Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРТА́САР ((Cortázar) Хуліо) (26.8.1914, Брусель — 12.2.1984),

аргенцінскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це Буэнас-Айрэса. З 1951 жыў у Парыжы. Дэбютаваў як паэт зб. санетаў «Прысутнасць» (1938), як празаік — апавяд. «Захоплены дом» (1946). У раманах «Экзамен» (1950, выд. 1986), «Выйгрышы» (1960), «Гульня ў класікі» (1963), «62. Мадэль для зборкі» (1968), «Апошні раунд» (1969), «Кніга Мануэля» (1973), зб-ках апавяд. «Бестыярый» (1951), «Канец гульні» (1956), «Сакрэтная зброя» (1959), «Гісторыя пра хранопаў і фамаў» (1962), «Усіх агнёў агонь» (1966), «Памеас і меопас» (1971), «Васьміграннік» (1974), «Хтосьці, хто побач з намі» (1977) тэмы чалавека і цывілізацыі, твару і маскі, мастака і мастацтва. Аўтар драм. паэмы ў прозе «Каралі» (1949), публіцыст. кніг «Па 80 светах за адзін дзень» (1967), «Нікарагуа, неўтаймаваная і пяшчотная» (1984) і інш. Яго творы з рысамі постмадэрнізму насычаны сімваламі-лейтматывамі, жанрава-стылявым поліфанізмам, літ. гульнёй, парадыйнасцю і гратэскавасцю, спалучэннем будзённа-празаічнага з фантастычным. Паводле яго апавядання «Фотапавелічэнне» зняты аднайм. фільм (1967, рэж. М.​Антаніёні).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1992: Экзамен. М., 1990.

Літ.:

Кутейщикова В.Н., Осповат Л.С. Новый латиноамериканский роман, 50—70-е гг.: Лит.-критич. очерки. 2 изд. М., 1983;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. 2 изд. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 104

КАРТАСХЕ́МА,

спрошчаная карта, звычайна без картаграфічнай сеткі. Дазваляе атрымаць у нагляднай форме агульнае ўяўленне пра пэўную з’яву (падзею), вылучыць яе найб. істотныя рысы. Выкарыстоўваюць як картаграфічныя ілюстрацыі да тэкстаў у навук.-папулярнай л-ры, падручніках, у якасці асновы для геагр. карт, на якіх абагульнена (схематычна) падкрэсліваецца пэўны змест і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 104

КАРТАТЭ́КА (ад карта + грэч. thēkē. умяшчальня, сховішча, скрыня),

сістэматызаваная сукупнасць пэўнай колькасці картак — носьбітаў інфармацыі з даведачным апаратам, уліковымі і інш. данымі. Аб’ядноўваюцца і размяшчаюцца ў пэўным парадку, напр., па алфавіце, тэмах, тэрмінах. К. наз. таксама скрынка або шафа для захоўвання такіх картак.

т. 8, с. 104

КАРТАХЕ́НА (Cartagena),

горад на ПдУ Іспаніі, у аўт. вобласці Мурсія. 176 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м. У К. і яе прыгарадах — суднабудаванне (у т. л. ваеннае), выплаўка свінцу і цынку, нафтаперапр., харч. (пераважна плодакансервавая) прам-сць. Арх. помнікі: рэшткі стараж. некропаля, гатычны сабор (13 ст.), барочны касцёл Санта-Марыя дэ Грасія (17—18 ст.).

У старажытнасці горад наз. Новы Карфаген, засн. каля 228 да н.э. палкаводцам Гасдрубалам як ваен. база карфагенян для заваявання Іспаніі. У 209 да н.э. — 5 ст. н.э. пад уладай Стараж. Рыма. Росквіту К. садзейнічала распрацоўка сярэбраных і алавяных руднікоў паблізу горада. Заваявана ў 425 вандаламі, у 534 Візантыяй, у 7 ст. вестготамі, у 711 арабамі. У 1243 у ходзе Рэканкісты далучана да Кастыліі. Пасля ўмацавання порта Філіпам II (1570) гал. база ісп. ваен. флоту. Цэнтр кантанальнага паўстання 1873.

т. 8, с. 104

КАРТАХЕ́НА (Cartagena),

горад на Пн Калумбіі, на Карыбскім м., на З ад вусця р. Магдалена. Адм. ц. дэпартамента Балівар. 564 тыс. ж. (1990). Вузел аўтадарог. Буйны марскі порт (вываз нафты і нафтапрадуктаў, скур, золата, кавы). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., цэм., гарбарна-абутковая, тэкст., харч. (у т. л. рыбакансервавая). Ун-т. Арх. помнікі 16—18 ст. (умацаванні, цэрквы, кляштары). Порт, крапасныя ўмацаванні і гіст.-арх. ансамбль старога горада ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Засн. ў 1533 ісп. канкістадорам Педра дэ Эрэдыя на месцы індзейскага паселішча. З 17 ст. буйны гандл. порт (у Іспанію вывозілі каштоўныя камяні і металы), гал. ісп. крэпасць у Лац. Амерыцы. На К. шмат разоў нападалі франц. і англ. піраты (у 1585 спалены Ф.Дрэйкам). У 1811 першая з гарадоў Калумбіі абвясціла незалежнасць ад Іспаніі (у 1815—21 зноў пад ісп. калан. уладай).

т. 8, с. 104

КА́РТАЧНАЯ СІСТЭ́МА забеспячэння насельніцтва, форма прамога рэгулявання забеспячэння насельніцтва шляхам устанаўлення нарміраванага водпуску тавараў па картках. Упершыню ўведзена ў Парыжы ў 1793 у час франц. рэвалюцыі. Пашыранай была ў гады 1-й сусв. вайны 1914—18 (у агульнадзярж. маштабе яе выкарыстала Германія, у Расіі была ўведзена мясц. гар. ўправамі ў пач. 1916). У Сав. Расіі існавала ў 1918—21, у СССР у 1928—36, у гады Вял. Айч. вайны і ў часы пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі. У снежні 1947 у СССР была праведзена грашовая рэформа і адменены карткі на харч. і прамысл. тавары. З канца 1980-х у СССР, у 1990-х гг. у некаторых рэгіёнах Беларусі ўжываліся элементы К.с.: водпуск харч. тавараў па картках (талонах) і інш.

т. 8, с. 104

КАРТАШЭ́ВІЧ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 11.2.1949, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аўтатрактарабудавання. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Скончыў БСГА (1971), дзе і працуе (з 1996 першы прарэктар). Навук. працы па паляпшэнні эксплуатацыйных характарыстык рухавікоў унутр. згарання, па актуальных праблемах аграрнай адукацыі. Распрацаваў сістэмы аховы рухавікоў ад цеплавых і мех. перагрузак, прынцыпы павышэння экалагічных і эканам. паказчыкаў работы дызеляў.

т. 8, с. 104

КА́РТЛІ,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў сярэднім цячэнні р. Кура. У ант. і візант. крыніцах вядома пад назвай Іберыя. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідаў, ад якой вызвалілася (акрамя г. Тбілісі) да канца 6 ст. З пач. 7 ст. пад уплывам Візантыі, саюзнікі якой хазары ў 627 захапілі Тбілісі, дзе знаходзіўся сасанідскі гарнізон. Да 730-х г. К. заваяваны арабамі, панаванне якіх працягвалася тут да 1122, калі цар Давід Будаўнік знішчыў Тбіліскі эмірат. З канца 10 ст. К. — ядро адзінай груз. дзяржавы. Пасля распаду гэтай дзяржавы ў 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. Картлійскае царства, якое аб’ядналася ў 1762 з Кахеты ў Картлійска-Кахецінскае царства (з 1801 у складзе Расіі).

т. 8, с. 104

КАРТЛІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

дзяржава ва Усх. Грузіі на тэрыторыі гіст. вобласці Картлі ў 2-й пал. 15—18 ст. Узнікла ў выніку распаду адзінага Груз. царства. Сталіца — г. Тбілісі. Аснова эканомікі — натуральная гаспадарка. Падзялялася на паўсамаст. адзінкі — сатавада. У канцы 17 — пач. 18 ст. перажывала пэўны эканам. і культ. ўздым. У 16—18 ст. К.ц. пад кіраўніцтвам Луарсаба I, Георгія Саакадзе, Вахтанга VI і інш. супраціўлялася ірана-тур. агрэсіі. У 1723 К.ц. авалодалі туркі, у 1735 — іранцы. У 1744 аднавіла незалежнасць. Існавала да 1762, калі пад уладай кахецінскага цара Іраклія II было аб’яднана з Кахеты ў адзінае Картлійска-Кахецінскае царства са сталіцай у Тбілісі, якое ў 1801 далучана да Расіі.

т. 8, с. 105

КАРТО́ГРАФА-ГЕАДЭЗІ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «БЕЛГЕАДЭ́ЗІЯ»,

вытворчае аб’яднанне па забеспячэнні Рэспублікі Беларусь тапаграфічнымі здымкамі, геадэзічнымі і картаграфічнымі матэрыяламі. Засн. ў 1947 у сістэме Гал. ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі СССР пад назвай Зах. аэрагеадэзічнае прадпрыемства, у 1962—90 — Прадпрыемства № 5 ГУГК СССР. З 1997 у падпарадкаванні Дзяржкамітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь. У складзе аб’яднання 3 тапографа-геад. экспедыцыі ў Мінску (№ 81, 82, 83), Гомельскі і Полацкі геад. цэнтры, 4 цэхі камеральных работ і інфарм.-выліч. цэнтр у Мінску. Ажыццяўляе комплекс мерапрыемстваў па стварэнні і аднаўленні дзярж. геад. сеткі, стварае тапагр. карты маштабу ад 1:10000 да 1:1000000, планы гарадоў у адпаведнасці з патрэбамі суб’ектаў гаспадарання, навукі і абароны краіны. Праводзіць тапографа-геад. работы для зямельнага кадастру, пры праектаванні і буд-ве, рэжымныя назіранні пры эксплуатацыі асабліва важных аб’ектаў, паўторныя нівеліроўкі ўсёй тэр. Беларусі або на асобных палігонах (гл. Геадынамічны палігон). Стварае карты адкрытага выкарыстання шырокай тэматыкі, у т. л. для вучэбных мэт, і лічбавыя для выкарыстання на ЭВМ.

М.​Ф.​Віняцкі.

т. 8, с. 105