ТАЛСТО́Й Аляксей Мікалаевіч (10.1.1883, г. Пугачоў Саратаўскай вобл., Расія — 23.2.1945),

рускі пісьменнік. Акад. АН СССР (1939). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1901—07). У 1914—16 ваен. карэспандэнт газ. «Русские ведомости». У 1918—23 у эміграцыі. Друкаваўся з 1905. Першая кніга — «Лірыка» (1907). Цыкл апавяданняў «Заволжа» (1909—11), раманы «Дзівакі» (1911), «Кульгавы пан» (1912), п’еса «Галубка» (паст. 1916) пра жыццё маёнткавага дваранства. Вяршыні творчасці — трылогія «Блуканне па пакутах» (1920—41). Дзярж. прэмія СССР 1943, аднайм. фільм, серыі 1—3, 1957—59) — маст. летапіс шляхоў інтэлігенцыі ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны; раман «Пётр I» (кн. 1—3, не завершаны, 1929—45, Дзярж. прэмія СССР 1941, аднайм. фільм 1937—39), у ім раскрыў заканамернасці гіст. працэсу пятроўскай эпохі. Аўтар аўтабіягр. аповесці «Дзяцінства Мікіты» (1920), фантаст. раманаў «Аэліта» (1922—23), «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1925—27), сатыр. рамана «Ібікус» (1924), рамана-памфлета «Чорнае золата» («Эмігранты», 1931), п’ес «Змова імператрыцы» (1925, з П.​Шчогалевым; паводле п’есы Бел. тэлебачаннем паст. спектакль «Крах», 1966), «Азеф» (1926), драм. дылогіі «Іван Грозны» (1941—43, Дзярж. прэмія СССР 1946), аповесці-казкі «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» (1935, экранізавана), публіцыст. і літ.-крытычных артыкулаў і інш. У 1917 Т. наведаў Беларусь як упаўнаважаны Усерас. саюза гарадоў на Зах. фронце. На бел. мову творы Т. перакладалі А.​Бачыла, У.​Ляўданскі, Я.​Пушча і інш. П’еса «Нараджэнне свету» паводле трылогіі «Блуканне па пакутах» (інсцэніроўка І.​Судакова) пастаўлена Бел. т-рам імя Я.​Коласа (1948), п’еса «Дзялок» — Гродзенскім абл. драм. т-рам (1958), Дзярж. рус. драм. т-рам (1992), п’еса «Прыгоды Бураціна» — Бел. рэсп. т-рам юнага гледача (1966), п’еса «Прыгоды Бураціна ў Краіне Дурняў» А.​Шапіры паводле Т. — Бел. дзярж. т-рам лялек (1991), п’еса «Касатка» — Нац. т-рам імя Я.​Коласа (1992), п’еса «Любоў — кніга залатая» — Мінскім абл. драм. т-рам (1993).

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—15. М., 1946—53;

Бел. пер. — Жаўтухін. Мн., 1930;

Пётр Першы. Кн. 1. Мн., 1937;

Апавяданні Івана Сударава. Мн., 1946: Дзяцінства Мікіты, Мн., 1960;

Залаты ключык. або Прыгоды Бураціна. Мн., 1971.

Літ.:

Поляк Л.М. Алексей Толстой — художник. М., 1964;

Петелин В.В. Судьба художника: Жизнь, личность, творчество А.​Н.​Толстого. М., 1982;

Воспоминания об А.​Н.​Толстом. 2 изд. М., 1982;

Петелин В.В. Жизнь Алексея Толстого: «Красный Граф». М., 2001.

А.​Р.​Жакаў.

А.М.Талстой.

т. 15, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)