СКАПАЛІ́Т (ад грэч. skapos слуп + lithos камень),

група мінералаў, каркасных алюмасілікатаў, (Na, Ca, K)4 [Al3 (Al, Si)3 Si6 O24] (Cl, CO3, SO4, F, OH). Мінералы гэтай групы ўтвараюць бесперарыўны ізаморфны рад ад марыяліту Na4 [Al3 Si9 O24]Cl да меяніту Ca4 [Al6 Si6 O24]∙CO3. Маюць прымесі жалеза, магнію, тытану, марганцу. Крышталізуюцца ў тэтраганальнай сінганіі. Утвараюць слупкаватыя крышталі, зярністыя і паралельна-шаставатыя агрэгаты і інш. Колер белы, шэры, шэра-зялёны, мядова-жоўты, ружовы, блакітны да фіялетавага. Празрыстыя і паўпразрыстыя. Бляск шкляны. Цв. 6. Шчыльн. 2,6—2,75 г/см³. Паходжанне метамарфічнае. Пародаўтваральныя мінералы. Буйныя празрыстыя крышталі выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, Танзаніі і інш.

Скапаліт.

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)