МЕЗАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
адзін з класаў гідратэрмальных радовішчаў, якія ўтвараюцца ў постмагматычнай стадыі з гідратэрмальных раствораў пры т-ры 300—200 °C. У большасці выпадкаў размешчаны ў асадкавых і метамарфічных пародах, каля інтрузіўных масіваў, радзей залягаюць унутры іх. Утвараюць жылы, пласты і інш. Мінер. склад разнастайны, прадстаўлены руднымі мінераламі (золата, серабро, злучэнні жалеза, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, мыш’яку, волава, урану, малібдэну, вісмуту і інш.) і мінераламі неметалічных карысных выкапняў (хрызатыл-азбест, тальк, магнезіт, плавікавы шпат і інш.).
І.В.Найдзянкоў.
т. 10, с. 259
МЕЗАТЭРМІ́Я [ад мез(а)... + тэрма...],
часовае павышэнне т-ры вады ў вадаёме на глыб. 0,5—1,5 м. Працягваецца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. На вадаёмах Беларусі адзначаецца вясной пры награванні вады праз лёд, летам пры рэзкім начным ахаладжэнні паверхні вады і восенню ў пач. разбурэння прамой тэмпературнай стратыфікацыі.
т. 10, с. 259
МЕЗАТЭ́РМЫ [ад мез(а)... + тэрма...],
расліны, якія жывуць у мясцовасцях з дастатковай колькасцю ападкаў і сярэдняй гадавой т-рай ад 15 да 20 °C. Тэрмін прапанаваны швейц. батанікам А.Дэкандолем у 2-й пал. 19 ст.
т. 10, с. 259
МЕЗАФІ́ЛЫ [ад мез(а)... + філ(ы)],
жывёлы, якія жывуць пераважна ў месцах з сярэднім узроўнем увільготненасці. Патрабавальнасць да вільготнасці асяроддзя ў М. залежыць ад воднага балансу арганізма і рэгулюецца шэрагам марфал., фізіял. і экалагічных прыстасаванняў. Напр., тыповы М. у фауне Беларусі сярод насякомых — матыль соўка азімая, які насяляе палеткі папарныя або з прапашнымі культурамі і інш. месцы з оптымумам адноснай вільготнасці паветра 50—80%.
т. 10, с. 259
МЕЗАФІ́ТЫ [ад мез(а)... + ...фіт(ы)],
расліны, што знаходзяцца ва ўмовах з дастатковай (не празмернай) колькасцю вады ў глебе. Прамежкавая група паміж ксерафітамі і гіграфітамі. Пашыраны ў лясах тропікаў і субтропікаў, ва ўмераных паясах, напр., лістападныя дрэвы і кусты, большасць лугавых (канюшына, цімафееўка і інш.), лясных (кісліца, ландыш і інш.) траў, часам эфемеры. На адкрытых, асветленых месцах М. маюць рысы святлолюбівых раслін, у цяністых — ценевынослівых.
т. 10, с. 259
МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.
І.К.Германовіч.
т. 10, с. 259
МЕЗЕНХІ́МА [ад мез(а)... + грэч. enchyma налітае, тут тканка],
зародкавая злучальная тканка большасці шматклетачных жывёл і чалавека. На ранніх стадыях зародкавага развіцця М. складаецца з сукупнасці рыхла размешчаных, адросткавых, сеткападобна звязаных клетак, якія высяляюцца з трох зародкавых лісткоў, пераважна з мезадэрмы. Дае пачатак клеткам злучальнай, касцявой, храстковай, гладкай мышачнай, пігментнай тканак. Галаўная М. ўтвараецца міграцыяй клетак нерв. трубкі і гангліёзнай пласцінкі, латэральных ч. перадхардальнай пласцінкі. Пазазародкавая ўваходзіць у пазазародкавыя органы.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 259
МЕ́ЗЕНЦАЎ (Барыс Сяргеевіч) (26.7.1911, г. Тула, Расія — 18.11.1970),
расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1935), выкладаў у ім (з 1969 праф.). Асн. работы: у Маскве — вышынныя адм. будынкі на пл. Красныя вароты (1948—53, з арх. А.Душкіным), на вул. Пятроўка, 38 (1952—59), жылыя дамы па праспекце Міру (1952), горадабуд. работы па праспекце Вярнадскага (1964—68); мемар комплекс У.І.Леніна ў г. Ульянаўск (1967—70; Ленінская прэмія 1972) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.
т. 10, с. 259
МЕ́ЗІНСКАЯ СТАЯ́НКА,
познапалеалітычнае (каля 20 тыс. гадоў назад) паселішча на беразе р. Дзясна каля с. Мезін Чарнігаўскай вобл. (Украіна). Захаваліся рэшткі доўгачасовых невял. жытлаў з дрэва і касцей маманта, месцы апрацоўкі крэменю і косці, заглыбленыя агнішчы па-за жытламі. Сярод вял. колькасці крамянёвых прылад працы выяўлены спец. інструменты для гравіроўкі па косці, шмат прылад і рэчаў з косці і рогу жывёл. Знойдзены скульптурныя фігуркі жанчын і жывёл, бранзалеты і інш. рэчы з іклаў маманта, з геам. графікай (у т. л. меандравымі ўзорамі), размалёўкі чырв. вохрай на вял. касцях маманта, шмат марскіх ракавін паўд. паходжання.
т. 10, с. 259
МЕЗО́НІЙ,
вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ+) і электрона; тое, што мюоній.
т. 10, с. 259