Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЛО́ЧКА Уладзіслаў (8.2.1887, г. Гродна — 13.11.1942),

бел. рэлігійны і культурна-асветны дзеяч. У 1909—14 вывучаў тэалогію і філасофію ў каталіцкім ін-це ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 святар у Вільні. Адзін з першых пачаў публічна ўжываць бел. мову ў набажэнствах. У 1915—18 адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віленскага к-та дапамогі пацярпелым ад вайны. З 1917 быў звязаны з Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй, у яе друкаваным органе газ. «Krynica» («Крыніца») змяшчаў артыкулы культ.-адраджэнскай і рэліг. праблематыкі. Удзельнічаў у арганізацыі і правядзенні Беларускай канферэнцыі 1918 у Вільні. Уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы. У міжваен. дваццацігоддзе адзін з вядучых публіцыстаў час. віленскіх краёўцаў «Przegląd Wileriski» («Віленскі агляд»). З 1920-х г. праследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. 15.12.1938 як «нядобранадзейная асоба» выселены ў Беласток. На пач. 2-й сусв. вайны вярнуўся ў Вільню.

т. 15, с. 405

ТАЛО́ЧКІ, Буйніцкія,

княжацкі род у ВКЛ. Паходжанне невядома, магчыма, Т. — адгалінаванне полацкіх Ізяславічаў. У канцы 14 ст. князь Юрый Т. атрымаў ад вял. князя ВКЛ Вітаўта Рагачоўскую воласць. У сярэдзіне 15 ст. сын Юрыя князь Фёдар Талочкавіч прадаў вотчынны маёнтак Высокае пану Гаштольду. Пляменнік Фёдара князь Леў меў маёнткі Гатушычы і Буйнічы, ад назвы якога ўтворана прозвішча Буйніцкія. На яго сыне Аляксею (? — 1505) род Т. у мужчынскай лініі згас, а родавыя маёнткі перайшлі да шваграў Аляксея — Кандрата Івашкевіча, Аляксандра Солтанавіча і князя Івана Крошынскага.

т. 15, с. 405

ТАЛО́ЧНЫЯ ПЕ́СНІ, талаковыя песні, талачанскія песні,

разнавіднасць каляндарна-абрадавых песень, што суправаджалі працу земляроба на талацэ. У залежнасці ад віду сезонных работ вылучаюцца 3 групы Т.п.: песні веснавой талакі, жніўныя талочныя, песні асенніх талок. Самая шматлікая 1-я група, якая і прадвызначыла прыроду жанру. Яна добра перадае атмасферу працы, характэрны для яе ўздым і радасны настрой. Антытэза, іронія, дасціпны гумар уласцівы Т.п., у якіх адлюстраваны характар працы розных удзельнікаў талакі. У песнях часта гучыць зварот да гаспадара, якому талачане нагадваюць пра работу і разлік за яе; пры гэтым ў незласлівай форме, з жартам дакараюць за нібыта недастатковае частаванне работнікаў, пра залішнюю ашчаднасць гаспадыні. У некат. песнях гучалі і заклёны на добры ўраджай, аднак пераважалі бяседныя Т.п. пра каханне, перажыванні маладой замужніцы ў чужой сям’і і г.д. У веснавых Т.п. пераважае вобраз талочніцы — вясёлай і дасціпнай дзяўчыны (жанчыны) — гал. ўдзельніцы талакі. У жніўных Т.п. шырокая карціна жніва, вобразы жней-талачанак, якія «зжалі поле нязмернае», «змялі ніву мяцёлкаю». Яны пераважна бяседнага характару, выконваліся ў час застолля пры калектыўнай апрацоўцы лёну, азімай сяўбе, малацьбе, на дакопках бульбы. Да іх прымыкаюць спарышовыя песні (вобраз спарыша ўвасабляў урадлівасць і дабрабыт). Т.п. былі пашыраны на ўсёй Беларусі. найб. шырока бытавалі на Падзвінні.

Публ.:

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

т. 15, с. 405

ТА́ЛСА (Tulsa),

горад на Пд ЗША. штат Аклахома. 381,4 тыс. ж., з прыгарадамі каля 750 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Арканзас. Аэрапорт. Гандл.-фін. і арганізац. цэнтр раёна здабычы і перапрацоўкі нафты і газу. Прам-сць: вытв-сць нафтавага абсталявання, дарожна-буд. машын, авіяц. дэталей і вузлоў; эл.-тэхн. і радыёэлектронная, аўтамаб., прыладабуд., чорная металургія, нафтаперапр., хім., сілікатна-керамічная, паліграф., харч., швейная. Ун-т.

т. 15, с. 405

ТА́ЛСІНСКАЯ ПРЫГАЖУ́НЯ,

латвійскі сорт груш нар. селекцыі. Пашыраны на Беларусі.

Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная. густая. Пладаносіць на 7-ы год. Сорт зімаўстойлівы, ураджайны, устойлівы да бактэрыяльных і грыбных хвароб. Плады дробныя (50 г), грушападобныя. Скурка тонкая, зеленавата-жоўтая з іржавымі плямамі. Мякаць белая, сакавітая, салодкая з лёгкім мускатным пахам, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне верасня.

т. 15, с. 405

ТАЛСТАРО́ЖАЎ Георгій Барысавіч (н. 28.11.1945, г. Ліскі Варонежскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1985), праф. (1993). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па люмінесцэнцыі складаных малекул у газавай фазе, рэлаксацыйных працэсах у біямалекулах. Даследаваў механізмы дысацыяцыі адзінарных сувязей у малекулах дысульфідаў. Адзін са стваральнікаў фемтасекунднага лазернага спектрометра. Прэмія Ленінскага камсамола 1978.

Тв.:

Пассивная синхронизация мод фемтосекундного титан-сапфирового лазера при импульсной синхронной накачке ограниченным цугом пикосекундных импульсов (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1999. Т. 28. № 3;

Спектроскопия и люминесценция (у сааўт.) // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

т. 15, с. 405

ТАЛСТА́Я Таццяна Мікітаўна (н. 3.5.1951, С.-Пецярбург),

руская пісьменніца. Унучка А.М.Талстога і М.Л.Лазінскага. Скончыла Ленінградскі ун-т. Друкуецца з 1983. У апавяданнях (зб-кі «На залатым ганку сядзелі...», 1987; «Кахаеш, не кахаеш». 1997), адметных назіральнасцю і вытанчанасцю стылю. — душэўная смута сучаснага чалавека, які перажывае разлад з рэчаіснасцю, страту маральных арыенціраў. У фантаст. рамане «Кысь» (2000) спалучэнне «чорнага» гумару з тонкай іроніяй і сатырай. Аўтар кніг эсэ, нарысаў, артыкулаў «Сёстры» (1998), «Двое» (2001, абедзве разам з сястрой Н.​Талстой) і інш.

Тв.:

День: Личное. М 2001;

Ночь: Рассказы М., 2001.

А.​В.​Спрынчан.

т. 15, с. 406

ТАЛСТО́Й Аляксей Канстанцінавіч (5.9.1817, С.-Пецярбург — 10.10.1875),

рускі пісьменнік. У 1835 вытрымаў экзамен на чын пры Маскоўскім ун-це. Займаў высокія дыпламатычныя (1837—40) і прыдворныя пасады. З 1861 у адстаўцы. Першая фантаст. аповесць «Ваўкалак» (1841, пад псеўд. Краснагорскі). З 1854 у час. «Современник» друкаваў парадыйна-сатыр. вершы, напісаныя з братамі Жамчужнікавымі пад псеўд. Казьма Пруткоў. У творах «Сон Папова» (нап. 1873, апубл. 1878), «Гісторыя дзяржавы Расійскай...» (1883) высмейваў царскую бюракратыю, у рамане «Князь Сярэбраны» (1862), драм. трылогіі «Смерць Іаана Грознага» (1866), «Цар Фёдар Іаанавіч» (1868, не дазволена да пастаноўкі, паст. 1898), «Цар Барыс» (1870, паст. 1891) драматызм паліт. барацьбы ў Расіі 16—17 ст. Лірыка Т. мілагучная, псіхалагічна паглыбленая. Многія вершы пакладзены на музыку П.​Чайкоўскім, М.​Рымскім-Корсакавым, М.​Мусаргскім, С.​Рахманінавым і інш. П’еса Т. «Цар Фёдар Іаанавіч» пастаўлена Дзярж. рус. драм. т-рам Беларусі (1946). На бел. мову асобныя вершы Т. перакладаў Х.​Жычка.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1969;

Соч. Т. 1—2. М. 1981;

Полн. собр. стихотворений. Т. 1—2. Л., 1984.

Літ.:

Стафеев Г.И. Сердце полно вдохновенья: Жизнь и творчество А.​К.​Толстого. Тула, 1973;

Жуков Д. А.​К.​Толстой. М., 1982.

т. 15, с. 406

ТАЛСТО́Й Аляксей Мікалаевіч (10.1.1883, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 23.2.1945),

рускі пісьменнік. Акад. АН СССР (1939). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1901—07). У 1914—16 ваен. карэспандэнт газ. «Русские ведомости». У 1918—23 у эміграцыі. Друкаваўся з 1905. Першая кніга — «Лірыка» (1907). Цыкл апавяданняў «Заволжа» (1909—11), раманы «Дзівакі» (1911), «Кульгавы пан» (1912), п’еса «Галубка» (паст. 1916) пра жыццё маёнткавага дваранства. Вяршыні творчасці — трылогія «Блуканне па пакутах» (1920—41). Дзярж. прэмія СССР 1943, аднайм. фільм, серыі 1—3, 1957—59) — маст. летапіс шляхоў інтэлігенцыі ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны; раман «Пётр I» (кн. 1—3, не завершаны, 1929—45, Дзярж. прэмія СССР 1941, аднайм. фільм 1937—39), у ім раскрыў заканамернасці гіст. працэсу пятроўскай эпохі. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства Мікіты» (1920), фантаст. раманаў «Аэліта» (1922—23), «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1925—27), сатыр. рамана «Ібікус» (1924), рамана-памфлета «Чорнае золата» («Эмігранты», 1931), п’ес «Змова імператрыцы» (1925, з П.​Шчогалевым; паводле п’есы Бел. тэлебачаннем паст. спектакль «Крах», 1966), «Азеф» (1926), драм. дылогіі «Іван Грозны» (1941—43, Дзярж. прэмія СССР 1946), аповесці-казкі «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» (1935, экранізавана), публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў і інш. У 1917 Т. наведаў Беларусь як упаўнаважаны Усерас. саюза гарадоў на Зах. фронце. На бел. мову творы Т. перакладалі А.​Бачыла, У.​Ляўданскі, Я.​Пушча і інш. П’еса «Нараджэнне свету» паводле трылогіі «Блуканне па пакутах» (інсцэніроўка І.​Судакова) пастаўлена Бел. т-рам імя Я.​Коласа (1948), п’еса «Дзялок» — Гродзенскім абл. драм. т-рам (1958), Дзярж. рус. драм. т-рам (1992), п’еса «Прыгоды Бураціна» — Бел. рэсп. т-рам юнага гледача (1966), п’еса «Прыгоды Бураціна ў Краіне Дурняў» А.​Шапіры паводле Т. — Бел. дзярж. т-рам лялек (1991), п’еса «Касатка» — Нац. т-рам імя Я.​Коласа (1992), п’еса «Любоў — кніга залатая» — Мінскім абл. драм. т-рам (1993).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—15. М., 1946—53;

Бел. пер. — Жаўтухін. Мн., 1930;

Пётр Першы. Кн. 1. Мн., 1937;

Апавяданні Івана Сударава. Мн., 1946: Дзяцінства Мікіты, Мн., 1960;

Залаты ключык. або Прыгоды Бураціна. Мн., 1971.

Літ.:

Поляк Л.М. Алексей Толстой — художник. М., 1964;

Петелин В.В. Судьба художника: Жизнь, личность, творчество А.​Н.​Толстого. М., 1982;

Воспоминания об А.​Н.​Толстом. 2 изд. М., 1982;

Петелин В.В. Жизнь Алексея Толстого: «Красный Граф». М., 2001.

А.​Р.​Жакаў.

А.М.Талстой.

т. 15, с. 406

ТАЛСТО́Й Дзмітрый Андрэевіч (13.3.1823, Масква — 7.5.1889),

граф, рас. дзярж. дзеяч, гісторык. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1843). З 1848 служыў у дэпартаменце духоўных спраў Мін-ва ўнутр. спраў, з 1853 — у Марскім мін-ве. З 1861 сенатар, з 1866 чл. Дзярж. савета. У 1865—80 обер-пракурор Сінода, з 1866 міністр нар. асветы. Правёў рэформы сярэдняй адукацыі (1871), гар. вучылішчаў (1874), духоўных навуч. устаноў пры Сінодзе (1867, 1869). У 1882—89 міністр унутр. спраў Расіі і шэф корпуса жандараў, Прыхільнік «моцнай» улады, адзін з лідэраў паліт. рэакцыі 1880-х г. З дапамогай А.​Дз.​Пазухіна распрацаваў праекты «контррэформ»: «Закон аб земскіх участковых начальніках» (1889), «Палажэнне аб земскіх установах» (1896). З 1882 прэзідэнт Акадэміі навук. Аўтар прац «Гісторыя фінансавых устаноў Расіі з часоў заснавання дзяржавы да смерці імп. Кацярыны II» (1848), «Рымскі каталіцызм у Расіі» (1876).

Дз.​У.​Караў.

т. 15, с. 406