Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРГАЛЕ́ЗІ, Пергалезе (Pergolesi, Pergolese) Джавані Батыста (4.1.1710, г. Езі, Італія — 17.3.1736), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў кансерваторыі Неапаля. Працаваў у жанрах оперы-серыя («Салюстыя», 1731; «Адрыян у Сірыі», 1734; «Алімпіяда», 1735) і оперы-буфа («Закаханы манах», 1732; «Фламініо», 1735). Вядомасць набыла камічная опера «Служанка-пані» (паст. 1733, створана як інтэрмедыя да яго оперы «Горды палонны»). Яго творчасць паўплывала на развіццё камічнай оперы інш. краін.

т. 12, с. 293

ПЕРГА́М (грэч. Pergamos),

старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бергама, Турцыя). У 283—133 да н.э. сталіца Пергамскага царства. Пры цару Атале I стаў культ. цэнтрам М. Азіі, тут была буйнейшая (пасля Александрыйскай) б-ка (200 тыс. скруткаў). Каля 180 да н.э. ў П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць пергамент замест папірусу. Горад быў вядомы сваёй мед. школай. У 133 да н.э. падпарадкаваны Рыму. У 713 да н.э. разбураны арабамі. Адбудаваны візантыйцамі, але страціў былое значэнне. З 1330 пад уладай Турцыі.

Эліністычны горад быў абнесены магутнымі сценамі з т.зв. варотамі Эўмена. Размяшчаўся тэрасамі на гары, вяршыню якой займаў акропаль. Сярод помнікаў акропаля: свяцілішча Афіны Нікефоры (4—3 ст. да н.э.) з храмам і будынкам б-кі, руіны т-ра (2 ст. да н.э.), фундаменты Вял. алтара Зеўса (каля 181—159 да н.э.; рэканструкцыя і ант. скульптура ў Ант. зборы, Берлін), сцены якога былі аздоблены вялікім (сцэны барацьбы багоў з гігантамі) і малым (міф пра Тэлефа) мармуровымі рэльефнымі фрызамі.

Літ.:

Белов Г.Д. Алтарь Зевса в Пергаме. Л., 1957.

Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Пергам. Руіны тэатра. 2 ст. да н.э.
Пергам. Вялікі алтар Зеўса. Рэканструкцыя.

т. 12, с. 293

ПЕРГА́МЕНТ (ням. Pergament ад грэч. Pergamos Пергам, горад у М. Азіі, дзе ў 2 ст. да н.э. пачалі выраб П.),

від нядубленай спец. апрацаванай скуры. Валодае адносна вял. трываласцю на разрыў (10—12 кгс/мм​2). Са стараж. часоў выкарыстоўваўся як асн. матэрыял для пісьма, вырабу калчанаў і шчытоў. Да вынаходства кнігадрукавання на П. былі напісаны асн. пісьмовыя помнікі ў Еўропе 10—пач. 15 ст. На Беларусі з 11 ст. вядомыя ў асн. богаслужэбныя і рэлігійныя кнігі: Тураўскае евангелле, Полацкае евангелле (канец 12 ст.), Аршанскае евангелле, Мсціжскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле, творы Кірылы Тураўскага, «мінеі-чэцці» і інш. Вядомы таксама віды П.: скура для дэталей ткацкага станка, шпагат і муз. П. для барабанаў.

Літ.:

Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн. 1993.

т. 12, с. 293

ПЕРГАМІ́Н,

1) дахавы і гідраізаляцыйны матэрыял, які атрымліваюць насычэннем дахавага кардону нафтавымі бітумамі. Выкарыстоўваецца пры будаванні рулоннага даху і параізаляцыі буд. канструкцый.

2) Тонкая трывалая папера з беленай цэлюлозы без напаўняльніка для вырабу натуральнай папяровай калькі і ўпакоўкі харч. прадуктаў.

т. 12, с. 293

ПЕРГА́МСКАЕ ЦА́РСТВА, Пергам (грэч. Pergamos),

старажытная дзяржава ў паўн.-зах. частцы М. Азіі (283—133 да н.э.) з цэнтрам у г. Пергам (адсюль назва). Засн. грэкам Філетэрам — пачынальнікам дынастыі Аталідаў — правіцеляў П.ц. Насялялі царства мясц. плямёны (місійцы, масдыёны, пафлагонцы), а таксама грэкі і македонцы. Яго эканам. ўздыму спрыялі прыродныя багацці (лес, мармур, руды), зручнае геагр. становішча на ўзбярэжжы Міжземнага м. Найб. росквіту дасягнула пры Эўмене I [263—241 да н.э.] і Эўмене II [197—159 да н.э.[. П.ц. падтрымлівала добрыя адносіны з Егіптам, ваявала з Галатыяй, Македоніяй, дзяржавай Селеўкідаў. Саюзнік Рыма ў 2-й Македонскай (200—197 да н.э.) і Сірыйскай (192—188 да н.э.) войнах, за што атрымала Херсанес, Лідыю, Фрыгію, ч. Карыі і Памфіліі, некаторыя грэч. гарады М.​Азіі. З узмацненнем рым. ўплыву паступова страціла самастойнасць. У 133 да н.э. цар Атал III завяшчаў царства Рыму, чым забяспечыў свабоду некаторым яго гарадам і ў першую чаргу сталіцы. У 133 (ці 132 да н.э.) у П.ц. адбылося антырым. паўстанне пад кіраўніцтвам Арыстоніка. Пасля яго задушэння (129 да н.э.) П.ц. стала рым. правінцыяй Азія.

т. 12, с. 293

ПЕРГІДРО́ЛЬ,

гл. ў арт. Пераксід вадароду.

т. 12, с. 293

ПЕ́Р’ЕВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Analgesoidea),

надсямейства акарыформных кляшчоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць на пер’і, скуры (німфы часам пранікаюць пад скуру) дзікіх і свойскіх птушак. Выклікаюць выпадзенне пер’я ў птушак-гаспадароў; узбуджальнікі кнемідакаптозаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.к.: вераб’іны (Analgopsis passerius), качыны (Freyana anatina), курыны (Knemidocoptes gallinae), нажны кароставы (K. mutans) і інш.

Даўж. да 0,6 мм. Цела падзелена на пратэрасому (з 2 парамі пярэдніх ног) і гістэрасому (з 2 парамі задніх ног). Ротавы апарат грызучы. Кормяцца тлушчавай змазкай пёраў, часцінкамі эпідэрмісу і пер’я. Выражаны палавы дымарфізм. У развіцці праходзяць стадыі: яйцо—лічынка—пранімфа—тэлеанімфа—імага. Іл. гл, да арт. Кляшчы.

А.​С.​Гембіцкі, І.​В.​Чыкілеўская.

т. 12, с. 294

ПЕ́РКІН (Навум Саламонавіч) (15.2.1912, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 2.10.1976),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Мінскі пед, ін-т (1936). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Аўтар кніг «Аркадзь Куляшоў» (1951), «Творчасць Петруся Броўкі» (1952), «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.» (1960), «У сям’і братніх літаратур» (1967), «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Чалавек у савецкім рамане» (1975). Аўтар падручнікаў для 9—10-га кл. (з Ю.​С.​Пшырковым) «Беларуская савецкая літаратура»; аўтабіягр. аповесцей «Я стаў партызанам» (выд. 1979), «Хлопчык з мястэчка» (выд. 1981). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Абсягі думкі. Мн., 1980.

т. 12, с. 294

ПЕ́РКІН ((Perkin) Уільям Генры) (12.3.1838, Лондан — 14.7.1907),

англійскі хімік-арганік і прамысловец; пачынальнік анілінафарбавай прам-сці ў Англіі. У 1853—55 вучыўся ў Каралеўскім хім. каледжы ў Лондане. Навук. працы па даследаванні сінт. фарбавальнікаў. Атрымаў першы сінт. анілінавы фарбавальнік — мавеін (1856) і арганізаваў яго прамысл. вытв-сць. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных ненасычаных кіслот (1868, рэакцыя П.), сінтэзаваў кумарын і карычную к-ту.

т. 12, с. 294

ПЕРЛ,

тое, што жэмчуг.

т. 12, с. 294