Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КА́РТЫНГ (англ. carting),

гонкі на картах — мікрааўтамабілях без падвескі. Узнік у 1930-я г. ў ЗША. Першыя спарт. карты пабудаваны ў ЗША (1956). Сучасныя карты падзяляюць на 6 міжнар. класаў, на Беларусі да іх далучаны 2 нацыянальныя. Трасы К. вызначаюцца складанай канфігурацыяй з вял. колькасцю паваротаў пераважна малых радыусаў. Першы чэмпіянат свету адбыўся ў Рыме (1964). Камандныя першынствы Еўропы праводзяцца з 1963. На Беларусі спаборніцтвы па К. праводзяцца з 1964. Бел. федэрацыя К. заснавана ў 1993. Бел. спартсмены, пераможцы і прызёры міжнар. і рэсп. спаборніцтваў: А.Ю.Кавалік, М.К.Маеўскі, М.В.Рудзько, І.А.Угольнік, А.А.Шымакоўскі; Дз.В.Цвірко — чэмпіён Беларусі 1995—97.

т. 8, с. 105

КАРТЭ́Ж (франц. cortege ад італьян. corteggio),

урачыстае шэсце, выезд (напр., вясельны К., урадавы К.).

т. 8, с. 105

КАРТЭЗІЯ́НСТВА (Cartesius ад латынізаванага імя Дэкарта—Картэзій),

кірунак у філасофіі і прыродазнаўстве 17—18 ст., тэарэт. крыніцай якога былі ідэі франц. філосафа Р.Дэкарта. Дуалістычнае адзінства матэрыяліст. і ідэаліст. ідэй у філасофіі Дэкарта прывяло да раздзялення яго паслядоўнікаў на матэрыялістаў (Ж.Раго, П.Рэжы, Б.Фантэнель, Э.Леруа, Ж.Ламетры) і ідэалістаў (І.Клаўберг, А.Гейлінкс, Н.Мальбранш). Матэрыялісты адстойвалі ідэю матэрыяльнасці свету і магчымасці яго аб’ектыўна-пачуццёвага пазнання, паўплывалі на фарміраванне ідэй франц. Асветніцтва, на развіццё навук. фізіялогіі, шэрагу фіз. і матэм. ідэй. Ідэалісты адстойвалі ідэю перманентнага ўмяшання Бога ў свет матэрыяльных і духоўных з’яў (аказіяналізм). Дэкартаўскае вучэнне пра метад пазнання атрымала сваё развіццё ў працах Б.Паскаля, які схіляўся да янсенізму і вагаўся паміж рацыяналізмам і скептыцызмам, ставіў веру вышэй за розум. Лагічныя ідэі Дэкарта развіты ў вучэннях А.Арно і П.Ніколя («Логіка, ці Мастацтва мысліць», 1662). У сучаснай філасофіі ідэі К. сустракаюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме і нек-рых плынях рацыяналіст. Філасофіі.

А.М.Елсукоў.

т. 8, с. 105

КАРТЭ́ЛЬ (франц. cartel ад італьян. cartello ад carta папера, дакумент),

форма аб’яднання вытворцаў і спажыўцоў на аснове пагаднення аб кватаванні аб’ёмаў вытв-сці, умовах збыту прадукцыі, размежаванні рынкаў, найме рабочай сілы, узроўні аплаты працы, выкарыстанні патэнтаў і інш. Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у К., юрыдычна самастойныя. Збыт прадукцыі ажыццяўляюць на аснове дагавораў паміж прадпрыемствамі. Часцей К. ўтвараюцца ў рамках адной галіны (нафтавы, с.-г. К.). Адрозніваюць К. ўнутраныя (у межах адной краіны), экспартныя (складаюцца з нац. прадпрыемстваў-экспарцёраў, часам з уключэннем філіялаў замежных фірм), міжнародныя (інтэгрыруюць фірмы-экспарцёры і фірмы-імпарцёры некалькіх краін).

К. ўзніклі ў выніку канцэнтрацыі вытв-сці і цэнтралізацыі капіталу ў 19 ст. як адна з форм манапалістычных аб’яднанняў. Найб. пашыраны былі ў Германіі (у 1940-я г. больш за 2 тыс.). Цяпер існуюць у выглядае саюза канцэрнаў і трэстаў, патэнтных пулаў, кансорцыумаў па правядзенні навук. даследаванняў, сумесным буд-ве або фінансаванні буйных праектаў, канвенцый, корнераў, рынгаў, джэнтльменскіх пагадненняў. На Беларусі К. дзейнічаюць у выглядзе кансорцыумаў (часовых аб’яднанняў), створаных на паявой аснове для сумеснай рэалізацыі праектаў, дзярж. заказаў і інш.

А.Б.Дорына.

т. 8, с. 106

КА́РТЭЛЬ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.5.1937, в. Галяшы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад. Нац. АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1986), д-р біял. н. (1984), праф. (1991). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1967 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі (у 1978—94 нам. дырэктара, з 1985 адначасова заг. лабараторыі, з 1994 дырэктар). Навук. працы па малекулярнай генетыцы і генет. трансфармацыі раслін, пытаннях селекцыі і генетыкі драўняных раслін, радыяцыйным мутагенезе с.-г. раслін, праблемах генет. і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін. Распрацаваў метад генет. трансфармацыі, стварыў трансгенныя расліны бульбы, распрацаваў малекулярна-генет. карту жыта, атрымаў новыя даныя пра ролю паўтораў ДНК у структурна-функцыян. арганізацыі генома раслін, падрыхтаваў тлумачальны слоўнік па генетыцы.

Тв.:

Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989;

Фитогормоны и фитопатогенность бактерий. Мн., 1994 (разам з А.У.Лабанок, В.У.Фамічовай).

М.А.Картэль.

т. 8, с. 106

КАРТЭ́ЛЬНАЯ ЦАНА́,

манапольная цана, якая ўстанаўліваецца ўдзельнікамі картэля з мэтай устаранення канкурэнтаў і забеспячэння ўмоў для атрымання манапольнага прыбытку.

т. 8, с. 106

КА́РТЭР (англ. carter),

нерухомая корпусная частка машын і механізмаў (рухавікоў, рэдуктараў, помпаў і інш.) звычайна каробчатай формы. Служыць апорай дэталей і захоўвае іх ад пашкоджанняў і забруджвання. Напр., К. поршневых рухавікоў служыў апорай каленчатага вала, рабочых цыліндраў і інш. Ніжняя частка К. (паддон) выкарыстоўваецца як рэзервуар для змазачнага масла. Вырабляецца з чыгуну, сталі, сплаваў лёгкіх металаў.

т. 8, с. 106

КА́РТЭР ((Carter) Джэймс) (Джымі) Эрл (н. 1.10.1924, г. Плейнс, штат Джорджыя, ЗША),

палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Чл. Дэмакр. партыі. Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ў г. Анапаліс (1946), да 1953 служыў у ВМС. З 1953 фермер, сенатар заканад. сходу (1962—66) і губернатар штата Джорджыя (1971—75); падтрымліваў рух за грамадз. правы і праграму расавай дэсегрэгацыі ў ЗША. У 1977—1981 прэзідэнт ЗША. У 1977—78 садзейнічаў заключэнню дагавора з Панамай аб будучым статусе Панамскага канала. У 1978 ініцыіраваў егіп.-ізраільскія перагаворы ў Кэмп-Дэвідзе (ЗША), пасрэднічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж Ізраілем і Егіптам (1979, гл. Кэмп-Дэвідскія пагадненні). У 1979 заключыў дагавор аб абмежаванні стратэг. зброі з СССР — SALT-II (не падтрыманы сенатам). Праводзіў міжнар. кампанію ў абарону правоў чалавека і абвясціў аб праве ЗША ажыццяўляць іх абарону ў інш. краінах (з гэтага часу элемент афіц. дзярж. дактрыны ЗША). Аўтар кніг «Чаму не самае лепшае?» (1975), «Урад, дастойны свайго народа» (1977), «Захоўваючы веру. Мемуары прэзідэнта» (1982) і інш.

т. 8, с. 106

КА́РТЭР ((Carter) Хоўард) (9.5.1873, Суэфем, Вялікабрытанія — 2.3.1939),

англійскі археолаг. З 1891 удзельнічаў у археал. раскопках у Егіпце (раён Эль-Амарны і інш. мясціны Сярэдняга Егіпта). З 1902 праводзіў раскопкі ў Даліне цароў; у ліст. 1922 адкрыў грабніцу егіпецкага фараона XVIII дынастыі Тутанхамона (15 ст. да н.э.) — багацейшую скарбніцу помнікаў мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Гробница Тутанхамона. М., 1959.

т. 8, с. 106

КАРТЭ́С (Сяргей Альбертавіч) (н. 18.2.1935, г. Сан-Антоніо, Чылі),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). У Мінску з 1955. Скончыў Бел. кансерваторыю (1962, клас А.Багатырова). З 1965 заг. муз. часткі Дзярж. рус. т-ра Беларусі, з 1966 — Бел. т-ра імя Я.Купалы, з 1972 муз. рэдактар, гал. муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». З 1991 дырэктар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі і маст. кіраўнік оперы, з 1996 дырэктар—маст. кіраўнік Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. У яго творчасці тэмы высокага грамадз. гучання, імкненне да філас. асэнсавання рэчаіснасці. Працуе пераважна ў жанрах, заснаваных на сінтэзе музыкі, слова і сцэн. дзеяння. Інстр. музыка вызначаецца праграмнасцю, канкрэтнай вобразнасцю, характарыстычнасцю. Пры выкарыстанні складаных відаў сучаснай кампазітарскай тэхнікі (дадэкафонія, алеаторыка) музыка К. лёгкая для ўспрымання дзякуючы яркасці меладычных вобразаў, апоры на быт. жанры. Сярод твораў: оперы «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Матухна Кураж» паводле Б.Брэхта (паст. 1982, Каўнас; запіс на бел. радыё 1988), «Візіт дамы» паводле Ф.Дзюрэнмата (паст. 1995), балет «Апошні інка» (паст. 1990, Гавана); харэаграфічныя мініяцюры «Першыя чайкі» і «В’етнам» (паст. адпаведна 1967 і 1969); араторыі «Памяці паэта» на словы Я.Купалы (1972), «Бай прыдумаў» для хору хлопчыкаў і аркестра на словы Р.Барадуліна (1975); вак.-сімф. паэма «Попел» на словы Э.Межэлайціса (1966); музыка для струнных (1970), канцэрт для фп. з аркестрам «Капрычас» (1969); уверцюра на бел. тэмы для аркестра бел. нар. інструментаў (1972); санаты, сюіты «Казка» і «Кантрасты» для фп.; струнны квартэт (1996); вак. цыклы на вершы А.Вярцінскага, М.Танка («Закон захавання матэрыі»), У.Шэкспіра, Ф.Гарсія Лоркі і інш.; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Літ.:

Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.Глебов, С.Кортес, Д.Смольский, И.Лученок. М., 1978;

Друкт А.А. Драматургічная канцэпцыя оперы С.Картэса «Джардана Бруна» // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1984. № 1;

Аладава Р.М. Опера С.Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13.

А.А.Саламаха.

С.А.Картэс.

т. 8, с. 106