СІНТАІ́ЗМ (ад яп. сінта літар. — шлях багоў),
нацыянальная рэлігія Японіі, якая склалася на аснове стараж. політэістычных вераванняў жыхароў яп. астравоў не менш як 2000 г. назад. Тэрмін «С.» выкарыстоўваецца з канца 6 — пач. 7 ст. н.э., каб адрозніваць уласна яп. рэліг. традыцыю ад распаўсюджаных у Японіі будызму і канфуцыянства. У С. няма заснавальніка, свяшчэнных кананічных тэкстаў, распрацаванага веравучэння. У яго аснове — вера ў існаванне шматлікіх нябачных божастваў (камі), абагаўленне прыроды, культ. продкаў. Лічыцца, што божастваў-камі існуе каля 8 млн. і яны нябачна жывуць паўсюдна побач з людзьмі. Да іх адносяцца духі рэк, азёр, гор, далін, дрэў, камянёў, боскія продкі яп. народа, божаствы-ахоўнікі асобных мясцовасцей і рамёстваў, душы памерлых імператараў, знакамітых военачальнікаў, пісьменнікаў, вучоных і інш. Сінтаісцкі пантэон узначальвае багіня Сонца, родапачынальніца імператарскага роду Аматэрасу — дачка першай боскай пары Ідзанакі і Ідзанамі (Нябесны Бацька і Зямная Маці), якія стварылі Яп. астравы і ўсіх багоў. Гал. сінтаісцкае свяцілішча — храм Аматэрасу ў г. Ісе. Вернікі не павінны штодзённа наведваць храмы і маліцца багам; дастаткова ўдзельнічаць у гал. святах і рабіць прынашэнні на выкананне некат. рэліг. абрадаў і рытуалаў. Важную ролю ў абраднасці С. адыгрывае рытуал ачышчэння чалавека, які найчасцей зводзіцца да сімвалічнага ачышчэння вадой твару і рук перад уступленнем чалавека ў храм. Перад уваходам у храм знаходзяцца вароты (торыі), якія сімвалізуюць пераход чалавека з паўсядзённай прасторы ў сакральную (свяшчэнную) зону. Людзі ўносяць у храм грашовыя ахвяраванні, ускладаюць для камі ахвярапрынашэнні (звычайна ў выглядзе страў, напіткаў) і ўзносяць да камі маўклівую малітву; набываюць там разнастайныя амулеты і талісманы. Асн. змест малітваў у С. — просьба да камі пра дапамогу, абарону ці выяўленне ўдзячнасці. Звычайна абрады, звязаныя з нараджэннем і шлюбам, праводзяцца ў адпаведнасці з сінтаісцкім рытуалам, а пахавальныя — з будысцкім. Важную ролю ў С. адыгрываюць святы ўраджаю, сустрэчы Новага года, святкаванні, прысвечаныя камі-ахоўнікам пэўных родаў і тэрыторый; ушаноўваюцца таксама імператар і яго боскія продкі. Часам японцы робяць паломніцтва да свяшчэнных гор, вадаспадаў і там выконваюць адпаведныя рэліг. рытуалы. У Японіі больш за 80 тыс. сінтаісцкіх свяцілішчаў. Памаліцца божаствам і прынесці ім сімвалічныя ахвяры можна і перад хатнім алтаром (камідана). Свяшчэннаслужыцелямі могуць быць і мужчыны, і жанчыны. У студз. 1946 выдадзены імператарскі эдыкт, паводле якога імператар адракаўся ад свайго боскага паходжання і абвяшчаў, што адносіны паміж тронам і народам трымаюцца выключна на ўзаемных даверы і любові. Існуе таксама сектанцкі С. (больш за 10 сектаў).
Літ.:
Светлов Г.Е. Путь богов: (синто в истории Японии). М., 1985;
Синтоизм и конфуцианство. М., 1994;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ. М., 1996. Т. 2. С. 491—610;
Народы и религии мира: Энцикл. М., 1999;
Накорчевский А.А. Синто. СПб., 2000;
Japan: Profile of a Nation. Tokyo etc., 1994.
Э.С.Дубянецкі.
т. 14, с. 402