КААПЕРАТЫ́Ў (ад лац. cooperatio супрацоўніцтва),
добраахвотнае аб’яднанне асоб на роўнапаявой аснове для сумеснай вытв-сці, збыту, закупкі, спажывання тавараў і аказання паслуг, буд-ва жылых дамоў і інш. Засн. на асабістым прац. удзеле сваіх членаў, выкарыстанні ўласнай або арандаванай маёмасці. Вышэйшы орган кіравання — агульны сход, які прымае статут, выбірае старшыню (у буйных К. — праўленне), зацвярджае ўтварэнне і размеркаванне даходаў (каштарыс). Адрозніваюць К.: вытворчыя (вырабляюць прадукцыю, выконваюць работы, прадастаўляюць платныя паслугі прадпрыемствам, арг-цыям, грамадзянам), спажывецкія (забяспечваюць патрэбы сваіх членаў і інш. грамадзян у гандл., быт. абслугоўванні і інш.), пасрэдніцкія (заняты ў сферы абарачэння, арг-цыі абмену, размеркавання і выкарыстання матэрыяльных даброт, садзейнічаюць пасрэдніцтву) і інш.
т. 7, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)