КААРДЫНА́ТЫ (ад лац. co разам, сумесна + ordinatus упарадкаваны, вызначаны) у матэматыцы, сістэма лікаў ці інш. сімвалаў, якія вызначаюць становішча матэм. аб’екта (пункта) на зададзенай лініі, паверхні, у трохмернай прасторы ці ў абагульненай геам. прасторы. Паміж сістэмамі лікаў і пунктамі прасторы ўстанаўліваецца ўзаемна адназначная адпаведнасць, якая можа быць зададзена мноствам спосабаў. Правіла задання адпаведнасці наз. сістэмай каардынат. Гл. Дэкартава сістэма каардынат, Сферычная сістэма каардынат, Цыліндрычная сістэма каардынат, Палярная сістэма каардынат. К. выкарыстоўваюцца ў геадэзіі (гл. Геадэзічныя каардынаты) і ў геаграфіі (гл. Геаграфічныя каардынаты).
т. 7, с. 378
КААРДЫНАЦЫ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від хімічнай сувязі, якая рэалізуецца ў комплексных злучэннях. Адрозніваюць двух- і шматцэнтравую К.с. Двухцэнтравая абумоўлена перадачай электроннай пары з цалкам запоўненай арбіталі атама ліганда (донара) на вакантную арбіталь цэнтр. атама (акцэптара) з утварэннем агульнай звязваючай малекулярнай арбіталі. Такую К.с. наз. донарна-акцэптарнай сувяззю. Яна з’яўляецца разнавіднасцю кавалентнай сувязі. У выпадку шматцэнтравай К.с. электронная пара ліганда дэлакалізавана ў прасторы трох ці большай колькасці атамаў малекулы (напр., трохцэнтравая мосцікавая сувязь В-Н-В у боравадародах).
т. 7, с. 378
КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
тое, што комплексныя злучэнні.
т. 7, с. 378
КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ККБК),
бел. нац. арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст. этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 378
КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ ЛІК,
1) у крышталяхіміі — колькасць найбліжэйшых да дадзенага атама (іона) суседніх атамаў (іонаў) у крышталі. Для металаў характэрны К.л. 8 і 12, у структурах тыпу хларыду натрыю К.л. роўны 6.
2) Лік, які паказвае, колькі лігандаў можа каардынаваць каля сябе цэнтр. атам (комплексаўтваральнік) у комплексных злучэннях. Найб. пашыраны К.л. — 4 і 6, але вядома шмат комплексаў з К.л. 2, 3, 5, 7, 8 і больш.
т. 7, с. 378
КААРДЫНА́ЦЫЯ (ад лац. co сумесна, разам + ordinatio упарадкаванне) у фізіялогіі. узгадненне дзейнасці розных органаў і сістэм арганізма, абумоўленае спалучэннем працэсаў узбуджэння і тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Напр., пры згінанні канечнасці. ўзбуджэнне нерв. клетак, якія пасылаюць імпульсы да мышцаў-згінальнікаў, выклікае адначасова тармажэнне клетак, звязаных з мышцамі-разгінальнікамі. Расслабленне разгінальнікаў палягчае згінанне канечнасці. Безумоўнарэфлекторная К. ажыццяўляецца на ўзроўні спіннога мозга (простыя рэфлексы — згінальны, чухальны і інш.). Умоўнарэфлекторная К. злучае амаль усе аддзелы галаўнога мозга і сістэмы арганізма (сардэчную, мышачную, крывяносную і інш.).
т. 7, с. 378
КААТЫ́НГА (партуг. caatinga, на мове індзейцаў тупі caa лес, tinga белы, светлы),
ландшафт паўпустынных нізкарослых (да 8—10 м) ксерафітных трапічных рэдкалессяў на ПнУ Бразільскага пласкагор’я ў Паўд. Амерыцы. Пераважаюць драбналістыя дрэвы і хмызнякі са шматлікімі калючымі і пякучымі формамі. Шмат сукулентаў, пераважна кактусы і агавы, характэрна т. зв. бутэлечнае дрэва. У час доўгатэрміновай засухі (8—9 месяцаў) многія дрэвы скідваюць лісце.
т. 7, с. 378
КААЦЭРВА́ЦЫЯ (ад лац. coacervatio збіранне ў кучу, накапленне),
утварэнне ў растворы высокамалекулярных злучэнняў кропель з большай канцэнтрацыяй растворанага рэчыва, чым у растворы, што іх акружае. Зліццё кропель (каалесцэнцыя) прыводзіць да распластавання раствораў палімераў. Абумоўлена змяненнем узаемнай растваральнасці кампанентаў і адбываецца пры змене т-ры і саставу раствору. Найб. даследавана К. бялкоў і поліцукрыдаў у водных растворах. Выкарыстоўваюць для фракцыянавання і канцэнтравання раствораў прыродных і сінт. палімераў, пры мікракапсуляванні.
т. 7, с. 378
КА́БА (Генадзь Якаўлевіч) (н. 5.6.1939, г. Варонеж, Расія),
бел. хімік. Д-р хім. н. (1977), праф. (1979). Скончыў Куйбышаўскі політэхн. ін-т (1961), дзе і працаваў. З 1967 у БДУ, адначасова (з 1989) у НДІ фіз.-хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па хім. тэрмадынаміцы арган. рэчываў, статыст. тэрмадынаміцы, тэрмадынамічным аналізе энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій.
Тв.:
Термодинамика и равновесия изомеров. Мн., 1986 (разам з Г.М.Роганавым, М.Л.Фрэнкелем);
Термодинамические характеристики реакций изомеризации. Мн., 1988 (з імі ж).
т. 7, с. 379
КАБА́К,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ладасна, за 17 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,23 км2, даўж. 870 м, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 8,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 12,5 км2. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на У да 25 м), на Пд невыразныя, разараныя, на Пн пад лесам і хмызняком, на ПдЗ сплавінныя. Пойма шыр. да 10 м, пераўвільготненая, месцамі тарфяністая, парослая хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, глыбакаводная зона плоская, выслана сапрапелем. На Пд упадае ручай з воз. Бабча, на Пн выцякае ручай у воз. Ладасна.
т. 7, с. 380