ГРА́ФІК ЦЫКЛІ́ЧНАСЦІ,
графічнае адлюстраванне паслядоўнасці, працягласці і аб’ёмнасці колькасных паказчыкаў тэхнал. працэсаў вытв-сці. Складаецца на аснове разлікаў па вызначэнні аб’ёму работы па тэхналогіі, працягласці асобных аперацый, іх паслядоўнасці і сумяшчэння, колькасці рабочых і ўзаемасувязей паміж аперацыямі ў поўным вытв. цыкле. Найб. неабходны на прадпрыемствах з неперарыўнымі і цыклічнымі працэсамі вытв-сці; а таксама ў гарнаруднай прам-сці.
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 412
ГРА́ФІС
(Graphis),
род накіпных лішайнікаў сям. графідавых. Вядома 300 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, ва ўмераных шыротах — некалькі відаў. На Беларусі пашыраны графіс начэрчаны (G. scripta), расце на гладкай кары лісцевых дрэў.
Слаявіна ў выглядзе дробназярністай, аліўкава-шэрай, матавай корачкі, часам слабапрыкметная або цалкам у субстраце. Пладовыя целы (апатэцыі) шматлікія, доўгія і вузкія, прамыя, дугападобна выгнутыя, часам хвалістыя і разгалінаваныя, утвараюць малюнак, які нагадвае складаныя пісьмёны (адсюль назва). Дыск апатэцыя вузкі, шчылінападобны, чорны, з шызым напылам або без яго. Сумкі 8-споравыя. Споры цыліндрычныя, бясколерныя, потым цямнеюць.
т. 5, с. 414
ГРАФІ́Т
(ням. Graphit ад грэч. graphō пішу),
мінерал класа самародных элементаў; найб. пашыраная і ўстойлівая ў зямной кары паліморфная мадыфікацыя вугляроду. Мае прымесі газаў, вады, бітумаў, мікраэлементаў. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Структура слаістая. Звычайна цёмна-шэрыя да чорных ліставатыя, лускаватыя агрэгаты, канкрэцыі, суцэльныя масы. Бляск металічны. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Тлусты навобмацак. Вогнетрывалы, не плавіцца пры нармальным ціску, т-ра сублімацыі вышэй за 4000 К. Электраправодны, хімічна ўстойлівы. Трапляецца ў магматычных і метамарфічных пародах. Разнавіднасці: графітыт — скрытакрышт. рознасць, шунгітаморфная рознасць. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці плавільных тыгляў, ліцейнай справе, у атамнай прам-сці, пры вытв-сці электродаў, алоўкаў, шчолачных акумулятараў, сухіх элементаў, кантактных шчотак. Радовішчы графіту ў Расіі, на Украіне, у ЗША і інш. На Беларусі вядомы рудапраяўленні графіту ў крышт. фундаменце. Графіт атрымліваюць таксама штучным шляхам — награваннем антрацыту без доступу паветра. Блокі з чыстага штучнага графіту выкарыстоўваюць у ядзернай тэхніцы, як пакрыцці для соплаў ракетных рухавікоў і інш.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 414
ГРАФІТАПЛА́СТЫ,
пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніка прыродны ці штучны графіт або карбанізаваныя прадукты (коксы, тэрмаантрацыт і інш.). Сувязнымі матэрыяламі з’яўляюцца фенолаальдэгідныя і эпаксідныя смолы, поліаміды, фтарапласты і інш.
Максімальную цепла- і электраправоднасць пры здавальняючых мех. паказчыках маюць графітапласты з 75—85% (па масе) парашкападобнага штучнага графіту. Хім. ўстойлівасць графітапластаў абмежавана хім. устойлівасцю сувязнога. Адрозніваюць графітапласты тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя. Тэрмарэактыўныя прэс-парашкі (напр., антэгміт) атрымліваюць на аснове штучнага графіту і фенолафармальдэгідных, эпаксідных, фуранавах смол. Залівачныя кампаўнды з графітапластаў маюць добрыя мех. (у т. л. ліцейныя) уласцівасці. Тэрмапластычныя графітапласты на аснове поліамідаў (да 50% па масе) і прыроднага графіту адрозніваюцца павышанымі трываласцю і ўдарнай вязкасцю. Выкарыстоўваюць для вырабу антыкаразійных помпаў, кампрэсараў, цеплаабменнай хім. апаратуры, дэталей машын і прылад, якія працуюць у вузлах трэння без змазкі (напр., укладышы падшыпнікаў).
М.Р.Пракапчук.
т. 5, с. 415
ГРАФІТЫЗА́ЦЫЯ,
працэс утварэння графіту ў некаторых метал. сплавах (пераважна на аснове жалеза), якія маюць вуглярод у выглядзе няўстойлівых карбідаў. Адбываецца пры павышанай т-ры (напр., пры адпале), пад уплывам якой у метал. аснове сплаву фарміруюцца і растуць часцінкі графіту. Графітызацыя павышае зносаўстойлівасць сплаваў за кошт высокіх змазачных уласцівасцей графіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вырабаў з коўкага чыгуну.
т. 5, с. 415
ГРАФІ́ЦІ
(італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),
старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.
Г.В.Штыхаў.
т. 5, с. 415
ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,
метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.
Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення = 0 будуюць графік функцыі у = і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў f1(x) = f2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = f1(x) і y2 = f2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = f(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній f(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.
С.У.Абламейка.
т. 5, с. 415
...ГРАФІЯ (ад грэч. graphō пішу), другая састаўная ч. складаных слоў, якая азначае: апісанне, запіс, чарцёж, малюнак і да т.п. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. тэрмінаў — назваў навук, спосабаў узнаўлення, відарысаўтварэння, выяўлення чаго-н., а таксама прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя спосабы. Напр., галаграфія, гістарыяграфія, літаграфія.
т. 5, с. 416
ГРА́ФСТВА
(позналац. comitatus, франц. comté, англ. shire, county, ням. Grafschaft),
1) у сярэдневяковых еўрап. краінах зямля, якая знаходзілася ва ўладанні графа. На тэр. ВКЛ у 16 — канцы 18 ст. неафіц. назва вял. магнацкіх маёнткаў, якія мелі асобны апарат кіравання і перадаваліся ў спадчыну. Назвы графства былі звязаны з графскімі тытуламі, якія былі атрыманы прадстаўнікамі арыстакратыі ад імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» і якімі дазвалялася карыстацца ў ВКЛ. На Беларусі існавалі Глускае, Быхаўскае, Заблудаўскае, Койданаўскае, Копыскае, Лагойскае, Шклоўскае і інш. графствы.
2) Буйная адм.-тэр. адзінка ў некат. сучасных дзяржавах (Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі).
т. 5, с. 416
ГРА́ФЦІО Генрых Восіпавіч
(26.12.1869, г. Даўгаўпілс, Латвія — 30.4.1949),
расійскі вучоны і інжынер-энергетык. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Новарасійскі (у Адэсе) ун-т (1892) і Пецярб. ін-т інжынераў шляхоў зносін (1896). Удзельнічаў у праектаванні і буд-ве чыгунак, трамвая ў Пецярбургу, склаў праекты электрыфікацыі чыгунак Крыма і Закаўказзя, ГЭС на р. Вуоксе, Волхаве і інш. З 1907 выкладаў у Пецярб. электратэхн. ін-це (з 1921 праф.). Удзельнічаў у складанні плана ГОЭЛРО. У 1921—27 гал. інжынер буд-ва Волхаўскай ГЭС, потым узначальваў буд-ва Ніжнясвірскай ГЭС (прысвоена імя Графціо). У 1938—45 гал. інспектар па буд-ве ГЭС. Навук. даследаванні ў галіне гідраэнергетыкі.
Літ.:
Шевцов В.Н., Смирнов И.С. Генрих Осипович Графтио. М.; Л., 1955;
Шевцов В.Н. Генрих Осипович Графтио, 1869—1949 // Люди русской науки. М., 1965.
т. 5, с. 416