КААПЕРАВА́ННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
форма арганізацыі грамадскай вытв-сці, якая мае на мэце ўстанаўленне працяглых вытв. сувязей прадпрыемстваў па сумесным вырабе канчатковай прадукцыі. К.в. можа быць галіновае (паміж прадпрыемствамі адной галіны прам-сці), міжгаліновае, унутрызаводскае (паміж цэхамі прадпрыемства), унутрыраённае (паміж прадпрыемствамі аднаго эканам. раёна) і міжраённае. К.в. вынікае са спецыялізацыі вытворчасці і мае тыя ж 4 формы: прадметнае, калі заводы пастаўляюць галаўному прадпрыемству вырабы, што ідуць на камплектаванне канчатковай прадукцыі; падэталёвае, калі галаўны з-д атрымлівае ад прадпрыемстваў-сумежнікаў асобныя дэталі і вузлы для гатовай прадукцыі; тэхналагічнае, калі адзін з-д выконвае для другога асобныя тэхнал. аперацыі або пастаўляе пэўныя паўфабрыкаты; функцыянальнае, калі спецыялізаванае прадпрыемства па аказанні паслуг выконвае для інш. прадпрыемстваў функцыі па абслугоўванні вытв-сці (рамонт абсталявання і інш.). К.в. дазваляе больш поўна выкарыстоўваць усе перавагі спецыялізацыі і канцэнтрацыі і скарачаць працягласць вытв. цыкла па вырабе канчатковай прадукцыі.
М.Ю.Пасюк.
т. 7, с. 377
КААПЕРАТЫ́Ў (ад лац. cooperatio супрацоўніцтва),
добраахвотнае аб’яднанне асоб на роўнапаявой аснове для сумеснай вытв-сці, збыту, закупкі, спажывання тавараў і аказання паслуг, буд-ва жылых дамоў і інш. Засн. на асабістым прац. удзеле сваіх членаў, выкарыстанні ўласнай або арандаванай маёмасці. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які прымае статут, выбірае старшыню (у буйных К. — праўленне), зацвярджае ўтварэнне і размеркаванне даходаў (каштарыс). Адрозніваюць К.: вытворчыя (вырабляюць прадукцыю, выконваюць работы, прадастаўляюць платныя паслугі прадпрыемствам, арг-цыям, грамадзянам), спажывецкія (забяспечваюць патрэбы сваіх членаў і інш. грамадзян у гандл., быт. абслугоўванні і інш.), пасрэдніцкія (заняты ў сферы абарачэння, арг-цыі абмену, размеркавання і выкарыстання матэрыяльных даброт, садзейнічаюць пасрэдніцтву) і інш.
т. 7, с. 377
КААПЕРАТЫ́ЎНЫЯ БА́НКІ,
спецыяльныя пазыкова-фін. ін-ты, якія ствараюцца таваравытворцамі на долевых пачатках для задавальнення ўзаемных патрэбнасцей у крэдыце і інш. банкаўскіх паслугах. Гл. таксама Банк.
т. 7, с. 377
КААПЕРА́ЦЫЯ (ад лац. cooperatio супрацоўніцтва),
добраахвотнае аб’яднанне людзей для сумеснай працы або гаспадарча-спажывецкай дзейнасці; арганізац.-прававая форма калект. прадпрымальніцтва. Такія аб’яднанні на аснове асабістага прац. ўдзелу, калект. уласнасці або арэнднай маёмасці, самафінансавання і самакіравання, матэрыяльнай зацікаўленасці наз. кааператывамі. Яны ствараюцца і дзейнічаюць у сельскай гаспадарцы, прам-сці і буд-ве, у гандлі і інш. галінах вытв-сці і сац.-культ. жыцця. Вышэйшы орган іх кіравання — агульны сход, які прымае статут, выбірае старшыню (або праўленне), зацвярджае стварэнне і размяркоўвае даход.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 377
КААПЕРА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ,
форма арганізацыі працы, пры якой многія работнікі прымаюць удзел у адным або ў розных, але звязаных паміж сабой працэсах працы. Абумоўліваецца падзелам працы і неабходнасцю злучэння асобных аперацый у адзіны вытв паток. Існуюць простыя К.п., калі ўсе работнікі выконваюць аднародную работу, і складаныя, заснаваныя на падзеле працы і выкарыстанні машын. Простая К.п. выкарыстоўваецца там, дзе работа можа быць падзелена на якасна аднародныя часткі, выкананне якіх даручаецца асобным работнікам, або там, дзе выкананне работы патрабуе злучэння аднародных сіл (напр., падыманне цяжараў). Складаная К.п. выкарыстоўваецца, калі ўвесь прац. працэс падзяляецца на разнастайныя аперацыі, якія выконваюцца работнікамі розных спецыяльнасцей. К.п. спрыяе павышэнню яе эфектыўнасці, бо пры складанні сіл яе ўдзельнікаў узнікае новая вытв. сіла, забяспечваецца рацыянальнае выкарыстанне рабочага часу і нараджаецца дух саперніцтва. Разнавіднасцю К.п. з’яўляюцца калект. формы арганізацыі працы, якія маюць на мэце выкананне прац. працэсу калектывам работнікаў, звязаных агульнасцю рабочай зоны, прадметамі і сродкамі працы. Калект. формы арганізацыі працы грунтуюцца на стварэнні брыгад.
М.Ю.Пасюк.
т. 7, с. 377
КААПТА́ЦЫЯ (ад лац. cooptatio дадатковае выбранне, давыбары). увядзенне новых членаў у выбраны калегіяльны орган рашэннем самога органа без правядзення дадатковых выбараў.
т. 7, с. 378
КААРДЫНА́ТНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
універсальная машына кантролю памераў у машынабудаванні шляхам вымярэння перамяшчэнняў наканечніка вымяральнай галоўкі адносна дэталі ў дэкартавай або цыліндрычнай сістэме каардынат. Большасць машын аўтаматычна (пад кіраваннем ЭВМ) выконвае ўвесь працэс вымярэння: узгадненне баз (сістэм каардынат) машыны і дэталі, кіраванне рухам выканаўчых органаў. счытванне, апрацоўку і запіс вынікаў вымярэння. Бываюць высокай дакладнасці (прэцызійныя, з хібнасцю вымярэннў 3—6 мкм) і менш дакладныя (прадукцыйныя, з хібнасцю да 50 мкм).
т. 7, с. 378
КААРДЫНА́ТНАЯ СЕ́ТКА ў тапаграфіі,
сетка каардынатных ліній (X=const, Y=const) на тапаграфічных картах і планах. Лініі К.с. паралельныя адлюстраванню восевага мерыдыяна зоны (вось X у дадзенай каардынатнай зоне) і адлюстраванню экватара (вось Y для аналагічных зон). Іх праводзяць праз 1 або 2 км у маштабе карты, адносна рамак карты яны павернуты на вугал, роўны збліжэнню мерыдыянаў. Значэнні К.с. выносяць за рамку ліста. Адлік X праводзіцца ад экватара да полюсаў, а Y — ад восевага мерыдыяна зоны. К.с. называюць таксама кіламетровай сеткай.
т. 7, с. 378
КААРДЫНАТО́ГРАФ (ад каардынаты + ...граф),
прылада для нанясення на карту або план кропак па іх прамавугольных каардынатах. К. бываюць стацыянарныя з рабочай плошчай 100×200 см, палявыя з пл. 45×45 см, мех. і аўтаматычныя. Гл. таксама Картаграфічныя прылады.
т. 7, с. 378