Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНТА́ГМА (ад грэч. syntagma разам пабудаванае, злучанае),

1) спалучэнне па пэўнай мадэлі дзвюх або болей моўных адзінак у патоку маўлення (сінтагматыцы): марфем («пера-езд», «вязуць»), слоў («ідзе дождж», «спявае песню», «дзеля жыцця»), сказаў («Ён сказаў, што думаў».).

2) Рытміка-інтанацыйная адзінка маўлення або маўленчы такт, што звычайна супадае з адрэзкам выказвання, які вымаўляецца без паўз, адным штуршком паветра, мае свой інтанацыйна-націскны цэнтр (сінтагматычны націск) і характарызуецца адноснай сэнсавай і сінтакс. цэласнасцю. Напр.: «Чыстая // глыбокая рэчка // ў люстраной паверхні сваёй // адбівае блакітнасць неба, // і ад гэтага здаецца яна // бяздоннай» (П.​Галавач).

Літ.:

Виноградов В.В. Понятие синтагмы в синтаксисе русского языка // Виноградов В.В. Избранные труды: Исслед. по рус. грамматике. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 402

СІНТАГМА́ТЫКА,

адзін з двух (разам з парадыгматыкай) сістэмна-структурных планаў арганізацыі мовы і аспектаў яе даследавання; сукупнасць заканамернасцей, што вызначаюць адносіны паміж адзінкамі ў патоку маўлення, у выказвальным ланцужку. Сінтагматычныя адносіны засн. на лінейнасці маўлення — абавязковай размеркаванасці яго ў часе; узнікаюць паміж адзінкамі аднаго ўзроўню (фанемамі, марфемамі, словаформамі, сказамі). Сінтагматычныя адносіны заўсёды наяўныя ў маўленні і проціпастаўляюцца адносінам парадыгматычным, што існуюць у моўнай свядомасці носьбіта мовы ў выглядзе асацыятыўных груповак адзінак (або парадыгматычных класаў), з якіх робіцца выбар адной з іх для ўключэння ў сінтагматычны ланцужок — выказванне адпаведнай структуры.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 402

СІНТАІ́ЗМ (ад яп. сінта літар. — шлях багоў),

нацыянальная рэлігія Японіі, якая склалася на аснове стараж. політэістычных вераванняў жыхароў яп. астравоў не менш як 2000 г. назад. Тэрмін «С.» выкарыстоўваецца з канца 6 — пач. 7 ст. н.э., каб адрозніваць уласна яп. рэліг. традыцыю ад распаўсюджаных у Японіі будызму і канфуцыянства. У С. няма заснавальніка, свяшчэнных кананічных тэкстаў, распрацаванага веравучэння. У яго аснове — вера ў існаванне шматлікіх нябачных божастваў (камі), абагаўленне прыроды, культ. продкаў. Лічыцца, што божастваў-камі існуе каля 8 млн. і яны нябачна жывуць паўсюдна побач з людзьмі. Да іх адносяцца духі рэк, азёр, гор, далін, дрэў, камянёў, боскія продкі яп. народа, божаствы-ахоўнікі асобных мясцовасцей і рамёстваў, душы памерлых імператараў, знакамітых военачальнікаў, пісьменнікаў, вучоных і інш. Сінтаісцкі пантэон узначальвае багіня Сонца, родапачынальніца імператарскага роду Аматэрасу — дачка першай боскай пары Ідзанакі і Ідзанамі (Нябесны Бацька і Зямная Маці), якія стварылі Яп. астравы і ўсіх багоў. Гал. сінтаісцкае свяцілішча — храм Аматэрасу ў г. Ісе. Вернікі не павінны штодзённа наведваць храмы і маліцца багам; дастаткова ўдзельнічаць у гал. святах і рабіць прынашэнні на выкананне некат. рэліг. абрадаў і рытуалаў. Важную ролю ў абраднасці С. адыгрывае рытуал ачышчэння чалавека, які найчасцей зводзіцца да сімвалічнага ачышчэння вадой твару і рук перад уступленнем чалавека ў храм. Перад уваходам у храм знаходзяцца вароты (торыі), якія сімвалізуюць пераход чалавека з паўсядзённай прасторы ў сакральную (свяшчэнную) зону. Людзі ўносяць у храм грашовыя ахвяраванні, ускладаюць для камі ахвярапрынашэнні (звычайна ў выглядзе страў, напіткаў) і ўзносяць да камі маўклівую малітву; набываюць там разнастайныя амулеты і талісманы. Асн. змест малітваў у С. — просьба да камі пра дапамогу, абарону ці выяўленне ўдзячнасці. Звычайна абрады, звязаныя з нараджэннем і шлюбам, праводзяцца ў адпаведнасці з сінтаісцкім рытуалам, а пахавальныя — з будысцкім. Важную ролю ў С. адыгрываюць святы ўраджаю, сустрэчы Новага года, святкаванні, прысвечаныя камі-ахоўнікам пэўных родаў і тэрыторый; ушаноўваюцца таксама імператар і яго боскія продкі. Часам японцы робяць паломніцтва да свяшчэнных гор, вадаспадаў і там выконваюць адпаведныя рэліг. рытуалы. У Японіі больш за 80 тыс. сінтаісцкіх свяцілішчаў. Памаліцца божаствам і прынесці ім сімвалічныя ахвяры можна і перад хатнім алтаром (камідана). Свяшчэннаслужыцелямі могуць быць і мужчыны, і жанчыны. У студз. 1946 выдадзены імператарскі эдыкт, паводле якога імператар адракаўся ад свайго боскага паходжання і абвяшчаў, што адносіны паміж тронам і народам трымаюцца выключна на ўзаемных даверы і любові. Існуе таксама сектанцкі С. (больш за 10 сектаў).

Літ.:

Светлов Г.Е. Путь богов: (синто в истории Японии). М., 1985;

Синтоизм и конфуцианство. М., 1994;

Религиозные традиции мира: Пер. с англ. М., 1996. Т. 2. С. 491—610;

Народы и религии мира: Энцикл. М., 1999;

Накорчевский А.А. Синто. СПб., 2000;

Japan: Profile of a Nation. Tokyo etc., 1994.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 14, с. 402

СІ́НТАКСІС (ад грэч. syntaxis пабудова, парадак),

1) уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння форм слоў у словазлучэнні і сказы, простых сказаў у складаныя, а таксама значэнні, функцыі і тыпы словазлучэнняў і сказаў.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці пабудовы сказаў і моўныя катэгорыі, звязаныя са сказам. Аб’ект сінтакс. вывучэння і апісання — працэс і вынікі моўнай намінацыі сітуацый з мэтай зносін. Асн. катэгорыі С. — слова (словаформа), словазлучэнне, сказ, выказванне, сінтакс. сувязі. Найважнейшая ў С. катэгорыя — прэдыкатыўнасць, а таксама інтанацыя выказвання. Аб’ект С. шматгранны, таму ў межах сінтакс. вывучэння мовы суіснуюць розныя кірункі: С. часцін мовы і членаў сказа, С. словазлучэння і сказа, С. актуальнага члянення і тэксту, С. мадэляў сказа і іх парадыгматыкі і інш. Найб. значныя і актуальныя кірункі С.: статычны вызначае ўласцівыя пэўнай мове сукупнасці сінтакс. структур, г.зн. тыпаў словазлучэнняў (адзінак непрэдыкатыўных) і сказаў (адзінак прэдыкатыўных), а таксама іх агульных значэнняў; дынамічны (камунікатыўны) вывучае суадносіны і выкарыстанне сінтакс. структуры ў маўленчай дзейнасці, працэсы (перабудова сінтакс. сувязей, вызначэнне парадку слоў, акрэсленне інтанацыі, афармленне актуальнага члянення і г.д.), што суправаджаюць пераўтварэнне сказа як адзінкі моўнай сістэмы ў выказванне — адзінку маўлення; функцыянальна-семантычны накіраваны на высвятленне ўзаемадзеяння семантыкі і функцыі моўных адзінак у выказванні. Істотнымі кірункамі даследавання і апісання мовы і маўлення з’яўляюцца таксама С. тэксту, стылістычны С., гіст. С. і інш.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 404

СІ́НТЭЗ (ад грэч. synthesis злучэнне, спалучэнне, састаўленне),

1) злучэнне, спалучэнне розных элементаў, бакоў прадмета ў адно цэлае (сістэму), якое ажыццяўляецца і ў практычнай дзейнасці, і ў працэсе пазнання. С. процілеглы аналізу, але непарыўна з ім звязаны.

2) Метад навук. даследавання якога-н. прадмета, з’явы, які ў працэсе даследавання пазнаецца цалкам, у адзінстве і ўзаемасувязі ўсіх яго частак.

3) У філасофіі Г.​Гегеля — найвышэйшая ступень развіцця, якая вырашае супярэчнасці папярэдніх ступеняў.

4) У псіхалогіі — мысліцельная аперацыя, якая зводзіцца да аб’яднання прадметаў, што адлюстроўваюцца, у адно цэлае. Разам з аналізам забяспечвае фарміраванне паняццяў і працэс мыслення.

5) С. сацыяльны — спалучэнне і злучэнне асобных элементаў, індывідаў або груп у арганізаваную сістэму адносін для дасягнення ўзаемных мэт.

т. 14, с. 404

СІНТЭЗА́ТАР,

клавішны муз. інструмент. Гл. ў арт. Электрамузычныя інструменты.

т. 14, с. 405

СІ́НТЭЗ МАСТА́ЦТВАЎ,

спалучэнне розных мастацтваў ці відаў мастацтва ў адзінае маст. цэлае, якое вобразна арганізуе матэрыяльнае і духоўнае асяроддзе чалавека. У выніку С.м. узнікае якасна новае ўтварэнне, якое вызначаецца эстэт. раўнавагай і ўзаемадзеяннем усіх кампанентаў. Найчасцей выкарыстоўваецца арх.-маст. сінтэз; у ім удзельнічаюць манументальнае мастацтва (скульптура, жывапіс), архітэктура малых форм, садова-паркавае мастацтва, ландшафтная архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інш. Некат. віды і жанры мастацтва існуюць толькі пры ўмове сінтэзу: драм. і оперны т-ры, цырк, кіно, тэлебачанне, эстрада — яны аб’ядноўваюць творчасць драматурга (сцэнарыста), акцёра, рэжысёра, мастака, аператара (у кіно), кампазітара; у муз. т-ры драм. мастацтва знаходзіцца ў адзінстве з вак. і інстр. музыкай, харэаграфіяй, сцэнаграфіяй і інш. (гл. Кінамастацтва, Тэатр). У аб’яднанні кампанентаў мастацтва т-ра ці кінатвора вял. роля належыць рэжысёрскаму мастацтву. Сінтэз часавых мастацтваў (паэзія, музыка) ажыццяўляецца ва ўсіх жанрах вак. і вак.-тэатр. музыкі (песня, раманс, опера, кантата і інш.). Сінтэз л-ры і выяўл. мастацтва выяўляецца ў кніжнай графіцы, мастацтве кнігі. Розныя эпохі і перыяды сусв. культуры пакінулі шэдэўры гарманічнага С.м. (напр., спалучэнне архітэктуры і скульптуры грэч. акропаляў і храмаў, скульптуры і размалёвак рым. форумаў і палацаў; напаўненне храмавай прасторы абразамі, фрэскамі, мазаікай, вітражамі і інш.). Ярка С.м. праявіўся ў маст. творах стылю мадэрн. С.м. стаў асновай узнікнення новых відаў мастацтва — інвайрэнмент, перформанс, лэнд-арт, хэпенінг, відэакліп і інш.

Літ.:

Искусство и быт. Вып. 4. Синтез искусств и архитектура общественных зданий. М., 1974;

Салеев В.А. Искусство и его оценка. Мн., 1977;

Взаимодействие и синтез искусств. Л., 1978;

Зись А. Виды искусства. М., 1979;

Массовые виды искусства и современная художественная культура. М., 1986;

Устюгова Е.Н. Стиль как явление культуры. СПб., 1994;

Махлина С.Т. Язык искусства в контексте культуры. СПб., 1995;

Ильин И.П. Постструктурализм. Деконструктивизм. Постмодернизм М., 1996.

В.​А.​Салееў, Я.​Ф.​Шунейка.

т. 14, с. 404

СІ́НТЭЗ МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раздзел механізмаў і машын тэорыі, у якім вывучаюцца метады праектавання кінематычных схем механізмаў па іх зададзеных кінематычных і мех. уласцівасцях. Найб. выкарыстоўваецца метад кінематычнага С.м. — вызначэнне кінематычных схем механізмаў (кулачковых, рычажных, шарнірных і інш.) і іх параметраў, што забяспечваюць неабходныя рухі.

т. 14, с. 404

СІ́НТЭЗ МІНЕРА́ЛАЎ,

штучнае атрыманне мінералаў і монакрышталёў; адзін з раздзелаў эксперымент. мінералогіі. Ажыццяўляецца рознымі метадамі з аднакампанентных і многакампанентных сістэм. Крышталізацыя з расплавунайб. пашыраны працэс прамысл. вырошчвання крышталёў і мінер. злучэнняў: карунд і яго разнавіднасці, рутыл, фабуліт, шпінэлі, флюарыт, александрыт, гранаты і інш. Крышталізацыя з насычаных раствораў адбываецца пры т-рах 30—600 °C — з водных раствораў (гідратэрмальны метад), 600—1400 °C — з солевых і інш. раствораў-расплаваў пры розных цісках (напр., пры сінтэзе алмазаў некалькі гігапаскаляў). Гэтым метадам атрымліваюць кварц (зялёныя і блакітныя крышталі, аметыст, цытрын), кальцыт, берлініт, цынкіт, карунд і яго разнавіднасці, сфалерыт, садаліт, кінавар і інш. Крышталізацыя з паравой (газавай) фазы адбываецца праз кандэнсацыю з малекулярных або плазменных пучкоў, катоднае або высокачастотнае распыленне, сінтэз у замкнёных аб’ёмах або ў патоку інертных газаў. Гэтым метадам вырабляюць галеніт, паратэлурыд і інш. Існуюць таксама метады хім. асаджэння з раствораў (напр., сінтэз апалу), цвердафазных рэакцый з прасаваннем пры высокіх цісках (напр., атрыманне бірузы, жадэіту). Гл. таксама Мінералы штучныя.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 404

СІ́НТЭЗ ХІМІ́ЧНЫ,

мэтанакіраванае атрыманне хім. рэчываў з інш. (звычайна больш простых) рэчываў шляхам іх хім. ператварэнняў. С.х. неарганічных злучэнняў (неарган. сінтэз) і арганічных злучэнняў (арган. сінтэз) з’яўляецца асн. метадам атрымання індывід. хім. рэчываў. Ажыццяўляюць на прамысл. прадпрыемствах (гл. Хімічная прамысловасць) і ў навук. лабараторыях.

Прамысл. многатанажная вытв-сць арган. рэчываў наз. асноўным арганічным сінтэзам, прадуктамі якога з’яўляюцца нізкамалекулярныя злучэнні, у т. л. растваральнікі, манамеры для атрымання высокамалекулярных злучэнняў, фарбавальнікі. Малатанажная вытв-сць складаных арган. злучэнняў (лек. прэпаратаў, вітамінаў, хім. сродкаў аховы раслін і інш.) — тонкі арганічны сінтэз, заснаваны на паслядоўным ажыццяўленні некалькіх (часам дзесяткаў) хім. ператварэнняў (стадый сінтэзу) з вылучэннем і ачысткай прамежкавых рэчываў. Неарган. сінтэзам у прамысл. маштабах атрымліваюць мінер. к-ты (азотную, серную, фосфарную, саляную), асновы (аміяк, гідраксіды), некат. солі металаў. Асн. паказчык рацыянальнасці прамысл. С.х. — найб. эфектыўнасць вытв-сці пры мінім. экалагічнай шкодзе і найменшых сыравінных, энергет., працоўных і фін. затратах. Гэтаму спрыяе ажыццяўленне С.х. ва ўмовах, што прыводзяць да паскарэння рэакцый хімічных, павышэння іх выбіральнасці. Лабараторны С.х. значна ўплывае на развіццё хім навукі, дазваляе атрымліваць новыя злучэнні, з’яўляецца найважн. крытэрыем правільнасці вызначэння будовы прыродных і інш. злучэнняў складанай структуры. У 1828 Ф.​Вёлер ажыццявіў сінтэз арган. рэчыва — мачавіны з неарган. цыяніду амонію, што лічыцца пачаткам арган. сінтэзу. Найб. значныя вехі яго развіцця — сінтэзы воцатнай к-ты (Г.​Кольбе; 1845), камфоры (Компа; 1889), глюкозы (Э.​Фішэр; 1890), трапінону (Р.​Робінсан; 1917), геміну (Г.​Фішэр; 1929), хларафілу (Р.​Вудвард; 1960), гена аланінавай т-РНК (Х.​Карана; 1970), вітаміну B12 (Вудвард; 1971), палітаксіну (І.​Кішы; 1994), брэветаксіну (К.С Нікалау; 1997). У 1960-я г. амер. хімік Э.​Коры распрацаваў прынцыпы планавання сінтэзу злучэнняў складанай структуры — рэтрасінт. аналіз, заснаваны на ўяўным раздзяленні паводле пэўных правіл мэтавай малекулы на больш простыя фрагменты, якім адпавядаюць рэчывы, здольныя пры ўзаемадзеянні прывесці да пабудовы запланаванай малекулярнай структуры. Сучасны стан арган. сінтэзу характарызуецца шырокім выкарыстаннем спектральных (ядзерны магн. рэзананс, інфрачырв. і ультрафіялетавая спектраскапія) і інш. фіз.-хім. метадаў аналізу і раздзялення хім. рэчываў (дыстыляцыя, крышталізацыя, храматаграфія, мембранныя метады раздзялення і інш.), многаварыянтнасцю сінт. метадаў, што робіць асабліва важным выкарыстанне хім. ператварэнняў, якія дазваляюць атрымліваць прадукты з пэўнай прасторавай арыентацыяй атамаў у малекуле з высокай выбіральнасцю.

На Беларусі многатанажны С.х. ажыццяўляецца на прадпрыемствах Наваполацкага вытворчага аб’яднання «Палімір», Магілёўскага вытворчага аб’яднання «Хімвалакно», Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот», на Гомельскім хімічным заводзе. Даследаванні па тонкім арган. сінтэзе праводзяцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі, Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі, БДУ і інш.

Літ.:

Лебедев Н.Н. Химия и технология основного органического и нефтехимического синтеза. 4 изд. М., 1988;

Бочков А.Ф., Смит В.А. Органический синтез. М., 1987;

Руководство по неорганическому синтезу: Пер. с нем. Т. 1—6. М., 1985—86;

Титце Л., Айхер Т. Препаративная органическая химия: Пер. с нем. М., 1999.

А.​Р.​Кулінковіч.

т. 14, с. 404