КААРДЫНА́ТЫ (ад лац. co разам, сумесна + ordinatus упарадкаваны, вызначаны) у матэматыцы, сістэма лікаў ці інш. сімвалаў, якія вызначаюць становішча матэм. аб’екта (пункта) на зададзенай лініі, паверхні, у трохмернай прасторы ці ў абагульненай геам. прасторы. Паміж сістэмамі лікаў і пунктамі прасторы ўстанаўліваецца ўзаемна адназначная адпаведнасць, якая можа быць зададзена мноствам спосабаў. Правіла задання адпаведнасці наз. сістэмай каардынат. Гл. Дэкартава сістэма каардынат, Сферычная сістэма каардынат, Цыліндрычная сістэма каардынат, Палярная сістэма каардынат. К. выкарыстоўваюцца ў геадэзіі (гл. Геадэзічныя каардынаты) і ў геаграфіі (гл. Геаграфічныя каардынаты).

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)