КАРТА́САР ((Cortázar) Хуліо) (26.8.1914, Брусель — 12.2.1984),
аргенцінскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це Буэнас-Айрэса. З 1951 жыў у Парыжы. Дэбютаваў як паэт зб. санетаў «Прысутнасць» (1938), як празаік — апавяд. «Захоплены дом» (1946). У раманах «Экзамен» (1950, выд. 1986), «Выйгрышы» (1960), «Гульня ў класікі» (1963), «62. Мадэль для зборкі» (1968), «Апошні раунд» (1969), «Кніга Мануэля» (1973), зб-ках апавяд. «Бестыярый» (1951), «Канец гульні» (1956), «Сакрэтная зброя» (1959), «Гісторыя пра хранопаў і фамаў» (1962), «Усіх агнёў агонь» (1966), «Памеас і меопас» (1971), «Васьміграннік» (1974), «Хтосьці, хто побач з намі» (1977) тэмы чалавека і цывілізацыі, твару і маскі, мастака і мастацтва. Аўтар драм. паэмы ў прозе «Каралі» (1949), публіцыст. кніг «Па 80 светах за адзін дзень» (1967), «Нікарагуа, неўтаймаваная і пяшчотная» (1984) і інш. Яго творы з рысамі постмадэрнізму насычаны сімваламі-лейтматывамі, жанрава-стылявым поліфанізмам, літ. гульнёй, парадыйнасцю і гратэскавасцю, спалучэннем будзённа-празаічнага з фантастычным. Паводле яго апавядання «Фотапавелічэнне» зняты аднайм. фільм (1967, рэж. М.Антаніёні).
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1992: Экзамен. М., 1990.
Літ.:
Кутейщикова В.Н., Осповат Л.С. Новый латиноамериканский роман, 50—70-е гг.: Лит.-критич. очерки. 2 изд. М., 1983;
Мамонтов С.П. Йспаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. 2 изд. М., 1983.
Е.А.Лявонава.
т. 8, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)