Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРА́ФІКА

(грэч. graphikē ад graphō пішу),

сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл. Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.

Літ.:

Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;

Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.

т. 5, с. 412

ГРА́ФІКА,

від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.

Найб. стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант. вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.Кало, Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, А.Дам’е, Ф.Гоя, Г.Дарэ, Э.Дэлакруа, Ф.Мазерэль, А.Кіпрэнскі, М.Уткін, В.Сяроў, І.Шышкін, у 20 ст. — П.Пікасо, А.Матыс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі, У.Лебедзеў, Л.Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял. гіст. змен і войнаў).

На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.Макоўскага, В. і М.Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.Ангілейка, А. і Л.Тарасевічы, Г.Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.Комар), эскізы дэкарацый (М.Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст.Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, В.Ваньковіч, Я.Дамель, М.Падалінскі, Я.Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.А.Урубеля). Да плаката звярталіся А.Быхоўскі, Ф.Валяроў, П.Гуткоўскі, С.Каўроўскі, Я.Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Малевіч, А.Тычына, у станковай — А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Горыд, Драздовіч, Я.Мінін, М.Сеўрук, С.Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.Букаты, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, В.Козак, Красільнікаў, Я.Красоўскі, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час. «Вожык» (А.Волкаў, Р.Грамыка, М.Гурло, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, В.Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.Александровіч, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, А. і Ю.Зайцавы, М.Карпук, Я.Кулік, М.Купава, Л.Марчанка, В.Паўлавец, У.Пашчасцеў, А.Рыбчынскі, У.Савіч, М.Селяшчук, Р.Сітніца, В.Славук, Г.Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац. маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.

Літ.:

Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;

Вып. 2;

Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;

Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;

Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг. Мн., 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг. Мн., 1979;

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.

А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.

т. 5, с. 412

ГРА́ФІК ЦЫКЛІ́ЧНАСЦІ,

графічнае адлюстраванне паслядоўнасці, працягласці і аб’ёмнасці колькасных паказчыкаў тэхнал. працэсаў вытв-сці. Складаецца на аснове разлікаў па вызначэнні аб’ёму работы па тэхналогіі, працягласці асобных аперацый, іх паслядоўнасці і сумяшчэння, колькасці рабочых і ўзаемасувязей паміж аперацыямі ў поўным вытв. цыкле. Найб. неабходны на прадпрыемствах з неперарыўнымі і цыклічнымі працэсамі вытв-сці; а таксама ў гарнаруднай прам-сці.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 412

ГРА́ФІС

(Graphis),

род накіпных лішайнікаў сям. графідавых. Вядома 300 пераважна трапічных і субтрапічных відаў, ва ўмераных шыротах — некалькі відаў. На Беларусі пашыраны графіс начэрчаны (G. scripta), расце на гладкай кары лісцевых дрэў.

Слаявіна ў выглядзе дробназярністай, аліўкава-шэрай, матавай корачкі, часам слабапрыкметная або цалкам у субстраце. Пладовыя целы (апатэцыі) шматлікія, доўгія і вузкія, прамыя, дугападобна выгнутыя, часам хвалістыя і разгалінаваныя, утвараюць малюнак, які нагадвае складаныя пісьмёны (адсюль назва). Дыск апатэцыя вузкі, шчылінападобны, чорны, з шызым напылам або без яго. Сумкі 8-споравыя. Споры цыліндрычныя, бясколерныя, потым цямнеюць.

т. 5, с. 414

ГРАФІ́Т

(ням. Graphit ад грэч. graphō пішу),

мінерал класа самародных элементаў; найб. пашыраная і ўстойлівая ў зямной кары паліморфная мадыфікацыя вугляроду. Мае прымесі газаў, вады, бітумаў, мікраэлементаў. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Структура слаістая. Звычайна цёмна-шэрыя да чорных ліставатыя, лускаватыя агрэгаты, канкрэцыі, суцэльныя масы. Бляск металічны. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,2 г/см³. Тлусты навобмацак. Вогнетрывалы, не плавіцца пры нармальным ціску, т-ра сублімацыі вышэй за 4000 К. Электраправодны, хімічна ўстойлівы. Трапляецца ў магматычных і метамарфічных пародах. Разнавіднасці: графітыт — скрытакрышт. рознасць, шунгітаморфная рознасць. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці плавільных тыгляў, ліцейнай справе, у атамнай прам-сці, пры вытв-сці электродаў, алоўкаў, шчолачных акумулятараў, сухіх элементаў, кантактных шчотак. Радовішчы графіту ў Расіі, на Украіне, у ЗША і інш. На Беларусі вядомы рудапраяўленні графіту ў крышт. фундаменце. Графіт атрымліваюць таксама штучным шляхам — награваннем антрацыту без доступу паветра. Блокі з чыстага штучнага графіту выкарыстоўваюць у ядзернай тэхніцы, як пакрыцці для соплаў ракетных рухавікоў і інш.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 414

ГРАФІТАПЛА́СТЫ,

пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніка прыродны ці штучны графіт або карбанізаваныя прадукты (коксы, тэрмаантрацыт і інш.). Сувязнымі матэрыяламі з’яўляюцца фенолаальдэгідныя і эпаксідныя смолы, поліаміды, фтарапласты і інш.

Максімальную цепла- і электраправоднасць пры здавальняючых мех. паказчыках маюць графітапласты з 75—85% (па масе) парашкападобнага штучнага графіту. Хім. ўстойлівасць графітапластаў абмежавана хім. устойлівасцю сувязнога. Адрозніваюць графітапласты тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя. Тэрмарэактыўныя прэс-парашкі (напр., антэгміт) атрымліваюць на аснове штучнага графіту і фенолафармальдэгідных, эпаксідных, фуранавах смол. Залівачныя кампаўнды з графітапластаў маюць добрыя мех. (у т. л. ліцейныя) уласцівасці. Тэрмапластычныя графітапласты на аснове поліамідаў (да 50% па масе) і прыроднага графіту адрозніваюцца павышанымі трываласцю і ўдарнай вязкасцю. Выкарыстоўваюць для вырабу антыкаразійных помпаў, кампрэсараў, цеплаабменнай хім. апаратуры, дэталей машын і прылад, якія працуюць у вузлах трэння без змазкі (напр., укладышы падшыпнікаў).

М.Р.Пракапчук.

т. 5, с. 415

ГРАФІТЫЗА́ЦЫЯ,

працэс утварэння графіту ў некаторых метал. сплавах (пераважна на аснове жалеза), якія маюць вуглярод у выглядзе няўстойлівых карбідаў. Адбываецца пры павышанай т-ры (напр., пры адпале), пад уплывам якой у метал. аснове сплаву фарміруюцца і растуць часцінкі графіту. Графітызацыя павышае зносаўстойлівасць сплаваў за кошт высокіх змазачных уласцівасцей графіту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці вырабаў з коўкага чыгуну.

т. 5, с. 415

ГРАФІ́ЦІ

(італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),

старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.

Г.В.Штыхаў.

т. 5, с. 415

ГРАФІ́ЧНЫЯ ВЫЛІЧЭ́ННІ,

метады атрымання лікавых рашэнняў задач з дапамогай графічных пабудаванняў. Заснаваны на выкарыстанні графікаў функцый і паўтарэнні (або замене) з пэўным набліжэннем адпаведных аналітычных аперацый (складання, аднімання, множання, дзялення, дыферэнцыравання, інтэгравання і інш.). Выкарыстоўваюцца для атрымання першых набліжэнняў, якія ўдакладняюцца інш. метадамі, а таксама ў інж. практыцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць.

Лікі пры графічных вылічэннях алг. выразаў адлюстроўваюцца ў выбраным маштабе накіраванымі адрэзкамі. Пры графічным складанні і адніманні лікаў адпаведныя адрэзкі адкладваюць на прамой у пэўным (аднімаемае — у процілеглым) напрамку адзін за адным так, каб пачатак наступнага адрэзка супадаў з канцом папярэдняга. Сума (рознасць) — адрэзак, пачатак якога супадае з пачаткам 1-га, а канец — з канцом апошняга. Множанне і дзяленне ажыццяўляюцца будаваннем прапарцыянальных адрэзкаў, што адсякаюць на старанах вугла паралельныя прамыя, і выкарыстаннем адпаведных дачыненняў. Для графічнага ўзвядзення ў цэлую дадатную (адмоўную) ступень паслядоўна паўтараюць множанне (дзяленне). Для графічнага рашэння ўраўнення 𝑓(x) = 0 будуюць графік функцыі у = 𝑓(x) і знаходзяць яго пункты перасячэння з воссю абсцыс [пры рашэнні ўраўненняў 𝑓1(x) = 𝑓2(x) знаходзяць абсцысы пунктаў перасячэння крывых y1 = 𝑓1(x) і y2 = 𝑓2(x)]. Графічнае вылічэнне вызначанага інтэграла заснавана на замене графіка падінтэгральнай функцыі ступеньчатай ломанай, плошча пад якой лікава роўная дадзенаму інтэгралу. Для графічнага дыферэнцыравання будуецца графік вытворнай па значэннях тангенса вугла нахілу датычнай у розных пунктах графіка дадзенай функцыі. Графічнае рашэнне дыферэнцыяльнага ўраўнення dy/dx = 𝑓(x,y) зводзіцца да будавання поля напрамкаў на плоскасці: у некаторых пунктах малююць напрамкі датычнай dy/dx да інтэгральнай крывой, што праходзіць праз іх. Шуканую крывую праводзяць так, каб датычныя да яе мелі зададзеныя напрамкі. Часта папярэдне будуюць сям’ю ліній 𝑓(x,y) = C (ізаклінаў) для розных значэнняў C. У кожным пункце такой лініі вытворная пастаянная і роўная C. Гл. таксама Лікавыя метады, Набліжанае вылічэнне, Набліжанае інтэграванне.

С.У.Абламейка.

т. 5, с. 415

...ГРАФІЯ (ад грэч. graphō пішу), другая састаўная ч. складаных слоў, якая азначае: апісанне, запіс, чарцёж, малюнак і да т.п. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. тэрмінаў — назваў навук, спосабаў узнаўлення, відарысаўтварэння, выяўлення чаго-н., а таксама прадпрыемстваў, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя спосабы. Напр., галаграфія, гістарыяграфія, літаграфія.

т. 5, с. 416