СІ́НТАКСІС (ад грэч. syntaxis пабудова, парадак),

1) уласцівыя пэўнай мове спосабы спалучэння форм слоў у словазлучэнні і сказы, простых сказаў у складаныя, а таксама значэнні, функцыі і тыпы словазлучэнняў і сказаў.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці пабудовы сказаў і моўныя катэгорыі, звязаныя са сказам. Аб’ект сінтакс. вывучэння і апісання — працэс і вынікі моўнай намінацыі сітуацый з мэтай зносін. Асн. катэгорыі С. — слова (словаформа), словазлучэнне, сказ, выказванне, сінтакс. сувязі. Найважнейшая ў С. катэгорыя — прэдыкатыўнасць, а таксама інтанацыя выказвання. Аб’ект С. шматгранны, таму ў межах сінтакс. вывучэння мовы суіснуюць розныя кірункі: С. часцін мовы і членаў сказа, С. словазлучэння і сказа, С. актуальнага члянення і тэксту, С. мадэляў сказа і іх парадыгматыкі і інш. Найб. значныя і актуальныя кірункі С.: статычны вызначае ўласцівыя пэўнай мове сукупнасці сінтакс. структур, г.зн. тыпаў словазлучэнняў (адзінак непрэдыкатыўных) і сказаў (адзінак прэдыкатыўных), а таксама іх агульных значэнняў; дынамічны (камунікатыўны) вывучае суадносіны і выкарыстанне сінтакс. структуры ў маўленчай дзейнасці, працэсы (перабудова сінтакс. сувязей, вызначэнне парадку слоў, акрэсленне інтанацыі, афармленне актуальнага члянення і г.д.), што суправаджаюць пераўтварэнне сказа як адзінкі моўнай сістэмы ў выказванне — адзінку маўлення; функцыянальна-семантычны накіраваны на высвятленне ўзаемадзеяння семантыкі і функцыі моўных адзінак у выказванні. Істотнымі кірункамі даследавання і апісання мовы і маўлення з’яўляюцца таксама С. тэксту, стылістычны С., гіст. С. і інш.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)