Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАБАРЭ́ (франц. cabaret літар. карчма),

тэатральнае рэвю-прадстаўленне, у якім спалучаюцца муз. нумары і сатыра. Адбываецца ў кавярні, бары. Узнікла ў Парыжы ў канцы 19 ст. ў месцах для забаўляльных відовішчаў («Мулен руж» і інш.). Хутка прывабіла пісьменнікаў і мастакоў авангарда. З пач. 20 ст. пашырылася па ўсёй Еўропе (першыя К. ў Расіі вядомы з 1908). У 1920-я г. ў Берліне з’явіліся паліт. К., пазней скасаваныя фашыстамі. Паступова К. страцілі імправізаваны характар, на падмостках пачалі выступаць прафес. артысты эстрады. Часам К. ператвараюцца ў т-ры мініяцюр, рэстараны, дзе даюцца эстр. прадстаўленні.

т. 7, с. 383

КА́БАТ,

адна з лакальных назваў гарсэта.

т. 7, с. 383

КА́БАТ, Кабота (Cabot, Caboto),

італьянскія мараплаўцы, бацька і сын. Джон (Джавані) (паміж 1450—55, г Генуя — 1499?), з 1490 быў на англ. службе. У 1497 у пошуках зах. марскога шляху ў Кітай дасягнуў в-ва Ньюфаўндленд (адкрыў, магчыма паўторна, Вял. Ньюфаўндлендскую банку). У 1498 дасягнуў берагоў Паўн. Амерыкі і прасачыў значную ч. ўсх. узбярэжжа. Себасцьян (каля 1475, г. Венецыя — 1557), сын Джона. удзельнік экспедыцый бацькі ў 1497 і 1498. У 1526—30 на ісп. службе. На чале ісп. флатыліі даследаваў заліў Атлантычнага ак. Ла-Плата, ніжняе цячэнне р. Парана, адкрыў ніжняе цячэнне р. Парагвай.

т. 7, с. 383

КАБАТА́Ж (франц. cabotage),

суднаходства паміж партамі, якія належаць адной дзяржаве. Адрозніваюць вял. К. — перавозкі грузаў і пасажыраў паміж партамі розных мораў, і малы К. — перавозкі паміж партамі аднаго мора. У Расіі, напр., адносна К. разглядаюць як адно мора Чорнае і Азоўскае, Белае м. і Паўн. Ледавіты ак., Японскае, Ахоцкае і Берынгава моры.

т. 7, с. 383

КАБА́ТНІКАВА (Вера Рафаілаўна) (2.6.1924, г. Чыта, Расія — 29.7.1997),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1959). Скончыла Ленінградскі тэатр. ін-т імя Астроўскага (1948). Працавала ў т-рах Новасібірска, Выбарга, Куйбышава. У 1953—87 у Магілёўскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў і гераінь, імкнулася да індывідуалізацыі характараў, выразнасці вобразаў. Сярод лепшых роляў: Шура Азарава («Даўным даўно» А.​Гладкова), Софія («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Маша Забеліна («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна), Алена Андрэеўна («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Паліна («Мачаха» А.​Бальзака), Эпіфанія («Мільянерка» Б.​Шоу), Елізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Валькірыя («Даруй мне» К.​Губарэвіча), Ніна («Усяго адно жыццё» А.​Маўзона), Вера Грынько («Выбух» М.​Гарулёва).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 383

КА́БАЦ ((Kabatc) Эўгеніюш) (н. 11.1.1930, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл.),

польскі празаік і перакладчык. У 1967—73 супрацоўнік польск пасольства ў Рыме. Друкуецца з 1950. У зб. апавяд. «П’яны анёл» (1957), аповесцях «Занадта многа сонца» (1959), «Раманс» (1960), «Адзінаццатая запаведзь» (1965), «Адпачынак у высокай траве» (1968), «Выкраданне Джульеты» (1974) сац.псіхал. праблемы сучаснага яму пакалення. Аповесці «Патрыцыя, ці Аб каханні і мастацтве ў асяродку ночы» (1975), «Аўтастрада сонца» (1979) прысвечаны Італіі. Аўтар фантаст. аповесці «Смерць працаўніка ў атэлі «Savoy» (1985). Тэматыка асобных твораў звязана з Беларуссю. Пераклаў на польск. мову аповесць «Трэцяя ракета» В.​Быкава, раман «Людзі на балоце» І.​Мележа. Аўтар успамінаў пра Мележа «Сонца ў вачах» (1979). На бел. мову творы К. перакладалі Я.​Брыль, В.​Рагойша, А.​Клышка, П.​Стэфановіч.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 7, с. 383

КАБАЧКІ́ (Cucurbita pepo var. giraumontia),

аднагадовая травяністая расліна роду гарбуз сям. гарбузовых; разнавіднасць гарбуза звычайнага. Агароднінная, кармавая, алейная (алей з насення) культура на ўсіх кантынентах. Радзіма К. — Мексіка.

Аднадомная расліна куставой формы. Сцябло даўж. 60—90 см. Лісце буйное, 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — падоўжаная, цыліндрычная, белая ці зялёная гарбузіна; у маладым узросце — каштоўны дыетычны прадукт. Мае цукар (да 2,8%), сухое рэчыва (4—8%), вітаміны (35—40 мг%) і інш. Сарты: Грыбаўскія 37, Італьянскія, Даўгаплодныя, Белыя 13.

У.​П.​Пярэднеў.

Кабачкі.

т. 7, с. 384

КАБА́ЧНІК (Марцін Ізрайлевіч) (н. 9 9.1908, г. Екацярынбург, Расія),

расійскі хімік-арганік. Акад. Рас. АН (1958, чл.-кар. з 1953). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў 2-і Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1931). З 1939 у Ін-це арган. хіміі АН СССР, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў Рас. АН. Навук. працы па тэорыі арган. хіміі і хіміі фосфарарган. злучэнняў. Развіў новыя ўяўленні пра дваістасць рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў нетаўтамернага характару (1955, разам з А.М.Несмяянавым). Распрацаваў колькасную тэорыю таўтамернай раўнавагі (1952), новыя метады сінтэзу многіх практычна важных фосфарарган. злучэнняў. Пад яго кіраўніцтвам сінтэзавана больш за 200 новых інсектыцыдаў. Атрымаў фосфарарган. камплексоны з вельмі высокай комплексаўтваральнай здольнасцю. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1946. 1985.

М.І.Кабачнік.

т. 7, с. 384

КАБА́ШНІКАЎ (Віталь Паўлавіч) (н. 19 9.1941, с. Чарнуха Арзамаскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Брат К.П.Хабашнікава. Скончыў БДУ (1963). З 1963 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па пераносе выпрамянення ў малекулярных газах, яго ўзаемадзеянні з турбулентнасцю, дынаміцы нестацыянарных плывучых струменяў. Устанавіў асаблівасці паглынання лазернага выпрамянення малекулярнымі газамі; распрацаваў метады разліку цеплавога выпрамянення турбулентных патокаў.

Тв.:

Влияние теплового излучения на структуру температурного поля в турбулентном потоке (разам з А.​А.​Курсковым) // Инженерно-физ. журн. 1985. Т. 49, № 5;

Динамика турбулентного термика струйного типа в одномерном приближении // Там жа. 1987. Т. 53, № 6.

т. 7, с. 384

КАБА́ШНІКАЎ (Канстанцін Паўлавіч) (н. 24.7.1927, г. Гомель),

бел. фалькларыст. Д-р філал. н. (1971), праф. (1980). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1951). З 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе казкі, рэв. і рабочую паэзію, праблемы параўнальнага вывучэння бел. фальклору ў яго слав. узаемасувязях («Беларуская казка ў казачным эпасе славян», 1968; «Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні», 1981; «Інтэрнацыянальнае і нацыянальнае ва ўсходнеславянскай народнай паэзіі Вялікай Айчыннай вайны», 1982; «Беларуска-рускія фальклорныя сувязі», «Узаемадзеянне ўсходнеславянскіх фальклорных традыцый на сучасным этапе», абедзве 1988). Адзін з аўтараў кніг «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1967), «Сучасны стан беларускай паэтычнай творчасці» (1973), «Беларуская народнапаэтычная творчасць», «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (абедзве 1979), «Сустрэчы з казкай» (1984), «Усходнеславянскі фальклор: Слоўнік навуковай і народнай тэрміналогіі» (1993). Складальнік зб-каў «Казкі і легенды роднага краю» (1960), «Беларускія народныя песні. Са зборнікаў П.​В.​Шэйна» (1962), тамоў «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Казкі ў сучасных запісах» (1989) з серыі «Беларуская народная творчасць» (Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Чл. бюро Камісіі па слав. фальклоры пры Міжнар. к-це славістаў, бюро Міжнар. асацыяцыі па вывучэнні і пашырэнні слав. культур (МАІРСК), якая працуе пад патранажам ЮНЕСКА.

Тв.:

Нарысы па беларускаму фальклору. Мн., 1963;

Ад традыцыйнага фальклору да рэвалюцыйнай паэзіі. Мн., 1969;

Методыка збірання беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці. Мн., 1978.

І.​У.​Сааамевіч.

т. 7, с. 384