КА́РТЭЛЬ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 5.5.1937, в. Галяшы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне генетыкі. Акад.Нац.АН Беларусі (1996; чл.-кар. 1986), д-рбіял.н. (1984), праф. (1991). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1967 у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі (у 1978—94 нам. дырэктара, з 1985 адначасова заг. лабараторыі, з 1994 дырэктар). Навук. працы па малекулярнай генетыцы і генет. трансфармацыі раслін, пытаннях селекцыі і генетыкі драўняных раслін, радыяцыйным мутагенезе с.-г. раслін, праблемах генет. і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін. Распрацаваў метад генет. трансфармацыі, стварыў трансгенныя расліны бульбы, распрацаваў малекулярна-генет. карту жыта, атрымаў новыя даныя пра ролю паўтораў ДНК у структурна-функцыян. арганізацыі генома раслін, падрыхтаваў тлумачальны слоўнік па генетыцы.
Тв.:
Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989;
Фитогормоны и фитопатогенность бактерий. Мн., 1994 (разам з А.У.Лабанок, В.У.Фамічовай).