СКА́НСЭН (швед. Skansen),

этнаграфічны музей пад адкрытым небам, дзе экспануюцца ўзоры нар. архітэктуры і прылад працы пэўнага рэгіёна. У экспазіцыю ўваходзяць помнікі нар. дойлідства (як правіла, драўляныя), перавезеныя з розных рэгіёнаў краіны і абсталяваныя этнагр. начыннем (прадметы побыту, вырабы нар. рамёстваў і промыслаў і г.д.). У натуральным асяроддзі яны ўтвараюць цэласны сядзібна-бытавы і культ.-грамадскі комплекс, фрагмент традыц. вёскі, мястэчка, гар. вуліцы і інш. Узніклі С. ў 19 ст. ў Еўропе. Ідэю такога музея ўпершыню сфармуляваў швейц. пісьменнік Ч.​Бастэтэн. Развіццю ідэі спрыяла стварэнне этнагр. аддзелаў у музеях Берлінскім Новым (1855), Амер. прыродазнаўча-гіст. (1866), Брыт. (1860-я г.) і інш. У 1867 на Маскоўскай этнагр. выстаўцы, прымеркаванай да I слав. з’езда, экспанаваліся макеты сядзіб і жытла з рэгіёнаў Расіі, Беларусі, Украіны. Макеты помнікаў нар. архітэктуры экспанаваліся таксама на сусв. выстаўцы ў Парыжы (1867) і Вене (1873). У 1874—86 стваральнік буйнейшага ў Еўропе заал. парку каля г. Гамбург (Германія) К.​Гагенбек арганізаваў антрапазаал. экспазіцыі ў еўрап. сталіцах калмыкаў, індзейцаў, эскімосаў, лапландцаў і інш., якія дэманстравалі свае жытлы, прадметы працы і побыту, ствараючы часовыя музеі пад адкрытым небам. У канцы 19 ст. на этнагр. выстаўках пачалі экспанаваць перавезеныя і адрэстаўрыраваныя сядзібы і двары (1894, краёвая выстаўка ў г. Львоў, Украіна; 1895, Прага). На выстаўцы ў Будапешце (1896) экспанавалася вёска з 24 сядзіб. Як форма музейнай дзейнасці з перавозкай помнікаў атрымала развіццё ў краінах Скандынавіі. У 1873 лінгвіст і этнограф А.​Хецэліус стварыў у Стакгольме сканд. этнагр. калекцыю, у 1880 на яе аснове — Паўн. музей з помнікамі драўлянага дойлідства, які размясціўся на в-ве Дзюгардэн у прадмесці Стакгольма Скансэн (адсюль назва), у 1891 адкрылася экспазіцыя першага ў свеце музея пад адкрытым небам. У пач. 20 ст. С. адкрыты ў Осла (Бігдой, 14 га, больш за 100 помнікаў), Орхусе (Данія, больш за 50 помнікаў), Арнеме (Галандыя, пл. 33 га, 19 тыпаў сельскіх дамоў) і інш. Іх структуру ўтваралі жылыя і гасп. пабудовы, аб’яднаныя ў сядзібы, а сядзібы — у фрагменты паселішчаў, а таксама — сакральныя збудаванні, будынкі заезных дамоў, ратушы, школы, крамы, майстэрні рамеснікаў, вытв. будынкі (кузні, млыны і інш.). Важная роля адводзілася ландшафту. Сярод найб. маляўнічых С.; Кашубскі каля г. Гданьск (Польшча; 1906, пл. 12 га, 37 помнікаў), у Каломенскім (Масква; 1923), г. Рожнаў (Чэхія; 1925), музей-сяло каля Бухарэста (1936, пл. 62 га, больш за 220 помнікаў), музей-вёска ў г. Сан-Дыега (ЗША; 1946), у Букрыку каля Бруселя (1954, пл. 54 га, 61 помнік), Эстонскі парк-музей нар. дойлідства і побыту ў Таліне («Рок аль Марэ»; 1957, пл. 60 га), комплекс «Этыр» каля г. Габрава (Балгарыя; 1961, пл. 6 га), у Румшышкесе (Літва; 1966, пл. 175 га, больш за 100 помнікаў) і інш. У 1969 у Расіі адкрыты музей-запаведнік нар. драўлянага дойлідства і этнаграфіі Карэліі пад адкрытым небам на в-ве Кіжы (28 помнікаў). Усяго існуе больш за 600 нац. музеяў-С. і некалькі тысяч занальных, рэгіянальных, лакальных, мемар. і музеяў-помнікаў пад адкрытым небам. Іх экспазіцыі будуюцца паводле выпрацаваных прынцыпаў: этнагр. (адлюстраванне культуры і побыту гіст.-этнагр. рэгіёнаў і лакальных раёнаў краіны), гіст. (эвалюцыя культуры ў часе), сац. (культура грамадскіх саслоўяў), функцыян. (супадпарадкаванне пабудоў у двары, сядзібе, паселішчы). Перавага аддаецца захаванню помнікаў нар. дойлідства на гіст. месцах, у жывым асяроддзі і стварэнне на іх аснове ландшафтных запаведнікаў, арх.-этнагр. запаведнікаў, музеяў-ферм, музеяў-вёсак, музеяў-прадмесцяў, гіст. гарадоў і інш. У 1976 засн. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (на беразе Воўчкавіцкага вадасховішча, пл. каля 210 га).

Літ.:

Шмелев В.Г. Музей под открытым небом. Киев, 1983;

Локотко А. Белорусскому скансену 20 лет // Архитектура и стр-во. 1996. №5/6.

А.​І.​Лакотка.

т. 14, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)