КАРТУ́Ш (франц. cartouche ад італьян. cartoccio літар. скрутак, мяшочак),

скульптурнае ці графічнае ўпрыгожанне ў выглядзе дэкаратыўна акаймаванага шчыта або паўразгорнутага скрутка, на якім адлюстраваны герб, эмблема, надпіс. Адзін з найб. пашыраных дэкар. матываў у еўрап. мастацтве 15—19 ст. На Беларусі вядомы з 16 ст. У ліку першых К. гравюры з відамі Гродна Г.Адэльгаўзера, Нясвіжа і Клецка — Т.Макоўскага і інш.

Найчасцей выкарыстоўвалі ў арх. дэкоры (змяшчалі над параднымі ўваходамі ў палацы, дзе часта падтрымліваліся або фланкіраваліся скульпт. выявамі пуцці, анёлаў, звяроў, птушак, над уязнымі брамамі і інш.), надмагіллях, мэблі, ювелірных вырабах, дакументах, геагр. картах і інш. Выраблялі з розных матэрыялаў (камень, дрэва, метал, стук) і ў розных тэхніках.

Картуш.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)