КААЦЭРВА́ЦЫЯ (ад лац. coacervatio збіранне ў кучу, накапленне),
утварэнне ў растворы высокамалекулярных злучэнняў кропель з большай канцэнтрацыяй растворанага рэчыва, чым у растворы, што іх акружае. Зліццё кропель (каалесцэнцыя) прыводзіць да распластавання раствораў палімераў. Абумоўлена змяненнем узаемнай растваральнасці кампанентаў і адбываецца пры змене т-ры і саставу раствору. Найб. даследавана К. бялкоў і поліцукрыдаў у водных растворах. Выкарыстоўваюць для фракцыянавання і канцэнтравання раствораў прыродных і сінт. палімераў, пры мікракапсуляванні.
т. 7, с. 378
КА́БА (Генадзь Якаўлевіч) (н. 5.6.1939, г. Варонеж, Расія),
бел. хімік. Д-р хім. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Куйбышаўскі політэхн. ін-т (1961), дзе і працаваў. З 1967 у БДУ, адначасова (з 1989) у НДІ фіз.-хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы арган. рэчываў, статыст. тэрмадынаміцы, тэрмадынамічным аналізе энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій.
Тв.:
Термодинамика и равновесия изомеров. Мн., 1986 (разам з Г.М.Роганавым, М.Л.Фрэнкелем);
Термодинамические характеристики реакций изомеризации. Мн., 1988 (з імі ж).
т. 7, с. 379
КАБА́К,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна, за 17 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,23 км2, даўж. 870 м, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 8,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 12,5 км2. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на У да 25 м), на Пд невыразныя, разараныя, на Пн пад лесам і хмызняком, на ПдЗ сплавінныя. Пойма шыр. да 10 м, пераўвільготненая, месцамі тарфяністая, парослая хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, глыбакаводная зона плоская, выслана сапрапелем. На Пд упадае ручай з воз. Бабча, на Пн выцякае ручай у воз. Ладасна.
т. 7, с. 380
КА́БАК (Сяргей Львовіч) (н. 13.7.1953, г. Старгард-Шчэцінскі, Польшча),
бел. вучоны ў галіне анатоміі і эмбрыялогіі. Д-р мед. н. (1991), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1976). Працуе ў ім з 1979. Навук. працы па эмбрыялогіі чалавека, эксперым. тэраталогіі, вывучэнні прыроджаных заган развіцця апорна-рухальнага апарату зародкаў чалавека. Пераклаў з англ. мовы «Кішэнны атлас анатоміі чалавека» Х.Феніша і падручнік «Анатомія і фізіялогія для медсясцёр» Э.Пірс (абодва 1996) разам з В.В.Рудзянком.
Тв.:
Костно-суставная система: морфол. и биохим. аспекты формирования. Мн., 1990 (разам з АП.Аніськовай, С.П.Фешчанкам).
т. 7, с. 380
КАБАКО́ВА (дзявочае Бязніцкая) Ларыса Віктараўна
(н. 11.7.1953, в. Вугалеўшчына Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. спартсменка (веславанне на байдарках і каноэ). Скончыла Рэсп. школу трэнераў (1976). Засл. майстар спорту СССР (1973). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1973). Чэмпіёнка свету і Еўропы ў веславанні на байдарцы-чацвёрцы (1973, г. Тамперэ, Фінляндыя), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1974, Мехіка), чэмпіянату свету і Еўропы (1975, Бялград) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіёнка СССР (1972, 1974), Спартакіяды народаў СССР (1975) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. З 1973 інструктар Спорткамітэта Беларусі. Да 1997 — трэнер па плаванні.
В.Л.Працкайла.
т. 7, с. 380
КАБАКО́ВІЧ (Ала Канстанцінаўна) (7.3.1943, в. Гутава Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. — 11.2.1985),
бел. літ.знавец. Канд. філал. н. (1976). Скончыла БДУ (1964), Літ. ін-т імя М.Горкага (1971). У 1964—66 працавала на бел. радыё, з 1971 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Даследавала гісторыю і тэорыю бел. паэзіі, сувязь яе з фальклорам. У кн. «Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978) прааналізавала асаблівасці майстэрства паэта, эвалюцыю бел. паэзіі. Адзін з аўтараў кн. «Паэзія абнаўлення свету» (1981). Вершы, пераклады, літ.крытычныя артыкулы сабраны ў кн. «Пасеянае ўзыдзе» (1991).
Тв.:
Беларускі свабодны верш. Мн., 1984;
Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі. Мн., 1989.
Л.М.Гарэлік.
т. 7, с. 380
КАБАКО́ЎСКА-МА́ЛЕЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,
у Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля вёсак Кабакі і Малеч. Паклад у выглядзе адорвеня залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы і шаравата-белы, шчыльны, трэшчынаваты. Разведаныя запасы 6,1 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,6—21,5 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—10,8 м. Мы прыдатны для вытв-сці вапны і падкорму с.-г. жывёл і птушак. Радовішча распрацоўваецца Бярозаўскім камбінатам сілікатных вырабаў.
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 380
КАБАЛА́ (ад араб. распіска, абавязацельства),
1) гістарычная назва даўгавога абавязацельства ў шэрагу краін. У Расіі пашырана ў 15—17 ст. (з 16 ст. фіксавалася ў пісьмовай форме — т. зв. кабальныя граматы, кабальныя кнігі). Даўгавое абавязацельства існавала ў розных відах: пазыковая (беспрацэнтная або працэнтная), закладная (пад заклад маёмасці), служылая (адпрацоўка працэнтаў з доўгу), выкупная (купля-продаж нерухомай маёмасці або самога даўжніка) і інш. Адна з форм запрыгоньвання сялян (гл. Кабальныя халопы).
2) У пераносным значэнні — прыгнёт, цяжкая форма асабістай залежнасці.
т. 7, с. 380
КАБАЛА́ (стараж.-яўр., літар. паданне),
містычная плынь у іудаізме. Аб’яднала пантэістычную пабудову неаплатанізму і міфалагемы гнастыцызму з верай у Біблію як свет сімвалаў. Узнікла ў 9 ст., развіццё атрымала ў 13 ст. сярод яўрэяў Іспаніі і Праванса (Францыя), у 15 ст. распаўсюдзілася сярод хрысціянскіх вучоных Еўропы. Вучэнне К. — кабалістыка прапаведуе пошук асновы ўсіх рэчаў у лічбах і літарах яўр. алфавіта, лекавых сродкаў — у амулетах і формулах. Заснавана на веры, што пры дапамозе спец. рытуалаў і малітваў чалавек можа ўмешвацца ў боска-касм. працэс.
т. 7, с. 380