Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАНДЭРБЕ́Г [Scanderbeg, Skenderbeu; сапр. Кастрыёці (Kastrioti) Георг, каля 1405—17.1.1468],

кіраўнік вызв. барацьбы алб. народа супраць асманскіх заваёўнікаў, нац. герой Албаніі. Паходзіў з княжацкага роду Кастрыёці. У дзіцячым узросце ўзяты заложнікам да тур. султана Мурада II. Служыў у тур. арміі, удзельнічаў у многіх войнах, выявіў ваен. здольнасці. За ваен. заслугі атрымаў тытул бея і ў гонар Аляксандра Македонскага названы Іскандэрам (адсюль С. — скажонае Іскандэр-бей). Спакваля рыхтаваўся да барацьбы супраць тур. султана, кантактаваў з яго ўнутр. і знешнімі праціўнікамі, вёў перагаворы з Я.​Хуньядзі. Пасля пераможнай для венг. арміі бітвы з тур. войскамі каля Ніша (3.11.1443) С. з атрадам у 300 вершнікаў пакінуў тур. лагер і прыбыў у Дыбру. Абапіраючыся на свабодных сялян, пачаў паход, накіраваны на выгнанне турак з алб. зямель. Неўзабаве ён заняў Крую, 28 ліст. абвешчаны галавой княства Кастрыёці. Выгнаў тур. гарнізоны з шэрагу крэпасцей і ўсталяваў незалежную ад туркаў уладу на частцы тэр. краіны. У 1444 засн. лігу алб. князёў і стаў яе кіраўніком, стварыў і ўзначаліў рэгулярную армію. На працягу 24 гадоў адбіваў спробы тур. захопнікаў аднавіць сваю ўладу на алб. землях (разгром тур. арміі ў 1444, 1457, абарона Круі ў 1450, 1466—67). У Албаніі ўстаноўлены ордэн С., яго імем названа гал. плошча ў Тыране, дзе яму ўстаноўлены помнік. На Беларусі імя С. вядома з помніка перакладной л-ры пач. 17 ст.«Аповесць пра Скандэрбега».

Скандэрбег.

т. 14, с. 436

СКА́НЕР (англ. scanner разгортвальная прылада),

электронная прылада, якая пераўтварае плоскі відарыс (тэкст, табліцу, чарцёж, фатаграфію ці інш.) у лічбавы код шляхам паслядоўнага прагляду (сканіравання) усіх пунктаў поля відарыса. Пры гэтым для кожнага пункта вымяраюцца яго яркасныя і колерныя характарыстыкі. Выкарыстоўваецца для ўводу інфармацыі ў ЭВМ або для перадачы яе па лініях факсімільнай сувязі.

т. 14, с. 436

СКАНІ́РАВАННЕ (ад англ. scan разгортваць; праглядаць) у медыцыне, метад даследавання асаблівасцей анат. будовы і размяшчэння ўнутр. органаў, шкілета, выяўлення пухлін (іх метастазаў) і інш. Адрозніваюць радыеізатопнае С. (шляхам графічнай рэгістрацыі размеркавання ў арганізме радыефармацэўтычнага прэпарата з дапамогай аўтам. рэгістравальных прылад — сканераў, якія ажыццяўляюць парадковае перамяшчэнне дэтэктара над ч. цела, што даследуецца) і ультрагукавое (з выкарыстаннем ультрагуку). Пры радыеізатопным С. выпрамяненне радыеізатопаў рэгіструецца і пераўтвараецца спец. электронным прыстасаваннем у штрыхавыя адзнакі на паперы (утвараецца чорна-белая або каляровая сканаграма). Пры аналізе сканаграм выяўляюць ачагі (участкі) залішняга або недастатковага назапашвання прэпарата, якія характарызуюць павышаную або паніжаную функцыян. актыўнасць органа, тканкі.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 436

СКАНІ́РАВАННЕ ў тэхніцы,

кіравальнае прасторавае перамяшчэнне (паводле пэўнага закону) светлавога пучка, пучка электронаў, напрамку максімуму выпрамянення (прыёму) антэны і інш., пры якім паслядоўна «праглядаецца» зададзеная зона прасторы ці паверхні назіранага аб’екта.

Ажыццяўляецца мех. (напр., вуглавым перамяшчэннем выпрамяняльнай сістэмы) ці немех. метадамі — эл. кіраваннем элементамі выпрамяняльніка ці ўласцівасцямі асяроддзя, дзе распаўсюджваецца прамень (пучок). С. пучка зараджаных часціц выконваецца ўздзеяннем на яго пераменным эл. або магн. полем. С. плоскіх відарысаў (тэксту, чарцяжоў, рысункаў і інш.) выконваецца з дапамогай сканера. Выкарыстоўваецца ў электронна-прамянёвых прыладах, растравых мікраскопах, сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, радыёлакацыі і інш.

т. 14, с. 436

«СКА́НІЯ»

(Scania),

сям’я грузавых аўтамабіляў вял. грузападымальнасці і аўтобусаў. Выпускаецца з 1911 швед. фірмай «Сканія-Вабіс» (з 1968 «СААБ-Сканія» — аўтамаб. аддзяленне авіяцыйнага канцэрна «СААБ»). Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння маюць поўную масу 17,5—47 т (аўтапаязды да 60 т), рухавікі магутнасцю 155—361 кВт. Аўтобусы — пасажыраўмяшчальнасць 27—150 чал.

Грузавы аўтамабіль «Сканія»: мадэль Р93МА-4x2 са смеццезбіральным кузавам.

т. 14, с. 436

СКА́НСЭН (швед. Skansen),

этнаграфічны музей пад адкрытым небам, дзе экспануюцца ўзоры нар. архітэктуры і прылад працы пэўнага рэгіёна. У экспазіцыю ўваходзяць помнікі нар. дойлідства (як правіла, драўляныя), перавезеныя з розных рэгіёнаў краіны і абсталяваныя этнагр. начыннем (прадметы побыту, вырабы нар. рамёстваў і промыслаў і г.д.). У натуральным асяроддзі яны ўтвараюць цэласны сядзібна-бытавы і культ.-грамадскі комплекс, фрагмент традыц. вёскі, мястэчка, гар. вуліцы і інш. Узніклі С. ў 19 ст. ў Еўропе. Ідэю такога музея ўпершыню сфармуляваў швейц. пісьменнік Ч.​Бастэтэн. Развіццю ідэі спрыяла стварэнне этнагр. аддзелаў у музеях Берлінскім Новым (1855), Амер. прыродазнаўча-гіст. (1866), Брыт. (1860-я г.) і інш. У 1867 на Маскоўскай этнагр. выстаўцы, прымеркаванай да I слав. з’езда, экспанаваліся макеты сядзіб і жытла з рэгіёнаў Расіі, Беларусі, Украіны. Макеты помнікаў нар. архітэктуры экспанаваліся таксама на сусв. выстаўцы ў Парыжы (1867) і Вене (1873). У 1874—86 стваральнік буйнейшага ў Еўропе заал. парку каля г. Гамбург (Германія) К.​Гагенбек арганізаваў антрапазаал. экспазіцыі ў еўрап. сталіцах калмыкаў, індзейцаў, эскімосаў, лапландцаў і інш., якія дэманстравалі свае жытлы, прадметы працы і побыту, ствараючы часовыя музеі пад адкрытым небам. У канцы 19 ст. на этнагр. выстаўках пачалі экспанаваць перавезеныя і адрэстаўрыраваныя сядзібы і двары (1894, краёвая выстаўка ў г. Львоў, Украіна; 1895, Прага). На выстаўцы ў Будапешце (1896) экспанавалася вёска з 24 сядзіб. Як форма музейнай дзейнасці з перавозкай помнікаў атрымала развіццё ў краінах Скандынавіі. У 1873 лінгвіст і этнограф А.​Хецэліус стварыў у Стакгольме сканд. этнагр. калекцыю, у 1880 на яе аснове — Паўн. музей з помнікамі драўлянага дойлідства, які размясціўся на в-ве Дзюгардэн у прадмесці Стакгольма Скансэн (адсюль назва), у 1891 адкрылася экспазіцыя першага ў свеце музея пад адкрытым небам. У пач. 20 ст. С. адкрыты ў Осла (Бігдой, 14 га, больш за 100 помнікаў), Орхусе (Данія, больш за 50 помнікаў), Арнеме (Галандыя, пл. 33 га, 19 тыпаў сельскіх дамоў) і інш. Іх структуру ўтваралі жылыя і гасп. пабудовы, аб’яднаныя ў сядзібы, а сядзібы — у фрагменты паселішчаў, а таксама — сакральныя збудаванні, будынкі заезных дамоў, ратушы, школы, крамы, майстэрні рамеснікаў, вытв. будынкі (кузні, млыны і інш.). Важная роля адводзілася ландшафту. Сярод найб. маляўнічых С.; Кашубскі каля г. Гданьск (Польшча; 1906, пл. 12 га, 37 помнікаў), у Каломенскім (Масква; 1923), г. Рожнаў (Чэхія; 1925), музей-сяло каля Бухарэста (1936, пл. 62 га, больш за 220 помнікаў), музей-вёска ў г. Сан-Дыега (ЗША; 1946), у Букрыку каля Бруселя (1954, пл. 54 га, 61 помнік), Эстонскі парк-музей нар. дойлідства і побыту ў Таліне («Рок аль Марэ»; 1957, пл. 60 га), комплекс «Этыр» каля г. Габрава (Балгарыя; 1961, пл. 6 га), у Румшышкесе (Літва; 1966, пл. 175 га, больш за 100 помнікаў) і інш. У 1969 у Расіі адкрыты музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі пад адкрытым небам на в-ве Кіжы (28 помнікаў). Усяго існуе больш за 600 нац. музеяў-С. і некалькі тысяч занальных, рэгіянальных, лакальных, мемар. і музеяў-помнікаў пад адкрытым небам. Іх экспазіцыі будуюцца паводле выпрацаваных прынцыпаў: этнагр. (адлюстраванне культуры і побыту гіст.-этнагр. рэгіёнаў і лакальных раёнаў краіны), гіст. (эвалюцыя культуры ў часе), сац. (культура грамадскіх саслоўяў), функцыян. (супадпарадкаванне пабудоў у двары, сядзібе, паселішчы). Перавага аддаецца захаванню помнікаў нар. дойлідства на гіст. месцах, у жывым асяроддзі і стварэнне на іх аснове ландшафтных запаведнікаў, арх.-этнагр. запаведнікаў, музеяў-ферм, музеяў-вёсак, музеяў-прадмесцяў, гіст. гарадоў і інш. У 1976 засн. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (на беразе Воўчкавіцкага вадасховішча, пл. каля 210 га).

Літ.:

Шмелев В.Г. Музей под открытым небом. Киев, 1983;

Локотко А. Белорусскому скансену 20 лет // Архитектура и стр-во. 1996. №5/6.

А.​І.​Лакотка.

т. 14, с. 436

СКАНЬ,

тое, што філігрань.

т. 14, с. 437

СКАПА́ (Pandion haliaëtus),

драпежная птушка сям. скапіных атр. сокалападобных. Адзіны від сямейства. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паўн. Афрыцы, Аўстраліі. Жыве ў азёрна-лясных ландшафтах. На Беларусі пералётны від; гняздуецца пераважна на Пн рэспублікі ў Беларускім Паазер’і. Занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 60 см, крыла 50 см, маса да 1,9 кг. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне зверху цёмна-бурае, знізу жаўтавата-белае, з падоўжнымі бурымі стракацінамі на грудзях. На патыліцы чубок з завостраных пёраў. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і лапы шэрыя. Корміцца пераважна рыбай. Адкладвае да 4 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Скапа.

т. 14, с. 437

СКАПАЛІ́Т (ад грэч. skapos слуп + lithos камень),

група мінералаў, каркасных алюмасілікатаў, (Na, Ca, K)4 [Al3 (Al, Si)3 Si6 O24] (Cl, CO3, SO4, F, OH). Мінералы гэтай групы ўтвараюць бесперарыўны ізаморфны рад ад марыяліту Na4 [Al3 Si9 O24]Cl да меяніту Ca4 [Al6 Si6 O24]∙CO3. Маюць прымесі жалеза, магнію, тытану, марганцу. Крышталізуюцца ў тэтраганальнай сінганіі. Утвараюць слупкаватыя крышталі, зярністыя і паралельна-шаставатыя агрэгаты і інш. Колер белы, шэры, шэра-зялёны, мядова-жоўты, ружовы, блакітны да фіялетавага. Празрыстыя і паўпразрыстыя. Бляск шкляны. Цв. 6. Шчыльн. 2,6—2,75 г/см³. Паходжанне метамарфічнае. Пародаўтваральныя мінералы. Буйныя празрыстыя крышталі выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, Танзаніі і інш.

Скапаліт.

т. 14, с. 437

СКАПА́НІЯ (Scapania),

род пячоначных імхоў сям. скапаніевых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў С.: балаталюбная (S. paludicola), дуброўная (S. nemorosa), завостраная (S. apiculata), занесеная ў Чырв. кнігу; заліўная (S. irrigua), кароткая (S. curta). Трапляюцца на вільготнай глініста-пясчанай і тарфяной глебе.

Двух-, часам аднадомныя лістасцябловыя расліны выш. да 10 см, утвараюць дзярнінкі.

Сцёблы ляжачыя або прыўзнятыя, разгалінаваныя. Лісце кіляватае, двухлопасцевае, шчыльна размешчанае па сцябле. Архегоніі на верхавінцы сцябла, антэрыдыі па некалькі ў пазухах покрыўнага лісця. Каробачка прадаўгавата-акруглая.

Скапанія: 1 — завостраная; 2 — хвалістая.

т. 14, с. 437