КАРТАХЕ́НА (Cartagena),
горад на ПдУ Іспаніі, у аўт. вобласці Мурсія. 176 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м. У К. і яе прыгарадах — суднабудаванне (у т. л. ваеннае), выплаўка свінцу і цынку, нафтаперапр., харч. (пераважна плодакансервавая) прам-сць. Арх. помнікі: рэшткі стараж. некропаля, гатычны сабор (13 ст.), барочны касцёл Санта-Марыя дэ Грасія (17—18 ст.).
У старажытнасці горад наз. Новы Карфаген, засн. каля 228 да н.э. палкаводцам Гасдрубалам як ваен. база карфагенян для заваявання Іспаніі. У 209 да н.э. — 5 ст. н.э. пад уладай Стараж. Рыма. Росквіту К. садзейнічала распрацоўка сярэбраных і алавяных руднікоў паблізу горада. Заваявана ў 425 вандаламі, у 534 Візантыяй, у 7 ст. вестготамі, у 711 арабамі. У 1243 у ходзе Рэканкісты далучана да Кастыліі. Пасля ўмацавання порта Філіпам II (1570) гал. база ісп. ваен. флоту. Цэнтр кантанальнага паўстання 1873.
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)