ВО́ІНСКАЯ ЧАСЦЬ,
арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва ўсіх відах узбр. сіл. У Рэспубліцы Беларусь да воінскай часці адносяцца ўсе палкі, асобныя батальёны (дывізіёны, эскадрыллі), якія не ўваходзяць у склад батальёнаў і палкоў. Воінская часць мае агульнаармейскае найменне (нумар, штатную назву, назву атрыманых узнагарод і інш.) і ўмоўнае лічбавае найменне. Воінскія часці складаюцца з органаў кіравання (штаба), баявых, спец. і тылавых падраздзяленняў; паводле прызначэння падзяляюцца на баявыя, баявога забеспячэння, вучэбныя і тылавыя. Воінскія часці ўваходзяць у склад злучэнняў, аб’яднанняў або падпарадкоўваюцца гал. камандаванню.
т. 4, с. 256
ВО́ІНЫ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,
прынятая ў афіц. ужытку назва ваеннаслужачых Сав. Арміі, якіх накіроўвалі ў інш. краіны з мэтай забеспячэння інтарэсаў СССР і для падтрымкі камуніст. і прасавецкіх урадаў у іх барацьбе з апазіцыяй у час грамадз. войнаў ці замежнай інтэрвенцыі. Найб. пашыраны тэрмін «воіны-інтэрнацыяналісты» стаў у час знаходжання сав. войск у Афганістане (1979—89). Мед. і псіхал. рэабілітацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх сац. адаптацыя аднесены да праблем грамадскага значэння, якія рэгулююцца заканадаўствам і інш. прававымі актамі.
т. 4, с. 256
ВО́ЙКАВА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр Камянкоўскага с/с і саўгаса. За 17 км на Пд ад г.п. Узда, 94 км ад Мінска, 39 км ад чыг. ст. Негарэлае, на аўтадарозе Узда—Капыль. 58 ж., 26 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 4, с. 256
ВО́ЙКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
другая назва Плешчаніцкага вадасховішча.
т. 4, с. 256
ВО́ЙНАВІЧ (Vojnovič) Іва
(9.10.1857, г. Дуброўнік, Харватыя — 30.8.1929),
харвацкі пісьменнік. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў югаславянскай драматургіі канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў юрыд. ф-т Заграбскага ун-та (1880). У 1907—11 літ. кіраўнік Харвацкага нац. т-ра (Заграб). Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў навел («Пяром і алоўкам», 1884), вершаў і эсэ («Акорды», 1917), аповесці «Ксанта» (1886). У драмах «Эквіноцый» («Калі дзень роўны ночы», 1895), «Дуброўніцкая трылогія» (1902), «Маскарад на паддашшы» (1922) адлюстраваў працэс адмірання традыцый горада-рэспублікі Дуброўнік і выраджэння арыстакратыі. Ідэі яднання сербаў, харватаў і славенцаў адбіліся ў драмах «Смерць маткі Югавічаў» (1907), «Уваскрэсенне Лазара» (1913). Разнастайная тэматыка, сінтэз рэалізму і мадэрнізму, арыгінальныя пошукі ўласцівыя п’есам «Psyche» (1889), «Пані са сланечнікам» (1912), «Imperatrix» (1919).
Тв.:
Сабрана дела. Кн. 1—3. Београд, 1939—41.
І.А.Чарота.
т. 4, с. 256
ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ Валянцін Феліксавіч
(у манастве Лука; 27.4.1877, г. Керч, Крым — 11.6.1961),
вучоны-медык, рэліг. дзеяч. З бел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-р медыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, за рэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял. Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук. прац. За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;
Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.
Літ: Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.
Ф.А.Ігнатовіч.
т. 4, с. 256
ВО́ЙНЕВІЧЫ,
вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на Пд ад г. Дзятлава, 199 км ад Гродна, 25 км ад чыг. ст. Слонім. 226 ж., 87 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (1897).
т. 4, с. 256
ВО́ЙНІЧ Міхаіл Леанардавіч
(падп. псеўд. Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),
дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.В.Пляханавым, В.І.Засуліч, П.Л.Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 256