КАБАЛА́ (ад араб. распіска, абавязацельства),

1) гістарычная назва даўгавога абавязацельства ў шэрагу краін. У Расіі пашырана ў 15—17 ст. (з 16 ст. фіксавалася ў пісьмовай форме — т. зв. кабальныя граматы, кабальныя кнігі). Даўгавое абавязацельства існавала ў розных відах: пазыковая (беспрацэнтная або працэнтная), закладная (пад заклад маёмасці), служылая (адпрацоўка працэнтаў з доўгу), выкупная (купля-продаж нерухомай маёмасці або самога даўжніка) і інш. Адна з форм запрыгоньвання сялян (гл. Кабальныя халопы).

2) У пераносным значэнні — прыгнёт, цяжкая форма асабістай залежнасці.

т. 7, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)