны цэнтр турызму. Месца правядзення міжнар. кінафестываляў, шахматных турніраў. Шмат арх. помнікаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 10, с. 292